Актуально Год народного единства

Рудзіцкія пасіянарыі. Старажытны род Дыбоўскіх. Ч. 1

Сярод койданаўскай шляхты XIX стагоддзя сваёй уплывовасцю і заможнасцю адрозніваўся старажытны род Дыбоўскіх. Гэтая вялікая і разгалінаваная сям’я паказвала  вернасць прынцыпам і ідэалам саслоўя, да якога належала, дала свету выдатных даследчыкаў, якія пакінулі адметны след у навуцы.

Набытак маршалка

Да пачатку XIX стагоддзя большая частка койданаўскіх зямель належалі да ардынацыі нясвіжскіх Радзівілаў і не падлягалі падзелу ці продажу. Але калі апошні з прадстаўнікоў гэтага знакамітага роду Дамінік здрадзіў расійскім законам і перайшоў на бок Напалеона ў Айчыннай вайне 1812 года, імператар Аляксандр I пазбавіў свайго непакорнага камергера ўсіх званняў і шматлікіх латыфундый, пазней пусціўшы іх у продаж. Гэтую акалічнасць скарыстала павятовая шляхта, пачаўшы скупляць былыя радзівілаўскія маёнткі.

Займаючы высокую пасаду і валодаючы пэўнымі прывілеямі, стаў адным з найбуйнейшых землеўласнікаў на Койданаўшчыне і маршалак Мінскага павета Леапольд Дыбоўскі. Яго продкі паходзілі з дробных зямян, якія, праз паспяховую кар’еру, а часам і праз выгадныя дынастычныя шлюбы дабіліся далучэння да шляхецкага саслоўя і атрымалі права на валоданне гербам “Наленч”. Ужо з канца XVI стагоддзя прадстаўнікі гэтага роду з’явіліся на Міншчыне, дзе мясцовая шляхта на сваіх сойміках аказвала ім давер, вылучаючы на найвышэйшыя выбарныя пасады ў органах самакіравання. Там яны змаглі праявіць свае дзелавыя якасці, прынцыповасць і дзяржаўную распарадчасць, таму пасада павятовага маршалка стала для Дыбоўскіх свайго роду традыцыяй і сямейнай справай.

Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай, калі землі Вялікага Княства Літоўскага былі далучаны да Расійскай імперыі, Дыбоўскія змаглі пацвердзіць сваю прыналежнасць да шляхецкага саслоўя і паводле новых законаў перайшлі ў дваранства, працягваючы працаваць на дзяржаўных пасадах. Але ў душы яны шанавалі прынцыпы, што дасталіся ім у спадчыну ад  продкаў.

Значна павялічыўшы зямельную маёмасць, у лік якой уваходзілі маёнткі Дуброўшчына, Пяняка, Лучыцы, Страчаны, а таксама фальваркі Паўлаўшчына, Рэпішча, Бараўцы, Бакінава з агульнай плошчай зямель звыш трох тысяч дзесяцін, Леапольд Дыбоўскі цэнтрам зрабіў Рудзіцу.

Гэта была адна з найпрыгажэйшых мясцін Койданаўшчыны, таму гаспадар вырашыў асесці тут грунтоўна. Сваю сядзібу пан паставіў на адным з трох пагоркаў, якія перасякаліся ракою Ператуць і гасцінцам, што злучаў Койданава і Рубяжэвічы. Вялікі двухпавярховы дом, пабудаваны з хваёвых парод дрэў, узвышаўся на высокім падмурку і меў шмат пакояў з вялікімі вокнамі, якія выходзілі на бальшак. Ад дарогі да параднага ўвахода ішла шырокая алея, абсаджаная кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі. Каб увайсці ў дом, патрэбна было падняцца на высокі крыты ганак.

На адваротным баку знаходзілася зона адпачынку з альтанкамі і газонамі, якая спускалася з узгорка да штучнага возера. Значную плошчу прысядзібнай тэрыторыі займаў пладовы сад з мноствам яблынь, груш, сліў, чарэшань і вішань. Па сваёй архітэктуры гэта была тыповая сядзіба заможнага шляхціца пачатку XIX стагоддзя.

Цудоўны краявід адкрываўся і з вокнаў гасцёўні, калі раніцай, у промнях сонца, на супрацьлеглым пагорку зіхацела купаламі Свята-Праабражэнская царква. Як сведчаць дакументы, яна была пабудавана на грошы, выдаткаваныя княгіняй Варанецкай, удавой былога ўладальніка Койданаўшчыны Гераніма Фларыяна Радзівіла. Для падтрымання прыхода і дзейнасці святароў да храма таксама былі прыпісаны 60 дзесяцін зямлі. Па святах і ў нядзелю меладычныя гукі трох званоў збіралі мноства прыхаджан з навакольных вёсак. Паводле кнігі «Историко-статистическое описание Минской епархии», укладзенай архімандрытам Мікалаем, прыхаджан, прыпісаных да рудзіцкай царквы, налічвалася «1315 душ обоего пола».

Спачатку царква была праваслаўнай, а потым, у часы Рэчы Паспалітай, прыняла ўніяцтва. Як сведчаць дакументальныя запісы, Леапольд Дыбоўскі, каталік па веравызнанні, на імшу і споведзі ездзіў у Койданава да касцёла Святой Ганны. Аднак месцам вечнага спачыну для сябе і сваёй сям’і выбраў менавіта мясцовыя могілкі недалёка ад царквы, пабудаваўшы там капліцу. Яе падмурак быў з каменю, а вышэй — з чырвонай цэглы, атынкаванай звонку. Пахавальня перажыла многія ператрусы і захавалася да нашых дзён.

Капліца стаіць на пагорку пры развілцы дарог на Баравое і Рубяжэвічы, гэта  ратандальны будынак з элементамі неаготыкі са спічастымі вокнамі. Таямнічы і загадкавы.

На сённяшні дзень капліца з’яўляецца, бадай, адзінай сведкай таго, што адбывалася ў наваколлі больш чым стагоддзе таму. Аднак многае з тых падзей і фактаў можна адшукаць у працах гісторыка і журналіста Анатоля Валахановіча, які пачынаў працоўную дзейнасць у гэтых мясцінах, збіраў звесткі пра мінулае бараўскога краю. Большасць тых даследаванняў знайшлі ўвасабленне ў музейнай справе, якой плённа займаліся былыя дырэктары Бараўской сярэдняй школы Іван Каско і Барыс Савінаў. Зараз іх шчырым паслядоўнікам з’яўляецца былы кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Клепікава. Дзякуючы намаганням гэтых рупліўцаў можна многае аднавіць у памяці і весці далей размову пра падзеі ў маёнтку Рудзіца.

Леапольд Дыбоўскі на адпачынак заўсёды спяшаўся ў сваё новае радавое гняздо. Тут ён праводзіў вольны час пасля дзяржаўнай службы, а таксама сачыў за гаспадарчымі справамі. Трэба было своечасова сабраць ураджай, потым яго выгадна прадаць. Шляхта пачала ўжо асвойваць і гэты кірунак, які ў часы Рэчы Паспалітай лічыўся ганебным для людзей іх звання. Шмат чаго збывалася на знакамітых койданаўскіх кірмашах, адкуль прадукцыя ішла далей на рынкі замежных краін.

Нельга было адставаць ад суседзяў, якія пачалі праяўляць інтарэс да прадпрымальніцкай дзейнасці. Прыклад ва ўсім паказваў граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі са Станькава, які паспяхова пераводзіў сваю гаспадарку на грашова-рыначныя рэйкі, развіваючы перапрацоўку ўласнай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Па суседству ў Негарэлым Казімір Абламовіч пачаў выраб сычуговых сыроў, што не саступалі па якасці галандскім. У маёнтку Вязань Ігнацій Багдашэўскі адкрыў бровар, дзе вырабляліся папулярныя на той час сарты піва, у тым ліку і славуты вязанскі портар.

Пад іх уплывам цікавасць  да прадпрымальніцтва адчуў і Леапольд Дыбоўскі. У сваім рудзіцкім маёнтку ён адкрыў невялікі вінакурны завод, дзе перапрацоўваў зерне на спірт-сырэц, а потым адпраўляў яго на рэктыфікацыйны завод у Станькава. Такая кааперыцыя прыносіла добры прыбытак абодвум панам. Калі раней рудзіцкае малако ішло на продаж койданаўскім яўрэям, дык потым стала больш прыбытковым здаваць яго на сыраварню ў Негарэлае. Таму Дыбоўскі зрабіў у сябе лядоўню, дзе збіраў малочную прадукцыю, каб потым оптам прадаць яе Абламовічу. Перапрацоўка зерня на муку ажыццяўлялася на паравым млыне. Нядрэнны даход прыносіў і шынок, які быў пабудаваны на бальшаку пры ўездзе ў Рудзіцу. Павялічвалася насельніцтва маёнтка таксама за кошт парабкаў і іншых сезонных рабочых.

Леапольд Дыбоўскі паважаў шляхецкія традыцыі, таму заўсёды ветліва і шчыра вітаў гасцей, якія ніколі не міналі рудзіцкі маёнтак. Асабліва жаданай была сям’я роднага брата Яна Тадэвушавіча, які жыў недалёка, на Вілейшчыне. Як людзі высокаадукаваныя, Дыбоўскія, збіраючыся разам, дзяліліся сваімі думкамі пра падзеі, якія адбываліся як за мяжою, так і ў Расійскай імперыі. Хвалявала многае — рэвалюцыйны рух у Францыі, антыманархічныя выступленні ў Берліне, Вене, Рыме. Шмат пытанняў выклікала рэформа графа Кісялёва, звязаная з пераводам сялян на чынш.

З сумам успаміналіся падзелы Рэчы Паспалітай, якія многае змянілі ў жыцці іх саслоўя. Прыгадваліся ахвяры і страты, якія панесла шляхта ў паўстанні 1830—1831 гадоў. Па многіх пытаннях браты Дыбоўскія былі аднадумцамі, паміж імі заўсёды існавалі згода і падтрымка.

Працяг будзе.