Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 23

Вайна з Напалеонам завяршылася агульнаеўрапейскай канферэнцыяй, вядомай як Венскі кангрэс. Пераможцы, сярод якіх найбольш уплывовай фігурай лічыўся расійскі імператар Аляксандр I, зноў пачалі крамсаць карту Еўропы. Расія ў гэтым “балі драпежнікаў” паводзіла сябе стрымана, а таму атрымала ў якасці кампенсацыі за панесеныя ў вайне страты толькі тэрыторыю былога герцагства Варшаўскага. Такім чынам адбыўся чацвёрты падзел Рэчы Паспалітай, а Польшча амаль цалкам апынулася пад уладай расійскага самадзержца.

Жыццё пад прымусам

На далучаных тэрыторыях Аляксандр I абвясціў аб стварэнні Царства Польскага, якому, як і было дамоўлена пры падпісанні Венскай канвенцыі, даравалася аўтаномія з правам мець уласную канстытуцыю. У сувязі з гэтым 6 чэрвеня 1815 года тытул расійскага імператара быў дапоўнены словамі “Цар Польскі” (Król Polski), што надзяляла яго шырокімі ўладнымі паўнамоцтвамі на далучанай тэрыторыі. Канстытуцыя стваралася пад кіраўніцтвам князя Адама Ежы Чартарыйскага, але рэдагаваў яе асабіста Аляксандр I.

У дакуменце падкрэслівалася, што Царства Польскае будуе свае адносіны з Расійскай імперыяй на правах асабістай уніі. Такім чынам, прыняўшы гэты канстытуцыйны акт, палякі добраахвотна прызналі сваю залежнасць ад Расіі. Але ніхто на першым часе асабліва не пярэчыў такому развіццю падзей, бо было відавочна, што прапанаваны варыянт аўтаноміі быў не самы горшы пасля ўсяго перажытага.

Большасць насельніцтва пазітыўна ўспрыняла дараваную канстытуцыю, бо яна давала ім права на ўласныя органы кіравання, сваю сістэму падаткаабкладання, фінансаў і судоў. Палякам дазвалялася свабодна ўжываць родную мову і без абмежаванняў выконваць каталіцкія набажэнствы.

На тэрыторыі Царства Польскага абвяшчалася свабода слова і друку, дзейнічала выключнае права для мясцовага насельніцтва займаць дзяржаўныя пасады, а галоўнае — гарантавалася недатыкальнасць асобы. Апошняе асабліва віталася, бо пануючае саслоўе чакала, што пачнецца расправа над тымі, хто падтрымаў Напалеона і пайшоў са зброяй на Расійскую імперыю. Але нічога падобнага не адбылося. Адзінае, Аляксандр I запатрабаваў ад жыхароў Царства Польскага прыняць прысягу на вернасць новай уладзе. Напружанне ў грамадстве паступова спадала.

Больш таго, палякам дазволілі трымаць уласную армію, касцяк якой стварылі ветэраны напалеонаўскіх войнаў. Яе ўзначаліў родны брат Аляксандра I вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. З цягам часу ён парадніўся з гэтым краем і нават узяў шлюб з польскай шляхцянкай Жанетай Грудзінскай. Намеснікам расійскага імператара ў Царстве Польскім быў прызначаны Юзаф Заёнчак, чалавек аўтарытэтны, сябра Тадэвуша Касцюшкі і былы ўдзельнік паўстання 1794 года. Памылкі маладосці былі дараваны старому генералу і ён зноў аказаўся пры справах. Камісарам у Адміністрацыйным савеце стаў вопытны дыпламат граф Мікалай Навасільцаў. Яны і кіравалі новым дзяржаўным утварэннем, а сам імператар наведваўся ў той бок даволі рэдка.

Іншая сітуацыя была ў заходніх губернях. Гэтая тэрыторыя і яе жыхары панеслі найбольшыя ахвяры ў вайне, як матэрыяльныя, так і чалавечыя. Адразу ж пасля выгнання захопнікаў за межы імперыі галоўнакамандуючы расійскай арміяй Міхаіл Кутузаў прапанаваў Аляксандру I канфіскаваць маёнткі тых, хто супрацоўнічаў з Напалеонам, і перадаць іх рускім генералам. Але расійскі імператар не пайшоў на такі крок.

У снежні 1812 года ён выдаў маніфест, у якім аб’вясціў амністыю для жыхароў заходніх губерняў, што прымалі ўдзел у вайне на баку Напалеона. Адзінай умовай для іх было вяртанне на радзіму на працягу двух месяцаў. Маёмасць жа тых, хто застаўся за мяжою і працягваў служыць у напалеонаўскай арміі (каля 200 прадстаўнікоў шляхты), падлягала канфіскацыі. Большасць з іх адправіліся з Напалеонам у першую высылку на востраў Эльба. Тады яны складалі амаль палову ганаровай “Эльбаўскай арміі”. Але амаль усіх іх чакала гібель на палях бітваў.

Калі армія Напалеона канчаткова была разгромлена ў “бітве народаў” пад Ватэрлоа,  Аляксандр I выдаў другі маніфест, у якім абвясціў аб усеагульнай і безумоўнай амністыі. Недарэмна за ім замацаваўся эпітэт “Благаславенны”.

Велікадушнасць манарха была па заслугах ацэнена беларуска-ліцвінскай шляхтай, асабліва яе заможнай часткай. Каб захаваць сваю маёмасць, яна чарговы раз пацвердзіла, што не стане надалей бунтаваць супраць расійскіх парадкаў. І сапраўды, большасць памешчыкаў рымска-каталіцкай веры супакоіліся і не спрабавалі адкрыта выступаць супраць расійскай улады.

Але заставалася дробнапамесная шляхта, якая згубіла свае прывілеі. Колішняя супольнасць “народ шляхецкі”, якая аб’ядноўвала як польскае, так і беларуска-ліцвінскае высакароднае саслоўе ў Рэчы Паспалітай, у новых умовах пачала праяўляць вузканацыяналістычны эгаізм і разыходзіцца па розныя бакі.

Беларуска-ліцвінская шляхта, як найбольш адукаваная і прагрэсіўная частка насельніцтва заходніх губерняў, першай ідэнтыфікавала сябе ў якасці прадстаўнікоў самастойнай нацыі. Гэта была новая з’ява ў грамадскім жыцці заходніх губерняў. А нараджалася такое вальнадумства ў Віленскім універсітэце, адкрытым у 1803 годзе.  

Трэба адзначыць, што прывілеяванае саслоўе на былых велікакняжацкіх землях было раней інтэгравана ў еўрапейскую супольнасць, а таму па сваёй культуры і адукаванасці стаяла вышэй за расійскае дваранства. Адміністрацыя заходніх губерняў рабіла спробу знайсці прымяненне іх здольнасцям на дзяржаўнай службе, аднак гэтыя намаганні ў большасці выпадкаў аказваліся беспаспяховымі. Па-першае, шляхта не жадала скарацца той уладзе, якая пазбавіла іх звыклага жыцця, а па-другое, яна ніколі не займалася такой дзейнасцю і лічыла яе ніжэйшай за свой гонар.

Карта з набору геаграфічных карт Расійскай імперыі.  1856 г.

Тым не менш шляхецкая моладзь асвойвала такія культурныя і адукацыйныя цэнтры Расійскай імперыі, як Пецярбург і Масква. Заканчваючы там прэстыжныя навучальныя ўстановы, выхадцы нават з незаможных сем’яў паспяхова авалодвалі ведамі і маглі праявіць свае здольнасці ў розных галінах навукі і мастацтва.

Знаходжанне ў асяродку расійскага студэнцтва таксама ўплывала на фарміраванне самасвядомасці маладых шляхціцаў, бо і там пачала выспяваць незадаволенасць царскім рэжымам.

Палітыка, якую ў пасляваенныя гады праводзіў Аляксандр I, адрознівалася няўпэўненасцю. Паводле яго прызнання, прычынай такога настрою стала мінулая вайна. Уражлівы ад прыроды, ён атрымаў псіхалагічную траўму ад нападу напалеонаўскіх войскаў на яго дзяржаву. Нашэсце французаў і пажар у Маскве сталі для яго падставай для пакутлівага роздуму. Імператар зрабіў выснову, што ўсе выправабаванні з’яўляюцца праявай Боскай кары за яго грэх перад забітым бацькам.

І нават пасля паспяховага заканчэння ваеннай кампаніі гэтае пачуццё віны доўга не адпускала Аляксандра I. Ён пачаў шукаць уратаванне ў рэлігіі, звяртаўся да містыкі. Усё гэта не магло не паўплываць на яго дзяржаўную дзейнасць. Губляючы цікавасць да сваіх прамых абавязкаў, Аляксандр I усё часцей перадаваў уласныя паўнамоцтвы графу Аляксею Аракчэеву, які меў жорсткі і патрабавальны характар. Такая супярэчнасць у поглядах двух палітыкаў уплывала на сітуацыю ў расійскім грамадстве.