Воскресенье, 29 ноябряДзержинский район: новости - афиша - реклама
Shadow

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 4

Пасля пышнай цырымоніі пахавання Вітаўта, які не пакінуў пасля сябе нашчадкаў па мужчынскай лініі, адразу ж востра паўстала пытанне аб пераемніку на вялікакняжацкі трон. Састарэлы Ягайла выношваў ідэю аб далучэнні Вялікага Княства Літоўскага да Польскай Кароны, але ён ужо дрэнна кантраляваў сітуацыю. У барацьбу за перадзел улады ўступілі малодшыя з нашчадкаў Альгерда і Кейстута. Узброенае супрацьстаянне паміж імі ўцягнула краіну ў працяглую грамадзянскую вайну, якая доўжылася з 1432 па 1438 гады і ахапіла значную тэрыторыю Беларусі, Украіны і Літвы.

                                      Свідрыгайла

         Як гістарычная асоба гэты чалавек не аставіў аб сабе ніякіх яркіх успамінаў, апрача таго, што ўсё свядомае жыццё прагнуў да ўлады. Хаця для краязнаўства раёна ён выклікае пэўную цікавасць, бо менавіта з яго пачынаецца летапісны перыяд на Койданашўчыне. Адзін з першых гітстарычных дакументаў, які дайшоў да нашага часу, сведчыць, што Свідрыгайла, сын Альгерда і Іўліаніі Цвярской, атрымаў дараванай граматай 1387 года на Беларусі вялікія землі ад свайго старэйшага брата Ягайлы. У іх лік увайшлі Бабруйск, Рэчыца, Прапойск, Любашаны, Ігумен, Лагойск, Койданаў і іншыя гарады і сёлы «с людми и со усе доходы».

Аднак становішча хоць і заможнага, але ўдзельнага князя Свідрыгайлу не задавальняла, бо яму здавалася, што ён здольны на большае. У барацьбе за ўладу гэты схільны да авантур пястун лёсу з выдатнай радаслоўнай бясконца плёў інтрыгі супраць сваіх братоў Ягайлы і Вітаўта, шукаючы ў барацьбе з імі дапамогі ў крыжакоў, венграў, маскавітаў і, нават, татараў. Такі няспынны рух не дазволяў яму затрымацца на адным месцы, каб дзе-небудзь пусціць глыбокія карані.  Але, бадзяючыся па свеце, Свідрыгайла набыў нямала сябрукоў і паплечнікаў, якія так і не разгледзялі ў яго характары двурушніцтва і махлярства. Кагосці ён купіў сваёю прыхільнасцю да праваслаўя, хаця сам быў католікам, а каго – шчодрасцю і гасціннасцю.

А вось як гэту постаць ахарактэрызаваў польскі гісторык Ян Длугаш: “Свідрыгайла любіў п’янстваваць і забаўляцца, натуру меў велікадушную, але зменчывую і парывістую, розумам і здольнасцю не вызначаўся, не было ў ім разважлівасці ды павагі, часта паддаваўся шалёнаму гневу, настрой мяняўся ў яго пад падувам ветру, бо ў ім вечна змагаліся розныя і супраціўныя пачуцці”. Не выпадкова, што Вітаўт, якому абрыдзела назіраць такое вераломства, на доўгія гады кінуў свайго стрыечнага брата  ў вязніцу. З няволі Свідрыгайлу  вызвалілі яго сябрукі, князі Даніла Астрожскі і Аляксандр Нос, якія бачылі ў ім пераемніка Вітаўта, чалавека, які здолеў бы ўзначаліць рух праваслаўных феадалаў супраць уніі з Польшчай. І сапрўды, пры падрымцы сваіх аднадумцаў, якія з’ехаліся на пахаванне былога вялікага князя, Свідрыгайла амаль што сілаю прынудзіў польскага караля пагадзіцца на яго прызначэнне на вялікакняжацкі пасад.

                            Жыгімонт

         З прыходам да ўлады новага вялікага князя феадалы-католікі у ВКЛ адразу ж страцілі сваю ўплывовасць. Сярод іх з’явілася шмат незадаволенных, якія былі нязгодны з праводзімай у краіне палітыкай. Скарыстаўшы такі настрой, Ягайла ў 1432 годзе збірае вялікі сойм у Сандаміры і абвяшчае вялікім князем літоўскім Жыгімонта Кейстутавіча, малодшага брата Вітаўта. Адразу ж пасля таго, у Ашмянах прадстаўнікі апазіцыі здзейснілі замах на жыццё Свідрыгайлы, але своечасова папярэджаны, ён змог уцячы. Гэтыя падзеі ўскалыхнула грамадства і падзялілі яго на дзве часткі, якія пачалі рыхтавацца да рашучых дзеянняў.

         На дапамогу Жыгімонт выклікае з Мазовіі свайго сына Міхаіла, каб той узначаліў яго войскі. “На кармленне” яму бацька падараваў шматлікія землі.  Міхаіл Жыгімонтавіч, які да таго часу размяняў пяты дзесятак гадоў, але якога па-ранейшаму звалі Міхайлушкай, ніколі не меў уласнага жылля. Цікава, што месцам свайго пастаяннага жыхарства ён абраў менавіта Койданаў. На Акопішчы новы гаспадар загадаў пабудаваць замак, а побач – заснаваць касцёл Святой Ганны, які пачаў дзейнічаць з 1439 года. Такім чынам паселішчу быў дадзены новы штуршок для развіцця, і ён заняў устойлівае месца, як гаспадарчы і духоўны цэнтр мясцовасці.

         А ў Вялікім Княстве Літоўскім разгаралася полымя грамадзянскай вайны. Рашучая бітва проціборствуючых бакоў адбылася 1 верасня 1434 года пад Вількамірам, дзе аб’яднаныя войскі пад камандаваннем Міхайлушкі разбілі кааліцыйныя сілы Свідрыгайлы з удзелам 25 рускіх князёў, ардынцаў і лівонскіх рыцараў. У гэтым пабоішчы склалі галовы многія прыхільнікі Свідрыгайлы, а сам ён уцёк з поля бою і, схаваўшыся ў сваёй рэзідэнцыі на Падоллі і Валыні, фактычна адмовіўся ад далейшай барацьбы за ўладу. Такая бліскучая перамога карэнным чынам змяніла сітуацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім. Здавалася б, зноў надыйшоў зорны час Кейстутавічаў, але ўлада не прынесла задавальнення Жыгімонту. Ён страціў пакой, а яго залішняя падазронасць і неўтаймаваны жорсткі характар прывялі да неабаснаваных пакаранняў сярод яго бліжэйшага акружэння. Замест закатаваных да смерці феадалаў ён набліжаў да сябе бязродных слуг, раздаючы ім шматлікія маёнткі. У такім становішчы ў асяродку феадальнай арыстакратыі зноў узнікла змова, у выніку якой у 1440 годзе Жыгімонт быў забіты ў сваім замку ў Вільні. На яго месца быў выбраны малодшы сын Ягайлы – чатырнадцацігадовы Казімір. Свідрыгайла без дадатковых умоў прызнаў паўнамоцтвы юнага ўладара ВКЛ.

У гэтай сітуацыі зусім па іншаму сябе павёў Міхайлушка. Пад прымусам ён прысягнуў на вернасць Казіміру, але працягваў лічыць сябе пакрыўджаным. Такая незадаволенасць з яго боку прывяла да таго, што ў 1444 годзе, паехаўшы з Казімірам на ахоту, ён зрабіў замах на жыццё вялікага князя, але давесці да канца задуманнае не змог. Каб пазбегнуць кары, Міхайлушка кінуўся на ўцёкі, але здрадніку ніхто не даў прытулку на радзіме. Праз некаторы час ён апынуўся ў Маскве, але і там помста знайшла ўцекача. У 1452 годзе, паводле “Хронікі Быхаўца” , ён быў атручаны манахам пад час прычасця. Міхайлушка не меў уласных дзяцей, а таму на ім прыпыніўся род вялікага Кейстута.

 У тым жа годзе не стала і Свідрыгайлы, а разам з ім скончылася эпоха двух першых пакаленняў Гедымінавічаў. Трэба адзначыць, што нябожчык папарэдне перадаў усе свае землі на Падоллі і Валыні Вялікаму Княству Літоўскаму. Гэта быў, бадай, адзіны з яго боку прыстойны ўчынак, які ён зрабіў на карысць радзіме. Нельга таксама не адзначыць і тое, што ўскосна яго бунт дазволіў яшчэ на пэўны тэрмін захаваць Вялікаму Княству Літоўскаму адносную самастойнасць ад Польскага каралеўства.

Каму вайна, а каму маці родная

Барацьба за перадзел улады, якая на гады расцягнулася на землях Вялікага Княства Літоўскага, не прынесла спакою яго жыхарам. Але гэтую сітуацыю ў поўнай меры скарыстала шляхта, якая ў гэты перыяд значна ўзмацнілася і набыла новыя прывілеі. Удзел у баявых дзеяннях патрабаваў ад феадалаў пастаяннай падтрымкі боездольнасці сваіх войскаў. Іх шэрагі імкліва папаўняліся за кошт свабоднага сялянства. На гэты раз зямяне без асаблівага ціску ішлі на вайсковую службу, бо перад імі адкрывалася перспектыва атрымання правоў і прывілей, якімі карысталася шляхта. У выніку такіх грамадскіх зрухаў шляхецкае саслоўе ўзрасло амаль што да пятнадцаці працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Гэта ўжо была досыць ўнушальная сіла, з якой вымушана была лічыцца не толькі вярхушка феадальнай знаці, але і вялікі князь літоўскі. Дастаткова заўважыць, што рыцарства ў краінах Заходняй Еўропы складала толькі чатыры працэнты, а дваранства ў суседняй Масковіі – пяць працэнтаў.

Фарміраванне шляхецкага апалчэння ішло па тэрытарыяльнаму прынцыпу, таму сваю назву яно атрымлівала ад наібольш прыкметнага цэнтра мясцовасці. Не выключаецца, што менавіта на той час для абазначэння вайсковага злучэння нашых ваяроў і ўзнік тэрмін “Койданаўская шляхта”.  Але гэта толькі мяркуемая думка, бо, на жаль, дакументальныя крыніцы не данеслі да нас ніякіх іншых звестак.

                                                         Віктар УРАНАЎ

Добавить комментарий