Без рубрики

Ветурач – прызванне, сельская гаспадарка – лёс

Ці шмат вы ведаеце людзей, што свядома абралі жыццё ў вёсцы і працу на зямлі, не паддаўшыся спакусам вялікага горада?..

Калі не, то дазвольце прадставіць:

Валянцін Аляксандравіч Пстыга, галоўны ветэрынарны ўрач філіяла “Фалько-Агра” ААТ “Агракамбінат Дзяржынскі”. Актыўны, жыццярадасны, энергічны, у свой час ён мэтанакіравана абраў прафесію, звязаную з сельскай гаспадаркай, і за 25 гадоў працоўнай дзейнасці прайшоў шлях ад маладога спецыяліста да майстра сваёй справы.

Ну што расказваць? Ды не ўмею я прыгожа гаварыць…”, – сціпла аднекваецца мужчына напачатку. Але колькі хвілін – і завязваецца нязмушаная размова, у якой спакваля раскрываецца не толькі шчыры, сумленны працаўнік, але і цікавы чалавек, асоба.

Яго малая радзіма – Пружанскі раён Брэсцкай вобласці. Як і большасць вясковых ураджэнцаў, нялёгкую сялянскую працу спазнаў рана: з малых гадоў дапамагаў маці, якая была аператарам машыннага даення. Таму не гульні з сябрамі, а гадзіны, праведзеныя на ферме, успамінае зараз, расказваючы пра дзяцінства. Затое, калі надышла пара рабіць прафесійны выбар, ніколькі не сумняваўся, кім хочастаць: ветэрынарам.

Вучоба ў Ваўкавыскім саўгасе-тэхнікуме, затым звыш 10 гадоў, адпрацаваных на роднай Пружаншчыне, – і пуцявіны лёсу прывялі Валянціна Аляксандравіча ў наш раён, ва ўжо згаданы філіял “Фалько-Агра”. За 14 гадоў, пражытых тут, ад простага ветурача “дарос” да галоўнага, стаў для калег паважаным паплечнікам, а для вяскоўцаў – кампетэнтным дарадцам.

Каровы, цяляты, свінні, нават дэкаратыўныя хамячкі і марскія свінкі – гэтым і многім іншым сваім “пацыентам” фалькоўскі ветэрынар аказваў дапамогу, своечасова распазнаючы сімптомы хваробы і падбіраючы патрэбныя лекі.

Галоўнае – правільна паставіць дыягназ”, – заўважае Валянцін Аляксандравіч на маю рэпліку пра тое, што вярнуць здароўе жывёле складаней, чым чалавеку (бо, вядома, яна не можа сказаць, дзе ёй баліць). Але, як і для “чалавечага” доктара, для ветурача таксама актульны прынцып: хваробу лепш прадухіліць, чым лячыць. Таму пытанні прафілактыкі – адны з галоўных.

Не сакрэт, ад якасці работы ветэрынарнай службы залежыць і якасць жывёлаводчай прадукцыі, у прыватнасці, малака.

Больш строгімі робяцца патрабаванні – значыць, і ветэрынары абавязаны павышаць узровень сваёй прафесійнай дасведчанасці. Таму, па словах майго суразмоўцы, і працаваць цяпер складаней, чым раней.

4667 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 1660 дойных кароў – вось якая немалая гаспадарка ў “Фалько-Агра”.

Вядома, клапаціцца пра здароўе рагуль і цялят галоўнаму ветурачу дапамагаюць калегі. Пад яго кіраўніцтвам працуюць яшчэ пяць спецыялістаў, сярод якіх Валянцін Аляксандравіч адзначае Аляксандра Дукеля, а таксама мужа і жонку – Сяргея і Ганну Манахавых.

Знаходзіць падыход і да людзей, і да жывёл фалькоўскаму прафесіяналу, як мне здалося, дапамагаюць не толькі спецыяльныя ўменні, але таксама душэўныя якасці: адкрытасць, дабрыня, пачуццё гумару.

Нязменна падтрымліваюць мужчыну і на сямейным “фронце” – жонка і дзве дарослыя дочкі. Дарэчы, родных, як і самога рупліўца, асабліва цешыць тая акалічнасць, што сёлета прафесійнае свята яму радасна сустракаць удвайне. На абласных “Дажынках” у Лагойску Валянцін Пстыга, у ліку іншых сумленных працаўнікоў Міншчыны, узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Шчыра віншуем яго з гэтай падзеяй і жадаем далейшага плёну – як на карысць сваёй гаспадаркі, так і дзеля росквіту ўсёй беларускай зямлі.

Ірына МАТУСЕВІЧ
Фота Наталлі ТРАЦЭЎСКАЙ