
Вітаю, родная старонка! Свята ў Вязані прайшло на адным дыханні
Свята ў Вязані прайшло на адным дыханні. Панавала цёплая, шчырая атмасфера. Праўда, крыху падвяло надвор’е, і ўрачыстасці праходзілі не на вуліцы, як планавалася, а ў будынку сельвыканкама. Але сонейка раз-пораз выглядвала з-за хмар — цікавілася імпрэзай.
Месцічы пазнаёміліся з летапісам сваёй вёскі. Першы дакументальны ўспамін пра Вязань датаваны 1620 годам. На той час яна належала роду Радзівілаў і была цэнтрам вялікага маёнтка. Тут дзейнічаў вядомы на ўсю ваколіцу вадзяны млын. А вязанскі бровар, дарэчы, да сярэдзіны ХІХ стагоддзя лічыўся адным з самых буйных прадпрыемстваў Койданаўскага графства, ды і ўсяго Мінскага павета. У канцы ХІХ стагоддзя ў вёсцы пражывала 120 жыхароў.
У 20-я гады мінулага стагоддзя быў арганізаваны саўгас “Вязань”, на базе якога ў 1937 годзе была заснавана Фаніпальская МТС. Пад фашысцкай акупацыяй вёска знаходзілася да 6 ліпеня 1944 года. На фронце загінулі 14 яе жыхароў. У 1996 годзе ў Вязані налічвалася 71 гаспадарка і 200 жыхароў.
Пра дзень сённяшні вёскі Вязань і планы на перспектыву прысутным расказаў старшыня Фаніпальскага сельвыканкама Уладзімір Лобач. Адзначыўшы, як змянілася яе аблічча, — сёння ў ім пераважае катэджная забудова, ёсць нават шматпавярховікі.
Паводле слоў старшыні, жыхароў у Вязані відавочна паболела — ужо звыш 400 чалавек! А гэта, лічы, колькасць насельніцтва аграгарадка.
— У вёсцы шмат прыгожых, дагледжаных падворкаў, — заўважыў Уладзімір Лобач. — За гэта вялікі дзякуй усім дбайным гаспадарам!
Канцэртную праграму для вязанцаў падрыхтавала моладзь Чаркаскага і Чэрнікаўшчынскага дамоў культуры. Гучалі цудоўныя песні, публіка ахвотна падпявала ў зале. Шмат яркіх нумароў землякам падарылі творчыя калектывы “Сяброўкі” з Чаркасаў і “Крыніца” з Фаніпаля — паважаныя, абаяльныя, таленавітыя спявачкі.
Напрыканцы Уладзімір Лобач узгадаў, што калісьці збірацца ўсёй вясковай грамадой — на вяселле ці радзіны — было непарушным правілам. І пажадаў, каб сёлетняя падзея паспрыяла адраджэнню вясковых святаў у Вязані.
Падчас свята старшыня назваў самых лепшых гаспадынь Вязані. Марыя Іванаўна Іванова, Лідзія Рыгораўна Батура, Ларыса Юр’еўна Спяранская атрымалі падзякі раённага Савета дэпутатаў і грашовыя прэміі. Узнагароджана за актыўную грамадскую работу таксама стараста вёскі Нэлі Іосіфаўна Мурзоўская.