Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 24

Усе сацыяльна-эканамічныя працэсы  ў заходніх губернях пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да пэўнага часу не закраналі жыхароў Койданаўшчыны. Ранейшае староства, якое з канца XVIII стагоддзя па дакументах пачало звацца графствам, з’яўлялася часткай ардынацыі аднаго з самых уплывовых магнацкіх родаў — нясвіжскіх Радзівілаў. Іх расійскія ўлады асабліва не чапалі, а таму на сваіх незлічоных латыфундыях яны прытрымліваліся ранейшых парадкаў.

Ад “нойбургскіх маёнткаў” да Нясвіжскай ардынацыі

Яшчэ ў 1589 годзе Мікалай Крыштоф (Сіротка), Альбрыхт і Станіслаў Радзівілы, па ўзгадненню з каралём Стэфанам Баторыем, утварылі тры ардынацыі. Так называліся вотчынныя землі, якія павінны былі заставацца ў пажыццёвым валоданні з правам пераходу ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі. Багуслаў Радзівіл парушыў гэтую дамоўленасць, перадаўшы землі дачцэ. Пасля яе дынастычнага шлюбу з Філіпам Нойбургскім, пфальцграфам невялікага курфюрства ў Баварыі, гэтая маёмасць стала лічыцца замежнай тэрыторыяй, на беларуска-літоўскіх землях утварыліся так званыя “нойбургскія маёнткі”. У іх склад уваходзіла і Койданаўшчына.

Пасля смерці ў 1742 годзе галоўнага апекуна гэтых уладанняў Філіпа Нойбургскага нясвіжскія Радзівілы пачалі аспрэчваць свае правы на “нойбургскія маёнткі”. Пасля працяглых перамоў замежныя ўладальнікі пагадзіліся ўступіць іх Гераніму Фларыяну Радзівілу, абавязаўшы таго заплаціць у  якасці кампенсацыі 230 тысяч дукатаў курфюрсту-пфальцграфу рэйнскаму Карлу Тэадору і адзін мільён злотых прускаму каралю Фрыдрыху ІІ за тэрытарыяльны перадзел яго ўладанняў.


Так частка замежнай дзяржавы ў цэнтры беларускіх зямель спыніла сваё існаванне, а Койданаўшчына з 1744 года была ўключана ў Нясвіжскую ардынацыю Радзівілаў.


Дынастычны крызіс

У 1762 годзе X ардынатам нясвіжскіх маёнткаў стаў Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку. Ён хаця і быў ахвочы да супрацьлеглага полу і нават двойчы браў шлюб, але нашчадкаў па мужчынскай лініі пасля сябе так і не пакінуў. Надзея была на зводнага брата, Гераніма Вінцэнта, ардыната клецкага, які нарадзіўся ад другога шлюбу бацькі з Ганнай Луізай Мыцельскай.

Калі ў 17-гадовым узросце Геранім Вінцэнт разам з яго старэйшым братам Пане Каханку вандравалі па Еўропе, яны наведалі заможную сям’ю Турн-і-Таксіс — прускіх арыстакратаў новай хвалі, якія набылі багацце за кошт развіцця паслуг паштовай сувязі. Падчас знаходжання ў гасцях малодшы Радзівіл пазнаёміўся з Соф’яй Фрэдэрыкай Даратэяй, дачкой гаспадара дома. Паміж імі ўзнікла каханне. Пажаніўшыся, маладая пара пасялілася ў Клецку, але сумеснае жыццё ў іх не заладзілася амаль з самага пачатку. Аднак на свет з’явіўся іх агульны нашчадак, якому пры хрышчэнні далі імя Дамінік Геранім Караль.

У гэты час раптоўна захварэў Геранім Вінцэнт і праз паўтара месяца пасля нараджэння хлопчыка памёр.


Атрымалася так, што і Нясвіжская, і Клецкая ардынацыі маглі застацца без ардыната. А гэта ўвогуле тэрыторыя сярэдняй па памерах заходнееўрапейскай краіны.


Толькі некалькі месяцаў пабыла Соф’я Фрэдэрыка Даратэя каля немаўляці, а потым пачала шукаць сабе новых палюбоўных прыгод. Апеку над пляменнікам узяў на сябе Пане Каханку. У мужчынскай лініі Радзівілаў захавалася кволая надзея на працяг роду. Як кажуць, хоць якая, але не чужая кроў. Калі хлопчыку было чатыры гады, не стала і самога нясвіжскага ардыната. Паводле тэстамента Пане Каханку ўсе ўладанні ардынацыі былі перапісаны на Дамініка. Каб атрымаць спадчыну дзядзькі, яму давялося чакаць чатырнаццаць гадоў.

Улюбёнец лёсу

Дамінік Геранім Радзівіл

Апошні прадстаўнік нясвіжскіх Радзівілаў па мужчынскай лініі жыў у эпоху палітычных узрушэнняў, калі адбыліся другі (1793) і трэці (1795)  падзелы Рэчы Паспалітай, а некалі моцная дзяржава ў цэнтры Еўропы спыніла сваё існаванне. Не дапамагло выйсці з крызісу і паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (1794). Гэтыя падзеі наклалі глыбокі  адбітак на фарміраванне светапогляду маладога князя. Дзяцінства Дамініка прайшло пад апекай Мацея Радзівіла, які з’яўляўся  далёкім сваяком хлопчыку.


Яго настаўнікам у пяцігадовым узросце стаў вядомы ў той час паэт Францішак Карпінскі. Хлопчык прывязаўся да свайго выхавальніка, які не толькі стараўся адукаваць вучня, але і праяўляў да яго сапраўдны бацькоўскі клопат. А маці, між тым, завяла сабе новага палюбоўніка і разам з ім збегла за мяжу.


Аднак за ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі  Мацея Радзівіла  пазбавілі ўсіх правоў, апякунства над Дамінікам перайшло да ваяводы віленскага Міхала Радзівіла.

Пасля смерці Соф’і Фрэдэрыкі Даратэі ў 1800 годзе прадстаўнікі трох дзяржаў — Прусіі, Аўстрыі і Расіі, на тэрыторыі якіх, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай,  апынуліся шматлікія зямельныя ўладанні будучага XI нясвіжскага ардыната, вырашалі праблему кіравання. Асаблівую заклапочанасць пра лёс маладога князя праявіў расійскі імператар Аляксандр I, бо яго маці, прынцэса Вюртэнбергская, таксама паходзіла з сям’і Турн-і-Таксісаў, а таму лічылася далёкай раднёй Дамініка.

У 1804 годзе юнаку споўнілася 18 гадоў. Пасля дасягненні паўналецця, як і патрабаваў закон, ён быў прадстаўлены літоўскаму генерал-губернатару, каб прысягнуць на вернасць расійскаму імператару. Пасля гэтага малады князь накіроўваецца ў Санкт-Пецярбург. Яго цёпла прымаюць у палацы манарха.


Аляксандр I абвяшчае Дамініка XI нясвіжскім ардынатарам і перадае яму ва ўладанне значныя зямельныя тэрыторыі з насельніцтвам болей чым 120 тысяч душ. Яго прыватнай уласнасцю стаў і Койданаў.


Апрача таго, яго набліжаюць да імператарскага двара з прысваеннем чыну камергера. Здавалася б, Дамініка чакала бліскучая будучыня, але для сябе ён абраў іншы шлях.

У 1805 годзе Дамінік, ужо ў якасці законнага гаспадара, прыехаў у Нясвіж. У гэты час яго сябрам стаў Юзаф Панятоўскі, пляменнік апошняга караля Рэчы Паспалітай. Яны лічыліся прадстаўнікамі так званай “залатой моладзі” і бестурботна бавілі час за картамі і іншымі забавамі. Адпаведна, у князя ўтварыліся шматмільённыя даўгі. Да таго ж Дамінік нечакана стаў праяўляць цікавасць да сваёй кузіны Тэафіліі Мараўскай, якая жыла ў маёнтку маці недалёка ад Нясвіжа. У 15 гадоў гэтая юная асоба выйшла замуж за Юзафа Старжынскага, але са з’яўленнем Дамініка стала адкрыта адказваць узаемнасцю на яго заляцанні.

Тэафілія Мараўская

Справа набывала непажаданы абарот. Каб пазбегнуць скандалу і перашкодзіць сяброўству з Панятоўскім, занепакоеная радня вырашыла ажаніць маладога князя з графіняй Мнішак. Іх шлюб адбыўся 3 лютага 1807 года.


Падчас вясельнага застолля Дамінік падняўся з-за стала і выйшаў з пакоя. Услед за ім знікла і Тэафілія Мараўская. Нявеста і госці не надалі гэтаму значэння, а калі пачалі іх шукаць, уцекачы пераадолелі ўжо значную адлегласць у кірунку Аўстрыі.


Там яны і знайшлі часовы прытулак. А праз год, якраз 29 лютага, у іх нарадзіўся першынец, якога назвалі Аляксандрам. Народжаны па-за шлюбам, хлопчык быў аб’яўлены бастардам, і яго не  прызналі ў грамадстве. Каб у будучым мець законных нашчадкаў, нясвіжскі ардынатар вяртаецца дадому і пачынае працэдуру разводу. Яна абышлася Радзівілу ў 2 мільёны злотых, затое Дамінік і Тэафілія сталі свабоднымі ад усіх абавязкаў і змаглі нарэшце ўзяць законны шлюб. Іх вянчанне адбылося 15 сакавіка 1809 года ў Мінску. У тым жа годзе ў іх нарадзілася дачка Стэфанія.

Віктар УРАНАЎ