Информатор

Раённае свята “Зажынкі – 2022” дала старт масавай уборачнай кампаніі ў Дзяржынскім раёне

Раённае свята пачатку ўборачнай страды “Зажынкі – 2022” прайшло 19 ліпеня на полі філіяла “Праўда-Агра” ААТ “Агракамбінат”Дзяржынскі” каля вёскі Кулі.

Удзельнікаў жніва віталі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і грамадскіх аб’яднанняў. Старшыня райвыканкама Максім Лысенка выказаў упэўненасць, што хлебаробы, сапраўдныя беларускія героі, паспяхова выканаюць усе задачы сёлетняй ўборачнай кампаніі.

Па традыцыі, на добры будучы ўраджай, удзельнікі свята раздзялілі святочны зажыначны каравай, сімвал бясконцага колазвароту жыцця, дбайнай працы, міру і дабрабыту. Удзельніцы творчых калектываў Баравікоўскага Дома культуры выканалі старажытны зажыначны абрад, і старэйшая жняя Ала Мікалаеўна Нядзвецкая першы сноп уручыла старшыні райваканкама.

Згодна звычаю, гаспадар падкідае першы сноп як мага вышэй да неба, у знак падзякі хлебнай ніве і каб здзейсніліся ўсе найлепшыя спадзяванні, жніво прайшло дбайна, лёгка і без страт.

Музыкай і песнямі славілі працу хлебаробаў артысты, удзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Баравічанка”.

Пасля благаслаўлення нівы і экіпажаў, дырэктар філіяла “Праўда-Агра” Віталь Хацько абвесціў “старт”, і камбайны накіраваліся ў поле.

Нізкі паклон вам, працаўнікі палёў, за вашу нялёгкую і вельмі адказную працу! Нашы продкі казалі: калі зажыначкі з цяплом, ды са святлом – прыбярэшся загадзя са жнівом. У добры шлях!