Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 25

Здавалася б, шлюб па каханню з Тэафіліяй Мараўскай і нараджэнне дзетак адкрывалі перад Дамінікам Радзівілам новыя перспектывы спакойнага і заможнага жыцця. Але ў гэты момант малады князь уцягваецца ў змоўніцкую дзейнасць па адраджэнні былой Рэчы Паспалітай.

Калі ідэя вышэй за дабрабыт

Ідэя барацьбы  за незалежнасць былой польска-літоўскай дзяржавы канчаткова сфарміравалася ў Дамініка Радзівіла, калі ён, знаходзячыся разам са сваёю паненкай ва ўцёках за мяжою, сустрэўся там з Юзафам Панятоўскім. На той час яго сябра па юнацкіх забавах займаў пасаду ваеннага міністра Вялікага герцагства Варшаўскага і актыўна агітаваў шляхту папаўняць шэрагі вайсковых фарміраванняў, каб потым узмацніць імі армію французскага імператара і пайсці разам вайною супраць Расіі. Пад уплывам гэтай ідэі Дамінік таксама далучыўся да змоўшчыкаў. Аднак адкрыта праяўляць свае патрыятычныя памкненні не мог, бо знаходзіўся пад наглядам, таму дапамагаў грашыма. Такія выдаткі яшчэ больш пагоршылі яго фінансавае становішча. Князю нават давялося прадаць графу Тышкевічу маёнтак у Біржах за 2820 тысяч злотых, але ён так і не змог разлічыцца з крэдыторамі.

Гэтыя патаемныя фінансавыя аперацыі не засталіся па-за ўвагай Аляксандра I, якому далажылі пра іх сапраўдны сэнс. Імператар загадаў мінскаму губернатару ўзяць усе маёнткі свайго камергера пад казённае кіраванне. Але гэтыя меры не маглі карэнным чынам змяніць сітуацыю. Сваё месца ў жыцці Дамінік ужо знайшоў.

Калі Напалеон перайшоў межы Расійскай імперыі, малады Радзівіл адразу ж далучыўся да яго арміі. Ён быў прызначаны камандзірам 8-га палка ўланаў, які, дарэчы, стварыў на ўласныя сродкі. На чале гэтага вайсковага злучэння французы дазволілі яму першым увайсці ў былую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага — горад Вільню. Разам са сваімі вершнікамі Дамінік удзельнічаў ва ўсіх значных бітвах Айчыннай вайны 1812 года. Палкаводчым талентам ён не адрозніваўся, але сярод французаў яго паважалі за мужнасць і адданасць ідэі, за якую ён змагаўся. Напалеон нават прысвоіў князю чын палкоўніка і прызначыў сваім ад’ютантам.

Існуюць меркаванні, што менавіта Дамінік дапамог французскаму імператару пазбегнуць палону, калі яго армія бясслаўна перапраўлялася цераз Бярэзіну каля вёскі Студзёнка.

І ў апошніх бітвах ад’ютант не пакінуў Напалеона. Як сапраўдны воін, ён загінуў у бітве пры Ганау 30 кастрычніка 1813 года. Яму было тады 27 гадоў. Так завяршылася прамая мужчынская лінія нясвіжскіх ардынатаў.

 Распад імперыі Радзівілаў

Маладая ўдава Дамініка не надта смуткавала па мужу. Праз чатыры месяцы яна ўжо мела ў палюбоўніках флігель-ад’ютанта расійскага імператара Артура Патоцкага, а потым заваявала сэрца генерал-ад’ютанта Аляксандра Чарнышова. Аднак асабістае жыццё ў іх не склалася. Пасля разводу Тэафілія захапілася маладым афіцэрам Сяргеем Безабразавым, але той не адказваў узаемнасцю на заляцанні палюбоўніцы, дарэчы, старэйшай за яго на 10 год. Рэўнасць падарвала здароўе княгіні, і ў 1828 годзе яна памерла.

Народжаная ў законным шлюбе Стэфанія хаця і атрымала княжацкі тытул, але не магла прэтэндаваць на Нясвіж, бо ардынатарамі прызначаліся толькі нашчадкі па мужчынскай лініі. Аляксандр, пазашлюбны сын Дамініка і Тэафіліі Мараўскай, так і не быў прызнаны расійскімі ўладамі, а таму ў вельмі сціплых умовах працягваў жыць у Аўстрыі. Пяцігадовую сірату Стэфанію ўзяла да сябе на выхаванне імператрыца-маці Марыя Фёдараўна, якая даводзілася ёй траюраднай бабкай. Яна дапамагла дзяўчынцы стаць навучэнкай Екацярынінскага інстытута. Дачка Дамініка вырасла прыгожай і адукаванай.

У адрозненне ад іншай шляхты, што прымала ўдзел у вайне 1812 года на баку Напалеона, Аляксандр I так і не дараваў Дамініку яго здраду. Усе яго маёнткі былі секвестраваны і перададзены ва ўласнасць дзяржаўнай казны.

Не ўяўляючы, што рабіць з такой колькасцю зямель, расійскі імператар даў дазвол на іх продаж. Ахвотнікі набыць новую ўласнасць знайшліся адразу. Адным з першых на Койданаўшчыне скарыстаў такую магчымасць станькаўскі граф фон Гутэн-Чапскі, далучыўшы да сваіх уладанняў негарэльскія і дабрынёўскія землі.

Набыў засценак Татаршчына буйны землеўласнік з Сулы Міхаіл Ленскі. Свой капітал ён стварыў, працуючы распарадчыкам на Мінскім крухмальна-патачным прадпрыемстве, вядомым сёння як лікёра-гарэлачны завод “Крышталь”. У Татаршчыне новы гаспадар пабудаваў летнюю рэзідэнцыю. Побач быў сфарміраваны сядзібна-паркавы ансамбль з рэдкіх парод дрэў. Да нашага часу амаль нічога ад былой сядзібы Ленскага не засталося. На Койданаўшчыне Ленскія валодалі таксама маёнткам Старынкі.

У 1821 годзе набыў фальварак Дзягільна з засценкам Садкаўшчына былы служачы Нясвіжскага ардыната Міхал Янушкевіч. Дзякуючы гэтай сям’і атрымаў сваё развіццё адзін з самых старажытных населеных пунктаў на Койданаўшчыне. Ад маёнтка да нашых дзён дайшла толькі частка гаспадарчых пабудоў.

З другой паловы XVIII стагоддзя, з дазволу Радзівілаў, Вялікімі Навасёлкамі валодаў род Кастравіцкіх. Яны паспяхова вялі гаспадарку, а калі прыйшоў дазвол на продаж Радзівілавых латыфундый, набылі дадатковыя землі вакол вёсак Малыя Навасёлкі, Ярашоўка, Бобраўка, Чапля, Розаўка, Ясюцевічы, Каменка, Беглічы, Флерантынава. Замест ранейшай драўлянай сядзібы Кастравіцкія пабудавалі цагляны двухпавярховы палац. Многае з таго, што паспелі зрабіць Кастравіцкія, захавалася да нашых дзён.

З секвестраваных Радзівілавых уладанняў выкупіў маёнтак Рудзіцу маршалак Мінскага павета Леапольд Тадэвушавіч Дыбоўскі. Пазней паяднаныя шляхецкія роды Дыбоўскіх і Яленскіх пашырылі свае землі за кошт фальваркаў Пяняка, Лучыцы, Страчаны, Паўлаўшчына, Масцішча, Рэпішча, Бараўцы, Бакінава. Час не пакінуў слядоў гаспадарання Тышкевічаў — Яленскіх. Аб тым перыядзе сведчыць толькі капліца, якая стаіць на ўзгорку пры павароце на Баравое.

Прыкладна ў гэты перыяд набыў маёнтак Волму мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства Апалінары Ваньковіч. Яго сын Леў Апалінаравіч Ваньковіч заснаваў на беразе ракі Волма (Валмянка) сядзібу і архітэктурна-паркавы комплекс. Пабудовы XIX стагоддзя захаваліся да нашых дзён, гэта помнік архітэктуры эпохі класіцызму і садова-паркавага мастацтва.

Так на землях Койданаўскага графства пачаў фарміравацца новы тып гаспадарчых адносін, дзе галоўную ролю адыгрывала дваранства рымска-каталіцкага веравызнання.

Побач з імі дзясяткамі множыліся дробнапамесныя землеўласнікі, якія выкуплялі невялікія надзелы зямлі з надзеяй пазбегнуць дзеяння закона аб “Разборы шляхты” і, такім чынам, застацца ў ліку прывілеяванага саслоўя. Але тыя, хто не змог сабраць дастатковай сумы грошай, каб выкупіць свае чыншавыя і арандаваныя надзелы, пераходзілі ў разрад сялянства. Гэты сацыяльны працэс праходзіў дастаткова балюча і ў XIX стагоддзі двойчы прыводзіў да шляхецкіх паўстанняў.

У 1825 годзе, у дастаткова маладым узросце, раптоўна пайшоў з жыцця Аляксандр I. На расійскі прастол быў каранаваны яго малодшы брат Мікалай I. Яму і давялося канчаткова вырашаць лёс Стэфаніі Радзівіл. У 1828 годзе яе выдалі замуж за флігель-ад’ютанта Льва Вітгенштэйна, сына фельдмаршала Пятра Хрыстафоравіча Вітгенштэйна. Тады ж паўстала пытанне пра спадчыну бацькі.

Стэфанія Радзівіл у шлюбным уборы

У якасці шлюбнага пасагу расійскі імператар падараваў Стэфаніі тую частку зямель, якія некалі ўтваралі так званыя “нойбургскія маёнткі”. Такім чынам, маладая пара Вітгенштэйнаў атрымала значную зямельную ўласнасць, у тым ліку і Койданаў.

Гаспадарылі яны на гэтых землях зусім мала. Стэфанія захварэла на сухоты і пайшла з жыцця ў 23 гады. Ад шлюбу ў іх засталіся сын і дачка, але яны ўжо былі Вітгенштэйнамі. Іх бацька хутка пачаў збываць за даўгі жончыну маёмасць. У якасці адкупных ён заплаціў 300 тысяч рублёў яе брату Аляксандру, які заснаваў галіцкую лінію Радзівілаў.