Вторник, 1 декабряДзержинский район: новости - афиша - реклама
Shadow

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 6

Працэс фарміравання феадальнага грамадства ў Вялікім Княстве Літоўскім у асноўным завяршыўся да першай паловы XVI стагоддзя. Сярод прывілеяванага саслоўя ўсё большы вес набірала шляхта, якая, пад уплывам шматгадовага суіснавання ва ўмовах Крэўскай уніі, набыла шмат агульных класавых прыкмет са сваімі суседзямі з Польшчы. Аднак і ў гэтых умовах яна змагла захаваць нямала спецыфічных нацыянальных рыс.

Трэба прызнаць, што шляхецкае саслоўе на Койданаўшчыне з самага пачатку мела неспрыяльныя ўмовы для развіцця. Справа ў тым, што яе землі працяглы час належалі да вялікакняжацкага дамена. Гэта была асноўная крыніца паступлення грашовых сродкаў у дзяржаўны бюджэт, а таму вялікі князь літоўскі не дзяліўся з кім папала сваім галоўным багаццем. Канешне, калі ўзнікала патрэба, койданаўскія баяры і зямяне станавіліся пад штандары свайго гаспадара, але іх шэрагі былі нязначныя. А таму ў сваёй большасці яны займаліся спрадвечнай сялянскай працай альбо выконвалі розныя даручэнні на дзяржаўных пасадах.

І толькі ў 1483 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір IV выдаў прывілей аб выдзяленні зямель вакол Любеча, Койданава, Валожына Радашковічаў у прыватную ўласнасць. Іх новым уладальнікам стаў уцякач з суседняй Маскоўскай дзяржавы князь Васіль Вярэйскі (Удалы). Ён быў таленавітым военачальнікам, які адыграў вызначальную ролю ў падзеі, вядомай з рускай гісторыяграфіі як «стояние на реке Угре». Тады, у 1480 годзе, рускія войскі не далі прайсці на Маскву залатаардынскаму хану Ахмату.

Падарунак, атрыманы ў ВКЛ, забяспечыў бязбеднае існаванне бегламу маскоўскаму князю. Але мясцовыя магнаты, як і сам Казімір, не давяралі Вярэйскаму, а таму ён быў выключаны з актыўнай палітычнай дзейнасці і не мог займацца вайсковымі справамі. У сувязі з гэтым патрэба ў «людзях служылых» на Койданаўшчыне поўнасцю адсутнічала. Можна меркаваць, што князь, не знайшоўшы на чужыне прымянення сваім сілам, ціха дажываў свой век, займаючыся гаспадарчымі справамі. Толькі з расійскіх летапісаў вядома, што, калі пайшоў з жыцця Казімір, яго пераемнік Аляксандр Ягелончык, падпісваючы ў 1494 годзе мірнае пагадненне з маскоўскім уладаром, абяцаў яму Васіля Вярэйскага «не отпущати никуде, и пойдет проч из земли, и его опять не примати».

Гаштольд і Бона Сфорца

Калі скончыў свой век Васіль Міхайлавіч Вярэйскі (Удалы), дакладна невядома. Пасля яго засталася дачка Соф’я Васільеўна Вярэйская. Знатнае паходжанне княгіні прываблівала да яе багатых жаніхоў. У 1505 годзе яна стала жонкаю Альбрэхта Марцінавіча Гаштольда і, у якасці пасага, далучыла койданаўскія землі да ўласнасці мужа. Гэты ўплывовы магнат па натуры быў сквапным чалавекам, а таму шукаў розныя шляхі для павелічэння прыбытку са сваёй маёмасці. Такая прадпрымальнасць значна актывізавала сацыяльна-эканамічнае жыццё на Койданаўшчыне.

Бона Сфорца

З дазволу Гаштольда ў Койданаве была створана яўрэйская абшчына, якая паступова заняла кантралюючыя пазіцыі ў гандлі, але пры гэтым спраўна плаціла падаткі свайму гаспадару.

Значныя зрухі адбыліся і ў вясковым жыцці. Рост попыту на збожжа як на ўнутраным, так і на знешнім рынках прывёў да стварэння фальваркаў – асобай формы сельгасвытворчасці, арыентаванай на вырошчванне зерневых культур з далейшай іх падрыхтоўкай на продаж. Пад гэтыя патрэбы пачалі перабудоўвацца панскія маёнткі і двары, ці, інакш, дворышчы, якія з цягам часу далі пачатак такім сучасным вёскам, як Віцкаўшчына, Вішнёўка, Гаруцішкі, Грынькова, Грыцкаўшчына, Дворышча, Вільшчына (Кляноўка), Лучыцы, Нарэйкі, Новая Рудзіца, Паланевічы, Ружампаль, Нявелічы, Садкаўшчына, Старынкі, Чэчына, Цюхаі, Чаркасы, Чыкі, Юцкі і некаторыя іншыя.

У гэты перыяд канчаткова завяршылася запрыгоньванне цяглых сялян, а іх эксплуатацыя набыла больш жорсткія формы. Яны пачалі пераводзіцца на паншчыну і знаходзіліся пад наглядам войтаў, якія сачылі за тым, каб усе работы выконваліся якасна і ў тэрмін.

Побач з гэтай катэгорыяй сялянства значнае месца займалі людзі служылыя, ці служкі. Яны таксама мелі вотчынныя землі, але ў дадатак неслі вайсковую павіннасць. Да гэтага абавязку далучалася галоўным чынам моладзь. Пазней, вызначыўшыся ў ваенных паходах сваімі мужнымі ўчынкамі, яны набывалі ад сваіх гаспадароў шляхецкае званне. Гэта быў значны стымул, які забяспечваў пастаяннае папаўненне шэрагаў паспалітага рушання.

Яшчэ адна аграрная рэформа значна змяніла воблік тагачаснай вёскі. Яна вядомая як «валочная памера». Яе прапанавала Бона Сфорца, другая жонка караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога. Гэта маладая асоба, прадстаўніца вядомага роду міланскіх герцагаў Сфорцаў, мела вялікі ўплыў на свайго састарэлага мужа. Стаўшы каралевай і карыстаючыся неабмежаванымі паўнамоцтвамі, яна разгарнула актыўную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Альбрэхт Гаштольд

Разам з Альбрэхтам Гаштольдам, які да таго часу ўзвысіўся да канцлера Вялікага Княства Літоўскага, Бона Сфорца здзяйсняла розныя патаемныя фінансавыя махінацыіі. А потым, адмыўшы грошы праз яўрэйскія кагалы, якія кантраляваў яе сябрук, накіроўвала іх на захаванне да сваіх родзічаў у італьянскія банкі. Праз пэўны час польская каралева стала найбагацейшай жанчынай у Італіі.

Вялікія фінансавыя патокі, якія праходзілі міма дзяржаўнага бюджэту, давялі каралеўскую казну да спусташэння. Каб знайсці новую крыніцу яе папаўнення, Бона Сфорца і прапанавала правесці зямельную рэформу. Яе сутнасць заключалася ў тым, каб замацаваць кожнага цяглага вяскоўца за валокай зямлі (21,3 га) і вызначыць на яе фіксаваны грашовы падатак. З гэтага памеру вызначаўся і шэраг іншых прымусовых павіннасцей. Лепшыя землі зноў адышлі пад панскія фальваркі, а сялянам засталося астатняе. Каб наблізіць уладальнікаў валок да надзелаў, іх пачалі засяляць на валокі. Так сталі ўтварацца земляробчыя паселішчы новага тыпу. Іх і зараз можна распазнаць па старых вуліцах некаторых вёсак, якія цягнуцца па прамой лініі, як некалі праходзіла пачатковая лінія валочных памераў. Такія прыкметы заўважныя ў такіх населенных пунктах, як Дзягільна, Баравое, Петрашэвічы, Воўка, Вялікае Сяло, Гарбузы, Кавярляны, Клачкі, Карачуны, Кулікі, Леднікі, Ляхавічы, Перацяткі, Путчына і некаторых іншых.

Засценкі

Сярод гэтай вясковай грамады знайшлося месца і для шляхецкага саслоўя, якое, як вядома, ніколі не адрывалася ад зямлі. Іх непасрэдны гаспадар Альбрэхт Гаштольд, які, апрача пасады канцлера вялікага літоўскага, меў тытул ваяводы віленскага, па сваіх службовых абавязках павінен быў утрымліваць уласнае войска, сфарміраванае з ліку падданых. Не была выключэннем і Коўданаўшчына. Менавіта пры Гаштольдзе шэрагі служылых людзей сярод насельніцтва рэзка павялічваюцца. Але дзе шукаць іх сляды? Адказ на пытанне падказаў класік польскай гістарычнай літаратуры Генрык Сянкевіч. Так, напрыклад, у сваёй вядомай трылогіі «Патоп» ён называе месцам жыхарства літоўскай шляхты паселішчы, вядомыя як «засценкі».

Засценак

Адкуль пайшла такая назва? Зноў жа, ад вядомай зямельнай рэформы Боны Сфорцы. У даўнія часы «сценкамі» называліся межы паміж валокамі. Калі заканчваліся валочныя памеры, далей ішла ваколіца, альбо засценак. Вось у гэтых месцах і атрымлівала свае надзелы шляхта. А іх паселішчы сталі звацца засценкамі. Яны былі нешматлікія – ад трох да пяці сямей. Гонар не дазваляў ім жыць побач з простымі сялянамі, а таму сваё жытло яны будавалі воддаль ад валочнай вёскі.

Так у першай палове XVI стагоддзя на Койданаўшыне пачаў фарміравацца яшчэ адзін тып вясковага паселішча – «засценкі», якія засяляліся выключна дробнай шляхтай. Геаграфічны даведнік па Мінскай вобласці сведчыць, што першапачаткова да іх адносіліся такія сучасныя вёскі Дзяржыншчыны, як Баркі, Казлоўшчына, Бобраўка, Бязодніца, Бярэжа, Валоўнікі, Булыншчына, Вялікае Белякова, Гаёўка, Гарадзішча, Гарэнаўка, Дзежкі, Дзянісаўшчына, Жакі, Загайна, Заграддзе, Калоднікі, Каўшова, Курганы, Суднікі (Леніна), Лучыцы, Мазуры, Марцінавічы, Машчонае, Новая і Старая Мезенаўкі, Ракаедаўшчына (Пабеднае), Паўлаўшчына, Пажэжына, Плоскае, Пярхурава, Самадураўшчына (Радзіма), Рубілкі, Скарабагатаўшчына, Сухадолы, Татаршчына, Шпількі, Шыкатавічы, Шышкі, Янавічы. Улічваючы тое, што толькі за мінулае стагоддзе з карты раёна знікла звыш ста населенных пунктаў, то гэты спіс можна павялічыць яшчэ на некалькі дзесяткаў адзінак. Такім чынам, у перыяд свайго найвышэйшага росквіту шляхта на Койданаўшчыне не толькі існавала, але і была даволі шматлікай.

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Добавить комментарий