Фотофакт

Выстава музычных інструментаў народаў свету адкрылася ў ДРЦКіНТ ў Станькава

«Жывы Гук». Новая экспазіцыя пад такой назвай з’явілася ў Дзяржынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў Станькава. Яна прадстаўляе багатую калекцыю музычных інструментаў народаў свету, што пераважна выкананы выбітнымі майстрамі ўручную.

Уладальнік незвычайнага збору – малады жыхар Дзяржынска, удзельнік народнага аматарскага аб’яднання «Калаўрот» Руслан Пекаў. Сёлета ён не аднойчы выступаў на разнастайных творчых пляцоўках, абараняючы гонар раёна на абласных і рэспубліканскіх фестывалях з гістарычнай тэматыкай. Руслан з лёгкасцю ператвараўся ў каларытнага сярэднявечнага музыку, іграў на старажытных народных інструментах са сваёй калекцыі. Яго выступленні кожны раз прыцягвалі шмат увагі, выклікалі захапленне, уздымалі настрой, стваралі асаблівую чароўную атмасферу.

У паўсядзённым жыцці Руслан вельмі запатрабаваны спецыяліст: ён працуе наладчыкам швейнага абсталявання. А вольны час нязменна прысвячае музыцы. У дзяцінстве хлопец наведваў Дзяржынскую школу мастацтваў па класу баяна, пакуль не пачаліся праблемы са здароўем. Але захапленне жывым гукам засталося з ім назаўсёды.

Сваю калекцыю пачаў збіраць каля 15 гадоў таму. Сёння ў ёй больш за сотню музычных інструментаў з розных краін свету. Калі быць дакладным – 106. Экспанаты Руслан выбірае менавіта па гучанню. Пачутая выпадкова мелодыя можа заахвоціць яго на пэўны пошук: што за інструмент стварае падобны гук? Так у калекцыі паступова з’явіліся індзейскія нафы і японская сякухаці, турэцкі нэй і тыбецкае сарангі і шмат-шмат іншых дзівосаў. Пачэснае месца ў калекцыі займаюць беларускія народныя інструменты – дуда, жалейка, чаротка, акарына.

Гаворочы пра вытокі свайго захаплення, хлопец у першую чаргу выказвае падзяку бацькам, якія вадзілі яго, маленькага, займацца музыкай. Уважлівыя да развіцця ўнутранага свету сына, яны дапамаглі Руслану зрабіць першыя крокі ў чароўны сусвет.

Вядома, не кожны інструмент калекцыі падуладны гаспадару як выканаўцы, але Руслан імкнецца асвоіць усе, каб зноў і зноў вяртацца да таго цудоўнага гучання, што ўзрушыла і прывабіла яго душу.

Выстава ў Станькава будзе працаваць на працягу месяца. Папярэдне можна дамовіцца аб экскурсіі з удзелам Руслана, каб больш даведацца пра характар музычных інструментаў і адчуць асалоду жывога гука з шматвекавой гісторыяй.