Актуально Год народного единства

Рудзіцкія пасіянарыі. Старажытны род Дыбоўскіх. Ч. 2

Леапольд Дыбоўскі быў тыповым прадстаўніком свайго часу і таго саслоўя, да якога належыў. Выбарная пасада павятовага маршалка зрабіла яго публічнай асобай, таму падтрыманне традыцый свайго кола людзей, якія аказалі яму давер, стала не толькі службовым абавязкам, але і справай гонару. Вось чаму ў акрузе Дыбоўскія нязменна мелі рэпутацыю дабрачынных і прыстойных гаспадароў.

Шляхта сям’ёю мацуецца

На той момант, калі маршалак Мінскага павета набыў маёнтак Рудзіца, ён быў ужо паяднаны шлюбам з Ганнай Янаўнай Яленскай. Па сацыяльным становішчы яна не была ніжэй за мужа, бо таксама паходзіла ад старажытнага роду, чыі продкі яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага займаліся дзяржаўнай службай ў Наваградскім ваяводстве. Вось чаму іх саюз не меў у намеры ніякіх меркантыльных выгод і засноўваўся на каханні і ўзаемнай павазе. Такія трапяткія адносіны Леапольд і Ганна захавалі на працягу ўсяго сумеснага жыцця.

Шлюб яшчэ больш узмацніўся, узбагаціўшыся новымі яркімі пачуццямі, калі пачалі з’яўляцца агульныя дзеці. Іх першынец Ян нарадзіўся ў 1816 годзе, услед пайшлі Канстанцін, Сабіна, Фабіяна, Павел, Эміль і малодшыя Юстына і Юзэфа. Да радасці бацькоў дабавіліся і турботы аб іх выхаванні.

І хаця старэйшыя з Дыбоўскіх атрымалі выдатную адукацыю і былі перадавых поглядаў, у сямейных адносінах, як і ў пытаннях выхавання сваіх нашчадкаў, яны прытрымліваліся патрыярхальных поглядаў, заснаваных на шляхецкіх традыцыях.

Па склаўшайся завядзёнцы, вяршэнстваваў у доме Леапольд. Яму належыла і апошняе слова па ўсіх пытаннях, звязаных з узаемаадносінамі дамачадцаў. Але бацька ніколі не злоўжываў сваім становішчам і не прымаў рашэнняў, не разабраўшыся ў сутнасці канфлікта. Такі даволі дэмакратычны падыход да выхавання дзяцей, усё ж, не выключаў з яго боку строгасці і прымянення пакараняў, калі ў гэтым узнікала неабходнась. Таму сыны, як і дочкі, раслі не разбэшчаныя і не свавольныя. Свій уплыў аказвала і Ганна Янаўна, якая была захавальніцай маральных каштоўнасцей, больш заснаваных на рэлігіі і біблейскіх сюжэтах каталіцкай царквы. Не апошнюю ролю ў сямейным выхаванні адыгрываў саслоўны этыкет, валоданне якім з’яўлялася неабходнай умовай паводзін прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя сацыяльнага ўзроўню паноў Дыбоўскіх.

Вялікую ўвагу бацькі надавалі адукацыі дзяцей, бо ведалі, што яна адкрывае для сыноў добрыя перспектывы атрымання службовых пасад, а для дачок – выгадныя шлюбы. Таму ўжо з маленства яны займаліся з хатнімі настаўнікамі, авалодваючы асновамі пісьменства, літаратуры, замежных моў і дакладных навук. Трэба адзначыць, што малодшыя з Дыбоўскіх вучыліся лёгка, без напругі і пряўлялі здольнасці ў гэтай справе. Значны ўплыў на развіццё іх светапогляду аказвалі кнігі, якіх у дастатковай колькасці знаходзілася ў асабістай бібліятэцы бацькі.

Рэканструкцыя знешняга выгляду сядзібнага дома Дыбоўскіх у Рудзіцы

Большасць выданняў былі польскамоўныя і адносіліся да класічных жанраў. Сярод іх можна было знайсці і творы па гістарычнай тэматыцы, дзе палякі і шляхецтва паказваліся як выключная нацыя. Адсюль у падрастаючага пакалення сям’і Дыбоўскіх  нараджаліся супярэчлівыя думкі адносна таго, чаму Рэч Паспалітая трапіла ў такое безысходнае становішча і хто ў гэтым вінаваты. А таму па вечарах у гасціннай узнікалі дыскусіі, дзе бацькі вымушаны былі адказваць і на гэтыя пытанні.

Горача абмяркоўваліся ў сям’і і падзеі1830-1831 гадоў у Каралеўстве Польскім, якія ўскалыхнулі шляхецкую грамадскасць заходніх губерній. Асабліва балюча яны закранулі сям’ю іх бліжэйшых суседзяў Янушкевічаў з Дзягільна. Тады ва ўзброеным паўстанні прынялі ўдзел трое сыноў гэтага роду. Каб пазбегнуць пакарання ад расійскіх улад, двое з іх вымушаны былі шукаць паратунак за мяжою, а старэйшаму Адольфу прысудзілі пажыццёвую высылку ў Сібір.

Калі падрасталі дзеці, іх далейшым выхаваннем і павышэннем адукацыйнага ўзроўню займаліся спецыялізаваныя навучальныя ўстановы закрытага тыпу. Для дзяўчат такім месцам стаў пансіянат пры кляштары манаскага ордэна Візітак у Вільні. Ён атрымаў папулярнасць за тое, што рэлігійнае выхаванне там спалучалася са свецкім, а сярод прадметаў на павышаным узроўні вывучаліся замежныя мовы, спевы, танцы, маляванне і этыкет з ухілам на французскую моду. Таму дзяўчаты выходзілі адтуль з усебаковай падрыхтоўкай да свецкага жыцця і з дастаткова перадавымі для таго часу поглядамі.

У гэтым гасцінным пакоі праводзіла вольны час сям’я Дыбоўскіх

Пасля таго як быў закрыты Віленскі ўніверсітэт, польскамоўнай моладзі з заходніх губерній Расіі давялося шукаць іншыя ўстановы для атрымання вышэйшай адукацыі. І такім найбольш прывабным месцам для іх стаў Дэрпцкі універсітэт (сучасны г. Тарту ў Эстоніі). Таму, каб лепей падрыхтаваць сваіх сыноў да вучобы ў Дэрпце, Леапольд Дыбоўскі пачаў аддаваць перавагу прыватнаму пастарскаму пансіянату ў Інфлянтах, што знаходзіўся на тэрыторыі Прусіі. Праз гэту форму навучання прайшлі ўсе браты з маёнтка Рудзіца. Але далей іх шляхі разыходзіліся, бо ў кожнага быў свой намер, як абуладкаваць сваё далейшае жыццё. У гэтым выпадку яны знаходзілі паразуменне з боку бацькі.

Як бы там ні было, але Леапольд і Ганна Дыбоўскія прыклалі ўсе намаганні, каб даць сваім дзецям выдатную адукацыю і і падрыхтаваць іх да дарослага жыцця.

Старэйшы Ян быў апораю для бацькоў ва усіх справах. У адсутнасць бацькі ён дапамагаў маці і служыў прыкладам для малодшых братоў і сясцёр. Пасля заканчэння Дэрпцкага ўніверсітэта, непрацяглы час прысвяціў дзяржаўнай службе. Аднак пазней, адчуўшы, што пастарэлым бацькам неабходна дапамога, падаў у адстаўку, каб вярнуцца ў родны маёнтак Рудзіца і поўнасцю аддацца кіраванню вялікай гаспадаркай.

Яго брат-пагодак Канстанцін скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта і практыкаваў у лекарскай справе. З самага пачатку не задалася ваенная карьера ў Паўла. Атрымаўшы афіцэрскае званне, ён быў прызначаны на службу ў Кіеў. Гаспадар дома, дзе малады вайсковец здымаў кватэру, трапіў пад падазрэнне жандармерыі. Пасля вобыску ў яго знайшлі забароненую літаратуру. Каб абараніць бацьку вялікага сямейства ад арышту, Павел узяў усю віну на сябе. Ваенны трыбунал сурова абыйшоўся са сваім неблаганадзейным афіцэрам, пазбавіўшы яго вайсковага звання і прыгаварыўшы да высылкі на Каўказ простым салдатам тэрмінам на 10 гадоў.

Даведаўшыся пра гэту сітуацыю, Канстанцін таксама падаўся на Каўказ і ўладкаваўся вайсковым лекарам, каб быць бліжэй да брата і падтрымліваць у цяжкую хвіліну. Іх каўказкая высылка доўжылася 8 гадоў.

Пасля канчыны імператара Мікалая I апальнага афіцэра нарэшце амнісціравалі з прысваеннем малодшага звання. Але быць вайскоўцам Павел болей не пажадаў і падаў у адстаўку. Браты  вярнуліся на радзіму. Былы вайсковец ажаніўся на Вандзе з роду Аскеркаў і асеў на пастаяннае жыхарства ў маёнтку Рудзіца.

Пасля заканчэння Дэрпцкага ўніверсітэта малодшы з братоў Эміль заняўся дзяржаўнай службай. Узяўшы шлюб з Амеліяй з роду Рэвеньскіх, ён стаў буйным землеўласнікам і шмат часу аддаваў новым маёнткам у Магілёўскім павеце, якія дасталіся яму ў пасаг ад жонкі. Але пры гэтым не забываў і сваю сям’ю, патрымліваючы цесную сувязь з братамі.

Старэйшая з дачок Сабіна паядналася шлюбам з Антоніем Яленскім, які займаў высокую дзяржаўную пасаду, да таго ж быў буйным землеўласнікам. Яны жылі ў Вільне і выхоўвалі дзевяцярых дзяцей. Яе пагодак Фабіяна з дзяцінства моцна прывязалася да старэйшай сястры, таму, калі тая выйшла замуж, вырашыла з ёю не разлучацца і пераехала да яе ў Вільню, дамагаючы весці хатнюю гаспадарку і выхоўваць дзяцей, якіх любіла, як сваіх. Юстына, па мужу Санкевіч, знайшла сваё шчасце ў клопатах аб сям’і, уласным доме і дзецях. Малодшая Ёзя (Юзэфа), скончыўшы пасіянат пры кляштары ордэна Візітак, жыла разам з бацькамі ў Рудзіцы. Ад прыроды яна была адорана выдатнымі здольнасці і па памяці магла цытытаваць цэлыя главы з Бібліі і паэмы сучасных польскіх паэтаў.

Адчуваючы хваравітасць, Леапольд Дыбоўскі склаў тастамент, у якім усю сваю зямельную маёмасць падзяліў на восем роўных частак, каб ні ў чым не пакрыўдзіць кожнага са сваіх дзяцей. Вопіс маёмасці расцягнуўся на доўгія гады, таму да канца давесці гэту справу ён не змог, бо выбухнуўшае паўстанне 1863-1864 гадоў перакрэсліла многія планы.

Працяг будзе