Актуально Год народного единства

Рудзіцкія пасіянарыі. Старажытны род Дыбоўскіх. Ч. 3

Здавалася б, у прадстаўнікоў вялікага роду Дыбоўскіх не было прычын для праяў незадаволеннасці сваім становішчам у грамадстве. Кожны з іх меў добра акрэсленыя перспектывы далейшага жыцця, дастаткова сродкаў для бязбеднага існавання, выдатную адукацыю і магчымасць займацца любімай справай. Аднак грамадзянскі абавязак, заснаваны на шляхецкіх прынцыпах і патрыятычных пачуццях, прымусіў членаў гэтай сям’і ахвяраваць усімі выгодамі і ўключыцца ў барацьбу за свае ідэалы.

З другой паловы XIX стагоддзя ў Расійскай імперыі пашырыўся пратэстны рух, выкліканы палітыкай царскага самадзяржаўя. У яго ўключылася новая хваля барацьбітоў за перамены з ліку разначыннай моладзі, якая бачыла сэнс сваёй дзейнасці ў паляпшэнні становішча народных мас. Іх правадырамі і натхняльнікамі сталі Аляксандр Герцэн, Мікалай Агароў, Міхаіл Бакунін, Мікалай Чарнышэўскі, Мікалай Дабралюбаў.

У заходніх губерніях Польшчы і Беларусі інуючая сацыяльная напружанасць у грамадстве дапаўнялася нацыянальна-патрыятычным настроем, носьбітам якога з’яўлялася шляхта. Па свайму маёмаснаму складу яна была неаднароднай. Меншасць складалі землеўласнікі, што атрымалі па расійскіх законах дваранства. А таму ў сваіх патрабаваннях яны выказвалі больш памяркоўныя погляды, спадзеючыся выключна на вяртанне былой дзяржаўнасці ў межах Рэчы Паспалітай. Прычым дасягнуць сваёй мэты збіраліся толькі з дапамогай перамоў альбо пры дыпламатычным садзейнічанні з боку заходнееўрапейскіх дзяржаў. Больш радыкальны настрой панаваў сярод дэмакратычнай моладзі, якая паходзіла з дробнапаместнай альбо беззямельнай шляхты. Яна гатова была адкрыта выступіць супраць расійскага прыгнечання і адстойваць свае правы і ідэалы з дапамогай зброі. Але як адна, так і другая плыні шляхецкага нацыянальна-вызваленчага руху засцерагаліся ад удзелу ў паўстанні шырокіх сялянскіх мас.

Аднак на першым часе супярэчлівасць у поглядах і думках не перашкаджала змоўшчыкам групавацца і лічыцца аднадумцамі. Размежаванне наступіць пазней, калі справа дойдзе да ўзброенага паўстання. А пакуль усе на словах выказвалі свой патрыятызм, абяцалі падтрымку агульнай справе і актыўна рыхтаваліся да рашучых дзеянняў.

У пачатку 1860-х гадоў у Беларусі існавала даволі разгалінаваная сетка паўстанчых структур, якая налічвала каля 3000 чалавек. Для каардынацыі іх дзеянняў у Вільні быў створаны Літоўскі правінцыяльны камітэт, які ў сваю чаргу падпарадкоўваўся Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту ў Варшаве. Ідэі, што панавалі ў шляхецкай апазіцыі да расійскіх улад, амаль цалкам падтрымлівалі ўсе члены сям’і Дыбоўскіх.

Паўстанне, хаця і рыхтавалася загадзя, але пачалося не па плану. У пачатку 1863 года царскі ўрад нечакана абвясціў рэкруцкі набор у Каралеўстве Польскім і заходніх губерніях. Узнікла пагроза, што ў лік вайскоўцаў можа трапіць большасць членаў паўстанчых арганізацый. Таму 10 студзеня 1863 года Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве прыняў маніфест, у якім абвясціў аб пачатку выступлення супраць Расійскай імперыі.

Актыўныя баявыя дзеянні пачаліся ўжо ў сакавіку – красавіку 1863 года, але колькасны склад удзельнікаў паўстання быў нязначны і яно набыло характар партызанскай барацьбы. Ад Нацыянальнага ўрада ў Варшаве ніякай дапамогі не было, не спраўдзіліся надзеі і на падрымку з боку ўплывовых заходнееўрапейскіх дзяржаў. Таму барацьба з царскімі войскамі ў заходніх губерніях ішла ў надзвычай цяжкіх умовах. Аднак многія ўдзельнікі паўстанчага руху свядома ішлі на ахвяры, каб на справе даказазаць адданасць сваёй Айчыне.

Абвостранае пачуццё справядлівасці прывяло ў шэрагі змоўшчыкаў Паўла Дыбоўскага. Яшчэ на этапе падрыхтоўкі да паўстання ён займаўся стварэннем арганізацыйных структур у Мінскім павеце, а калі падзеі перайшлі ў актыўную фазу, яго, як былога афіцэра, прызначылі камандзірам невялікага атрада. Да старэйшага брата далучыўся і малодшы Эміль.

У склад паўстанцаў уваходзілі галоўным чынам студэнты і гараджане, узброенныя пікамі, зробленымі з сялянскіх косаў. А таму сур’ёзнага супраціўлення рэгулярным войскам, якія спешна былі перакінуты з тэрыторыі Расіі, яны не маглі аказаць.

Некалькі месяцаў падначаленыя Паўла хаваліся па лясах, нападаючы ў кароткіх вылазках на расійскія гарнізоны, пакуль іх камандзір, усведамляючы бессэнсоўнасць такой барацьбы і каб пазбегнуць непатрэбных ахвяр, не распусціў усіх па хатах. Сам жа знайшоў часовы прытулак у маёнтку Рудзіца, дзе знаходзіліся бацькі, браты Ян і Канстанцін, а таксама малодшая сястра Юзэфа. Яны, дарэчы, таксама не стаялі ў баку ад паўстання, дапамагаючы змагарам харчаваннем і медыкаментамі.

Праз некалькі дзён рудзіцкі маёнтак нечакана акружылі ўзброенныя салдаты, аднак праз патаемны выхад Павел змог уцячы ў бліжэйшы лес. Пасля вобыску ўсіх Дыбоўскіх, што на той час знаходзіліся ў доме, узялі пад варту і канваірвалі ў мінскую турму. Пачаліся бясконцыя допыты, але арыштанты трымаліся мужна і не прагаварыліся пра сямейныя тайны. Таму следчыя, не даказаўшы іх прамую прыналежнасць да паўстання, вымушаны былі адпусціць усіх на волю. Толькі меншая Юзэфа праявіла свой неўтаймаваны характар: падчас допыту яна звярнулася да афіцэраў з заклікам не судзіць польскіх рэвалюцыянераў, а аб’яднацца з імі для барацьбы з царскай тыраніяй. Свае палымяныя прамовы яна працягвала і ў турме, пакуль суд не прызнаў яе псіхічна неўраўнаважанай, адправіўшы пад прымусам дадому пад нагляд бацькоў і паліцыі.

А Павел тым часам змог дабрацца да Адэсы і адтуль – параходам да Канстанцінопаля. Там ён даведаўся, што ваенны трыбунал пазбавіў яго ўсіх званняў і ўзнагарод, канфіскаваў маёмасць на карысць дзяржавы, а самога прыгаварыў да расстрэлу. Дапамагла сястра Фабіяна, якая праз губернатара змагла даказаць, што яе брат не заслугоўвае такога суровага пакарання, таму папярэдні прысуд быў адменены. Дазнаўшыся пра гэта, Павел вярнуўся на радзіму і здаўся жандармам. Год ён правёў у віленскай турме, дзе ўжо знаходзілася яго жонка Ванда. Іх судзілі разам і ў якасці пакарання прызначылі адпраўку на пасяленне ў паўночны пасёлак Пінегу Архангельскай губерніі, дзе палітычных вязняў выкарыстоўвалі на лесараспрацоўках.

Перад высылкай Вандзе дазволілі наведаць пакінутую дома дачку Анэлю. Па дамоўленасці яе узяла на догляд Фабіяна, а маці ўслед за мужам адправілася да месца пакарання.

У пачатку сакавіка 1864 года ў родавым маёнтку жонкі, што знаходзіўся ў мястэчку Цякінічы Магілёўскага павета, быў арыштаваны Эміль. Год, пакуль цягнулася следства, яго трымалі ў мінскай турме, а потым па суду пазбавілі дваранства і маёмасці і накіравалі на пасяленне ў Сібір.

Даведаўшыся пра прысуд, Амелія напісала на імя губернатара –  папрасіла дазволу добраахвотна адбываць пакаранне разам з мужам. Увесь тэрмін сібірскай высылкі яна заставалася побач са сваім каханым, падзяляючы з ім усе нягоды зняволення.

Як адзін з кіраўнікоў паўстання, цяжкі прысуд атрымаў Павел Яленскі, муж старэйшай дачкі Дыбоўскіх Сабіны. Па свайму маёмаснаму становішчу ён належаў да арыстакратычнай часткі шляхецтва Мінскай губерніі. Карыстаючыся вялікім аўтарытэтам, Яленскі займаў высокія службовыя пасады, у тым ліку і выбарныя. Аднак суд не прыняў у разлік усе гэтыя заслугі, канфіскаваўшы ў дзяржаўную казну большасць яго зямельнай уласнасці. Ён быў пазбаўлены ўсіх званняў і ўзнагарод і асуджаны на 15 гадоў катаржных работ у Сібіры. Адбываць тэрмін пакарання яму было прызначана на ўсольскіх рудніках, дзе ў неверагодна цяжкіх умовах вялася здабыча солі.

Хаця Сабіна была клапатлівай маці дзевяцярых дзяцей, але ў гэты крытычны момант яна выказала цвёрды намер ехаць услед за мужам.

Пакінуўшы сваё вялікае патомства пад апеку любімай сястры Фабіяны, якая так і не выйшла замуж, гэтая самаахвярная жанчына да канца выканала свой абавязак перад блізкім чалавекам.

(Працяг будзе)