Ежедневник

«Шчодры вечар»: як вучні Станькаўскай школы калядавалі

Вечарам 6 студзеня  нашы продкі здаўна збіраліся ўсёй сям’ёй, каб святкаваць самае галоўнае і ўрачыстае свята — Каляды. Гэта традыцыя, вытрыманая  стагоддзямі, захавалася і да нашых  дзён.

Для дзетвары ў гэтыя дні самае галоўнае — калядаванне. Калядоўшчыкі збіраліся ўвечары, апраналіся ў дзеда з бабай, казу, мядзведзя, і іншых казачных  персанажаў, заходзілі ў  двары, спявалі  віншавальныя, хвалебныя песні гаспадарам і іх дзецям. Кожная сям’я  чакала гэтага  моманту і частавала калядоўшчыкаў.

Так адбываецца  і сёння. Вучні Станькаўскай школы вырашылі  прадоўжыць  традыцыі  сваіх продкаў. Разам з настаўнікам  гісторыі Анатолем Бураком яны адправіліся ў калядныя вандроўкі  па Станькаве.

«Ой, пан ідзе, Каляду нясе!» — весела разлівалася па мястэчку. Усе ужо дагадаліся, што гэта  крочаць нашы калядоўшчыкі! Вясёлыя песні, забавы, гульні суправаджалі дзетвару.