Общество

Вучні Негарэльскай сярэдняй школы №1 прымаюць удзел у моладзевым конкурсе ідэй «Першыя»

Негарэльская сярэдняя школа №1 — сапраўдная кузня талентаў. І вучням і настаўнікам ужо скарылася шмат конкурсных вяршынь. Працягваючы добрую традыцыю, яны вырашылі прыняць удзел у чарговым маштабным конкурсе.

«Першыя» — гэта конкурс ідэй, які праводзіць адзін з найбуйнейшых беларускіх правайдараў і аператараў сотавай сувязі “А1”. Удзел у ім прымаюць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Яны павінны зняць відэа — прадставіць гледачам сваю ідэю, і распаўсюдзіць яго ў адной з сацыяльных сетак з хэштэгам #generationA1. У маі 10 фіналістаў праекта стануць галоўнымі спікерамі маштабнай беларускамоўнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk і атрымаюць смартфоны iPhone 12.

Свае ідэі старшакласнікі могуць прапанаваць у адным з 5 кірункаў: экалогія, тэхналогіі, інклюзія, культура, урбаністыка. Паводле сцвярджэння арганізатараў конкурсу, вучнёўскія ідэі дапамогуць змяніць навакольны свет, грамадства да лепшага.

Уладзіслаў Юховіч, вучань 9 “А” класа

— Аднойчы я задумаўся, ці можна зрабіць школу бяспечнай, камфортнай і адначасова энергаэфектыўнай? Паразважаў і вырашыў: “Так, напэўна!”. Пакрысе пачаў распрацоўваць унікальны праект “Аўтаномная сістэма “Разумная школа”. Яна арганізавана на базе платы Arduino з наборам розных датчыкаў і сэнсараў, якія кіруюць многімі працэсамі, а таксама сочаць за бяспекай і парадкам ва ўстанове адукацыі. Асаблівасць сістэмы заключаецца ў тым, што яна можа самастойна адаптавацца да навакольнага асяроддзя і выключыць удзел чалавека ў ёй.

Уладзіслаў адзначае, што ў яго праекце распрацаваны асноўныя складнікі сістэмы “Разумная школа”. Гэта сістэмы пажарнай бяспекі, асвятлення, тэмпературнага рэгулявання, уцечкі вады, а таксама ахоўная і прапускная сістэмы. Малады даследчык хоча бачыць на дзвярах каля кожнага вучэбнага кабінета QR-коды, якія будуць дапамагаць сучасным вучням у лічаныя хвіліны даведацца пра расклад заняткаў у гэтым памяшканні, атрымаць неабходныя звесткі пра тэму ўрока і хатнія заданні праз віртуальны кабінет. Паводле падлікаў вучня, такая мадэрнізаваная аўтаномная сістэма сэканоміць расход электраэнергіі ў школе на 33%, ацяплення — на 25%, вады — на 10%. Хіба  гэта не цуд?

— З гэтым праектам я выступаю ўжо не першы раз: і ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, і ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Удзел у такіх конкурсах дапамагае развіваць свой патэнцыял, удасканальваць веды, даследаваць праблемы, якія мяне цікавяць, і ўвогуле паляпшаць свет вакол нас.

Паліна Дашкевіч, вучаніца 9 “А”

“Свет агрэсіўны да тых, хто не падобны да іншых. Тым каштоўней кожны праект, які дапамагае зразумець галоўнае: людзі розныя, і “не такі” зусім не значыць “дрэнны”. З такой глыбокай думкі распачынае праект, прысвечаны стварэнню інклюзіўнага тэатра, Паліна. Чаму менавіта гэтая тэма зацікавіла дзяўчыну?

— Мая мама — настаўнік пачатковых класаў і дэфектолаг у Негарэльскай сярэдняй школе №1. З самага дзяцінства я бачыла, як яна рыхтуецца да сваіх заняткаў, працуе з асаблівымі дзецьмі. Маці з дзяцінства вучыла мяне, што не існуе паняццяў “такі” і “не такі”. І калі з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе “Першыя” па кірунку “Інклюзія”, я з радасцю згадзілася на цікавую прапанову. Хачу зрабіць так, каб людзі  навучыліся любіць, а не кідаць камяні адно ў аднаго. “Тэатр роўных магчымасцей”, на мой погляд, павінен быць у кожнай установе адукацыі нашага раёна і краіны. Тут дзецям з асаблівасцямі развіцця  не давядзецца змагацца з агрэсіўным асяроддзем, ім будзе лёгка інтэгравацца і ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі.

Настаўніца фізікі Анна Цітова далучаецца да слоў сваёй падапечнай. Яна расказвае, што спачатку для  дзяцей з асаблівасцямі развіцця яны праводзілі заняткі па робататэхніцы. Былі пэўныя цяжкасці. Хутка стала ясна: дзецям проста не хапае звычайнай камунікацыі. А вось ідэя з інклюзіўным тэатрам, дзе яны будуць узаемадзейнічаць з равеснікамі, дасць ім магчымасць быць у цеснай сувязі з навакольным асяроддзем.

Аляксандр Пятроў, вучань 10-га класа

— Я таксама заўзяты ўдзельнік розных інтэлектуальных і творчых спаборніцтваў. У конкурсе “100 ідэй для Беларусі” прадстаўляў праект “Распрацоўка і здабыча калійнай солі”, з ім мы дайшлі да фіналу. Спрабаваў свае сілы ў конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “Тэхнаінтэлект”. І вось зараз — у конкурсе ідэй “Першыя”. Мяне зацікавілі кірункі для даследавання, якія нам прапанавалі арганізатары. Я вырашыў зрабіць праект, сутнасць якога —  устанавіць у крамах і санаторыях абсталяванне для прасавання насення алейных раслін. Так мы атрымаем свежы алей, а рэшткі будзем выкарыстоўваць у якасці біядабаўкі.

Аляксандр прызнаецца, што распрацоўваць ідэю няпроста, але сябры і настаўнікі заўсёды побач і нацэльваюць на поспех.  Нельга спыняцца на дасягнутым.

— Дапамагае мне ў падрыхтоўцы Людміла Міхайлаўна Рыбчынская. Яна вопытны ўдзельнік розных конкурсаў, выпускнік праграмы “Настаўнік для Беларусі”.

Людміла Рыбчынская дадае: “Мы заўсёды падтрымліваем вучняў у іх пачынаннях, але ніколі не прымушаем. Галоўнае, каб у іх гарэлі вочы і было жаданне праявіць сябе”.