Актуально Год народного единства

Духоўная спадчына. Жыццёвы подзвіг Адольфа Янушкевіча. Ч.7

Пасля таго як ханскія вярхі насельніцтва казахскіх стэпаў добраахвотна падпісалі пагадненне аб далучэнні іх зямель да Расійскай імперыі, царскі ўрад пачаў сістэмнае вывучэнне гэтых паўднёвых тэрыторый. У такіх навуковых экспедыцыях прымаў удзел і Адольф Янушкевіч. Новы характар службы ўнёс разнастайнасць у яго канцылярскае жыццё, даў надзею на вызваленне з сібірскай няволі.

У пачатку 1842 года Адольф Янушкевіч быў пераведзены ў распараджэнне канцылярыі Пагранічнага Начальніка Сібірскіх Кіргізаў. У якасці перакладчыка пачалося яго качавое жыццё па нязведаных прасторах Сярэдняй Кіргізскай Арды, якое нярэдка доўжылася па некалькі месяцаў. Вось як у лісце да Дзягільна ён апісвае першую сваю вандроўку па казахскіх стэпах: ”На уссяданні ў паштовую таратайку ледзьве меў час данесці, што выязджаю з Омска, не дадаючы, куды і як надоўга.  Можа, такое данясенне дало трохі неспакойнасці, але горш было б, калі б Мама ведала пра мэту майго падарожжа: бо тыдні два заставалася б у страсе за свайго сынка, дапушчаючы, што дзікія Кіргізы з’ядуць яго як барана”.

І далей працягвае: ”Сёння, здарожаны, змучаны і заняты не адной работай, коратка толькі скажу, што па нязмераных абшарах стэпаў ляцеў як страла, што поруч з маім фаэтонам гналі цёнгле нагаляпа колькі ад ног да галавы ўзброеных казакоў, што праязджаў досыць значныя горы, убраныя лясамі і заселеныя мядзведзямі, мараламі, ласямі, аленямі, што ўплаў перапраўляўся праз рэчкі без мастоў, нікому ў Еўропе не знанымі, а над берагамі іх упершыню на дваццаці гадоў чуў мілы спеў салаўя, што бачыў кіргізкія плямёны, якія качуюць разам  у ліку тысячы і болей юртаў на прасторы якіх дваццаці пяці або трыццаці вёрст, засеяных процьмай каней, вярблюдаў, баранаў і быдла цуднай пекнасьці,  што спаткаў купецкія караваны, якія ішлі з Ташкенту і Каканды, статкі сайгакаў, дзікіх каней, званых куланамі, што нарэшце мусіў вузкай стэпавай дарогай ляцець пасярод стэпу, які палаў вакол…Тут я нідзе сцябла збожжа не бачыў, нідзе плоту — усюды прастора без канца. Дыхаў поўна, шырока, як Араб на пустыні”.

Калі згадаць геаграфію такіх падарожжаў, яны праходзілі праз  Агадырскія, Альджанскія, Архацкія і нават Тарбагатайскія горы, якія  межавалі з Кітаем. Свае  ўражанні Адольф  Янушкевіч падрабязна занатоўваў на паперы. Гэтыя запісы пазней  былі аб’яднаны ў яго вядомыя “Лісты са стэпаў кіргізскіх”, а затым дапоўнены аналітычным матэрыялам, вядомым як “Дзённік падарожжа”.

Гэтыя этнаграфічныя і геаграфічныя даследаванні можна параўнаць з навуковымі працамі такіх вядомых першаадкрывальнікаў новых зямель, як Пётр Семёнаў-Цянь-Шаньскі альбо  Мікалай Пржавальскі, толькі ў адрозненне ад іх Адольф Янушкевіч не атрымаў пры жыцці  ні ўзнагарод, ні чыноў, бо знаходзіўся ў бяспраўным становішчы.

Але яго бездакорная служба і высокі прафесіяналізм пры выкананні даручэнняў не засталіся незаўважанымі, бо навуковыя справаздачы палітвязня адкрылі шлях да пашырэння межаў царскай імперыі. Аб гэтым паведаміў генерал-губернатар Заходняй Сібіры ў Пецярбург.  Магчыма, гэта адыграла пэўную ролю, калі  разглядалася прашэнне аб скасаванні прысуду Адольфу Янушкевічу.

Пасля сямі год бездакорнай службы ў судовай канцылярыі Пагранічнага жонду Адольф Янушкевіч атрымаў ранг калежскага рэгістратара. Перад ім адкрывалася перспектыва далейшага службовага росту. Але, праз паўгода канцылярскай працы, ён адчуў прыкметы пагаршэння зроку і галаўныя болі, а таму ў сярэдзіне 1849 года  мусіў падаць рапарт аб звальненні са службы. Яго прашэнне было задаволена, а сам ён пакорліва чакаў царскага рашэння аб скарачэнні тэрміну зняволяння.

Нарэшце, дзякуючы старанням малодшага брата Яўстафія, які, праз вядомага ўладальніка ніжнетагільскіх заводаў графа Анатоля Дзямідава, падаў прашэнне ў царскую канцылярыю, справа аб вызваленні сібірскага пакутніка зрушылася з месца. Спачатку міністр унутраных спраў выдаў даведку аб дазволе Адольфу Янушкевічу пераехаць з Омска ў Ніжні Тагіл. Там пра яго забеспячэнне паклапаціўся сам Анатоль Дзямідаў.

Не прывучаны сядзець без справы, шляхціц з Дзягільна і там хутка знайшоў сабе занятак па душы. Яго прывабіў сад у графскім маёнтку, дзе неўзабаве з’явіліся пароды новых пладовых дрэў, а ў цяпліцы, апрача цыбулі і агуркоў, зацвілі бананы. Па просьбе свайго апекуна садоўнік, які меў літаратурную адукацыю, заняўся доглядам найбагацейшай  бібліятэкі ў палацы Дзямідава  і хутка навёў там узорны парадак.

Праз тры гады нарэшце  адбылася шчаслівая развязка гэтай гісторыі. У красавіку 1856 года адстаўны калежскі рэгістратар Адольф Янушкевіч атрымаў дазвол ад імператара Аляксандра II на пераезд у родныя мясціны.

Вызваленне пасля дваццаці чатырох  год зняволення было  найлепшай узнагародай для сібірскага вязня. Але стан яго здароўя рэзка пагоршыўся. Хвароба, якая развівалася паступова, набыла небяспечны характар. Усё ж Адольф Янушкевіч здолеў дабрацца да Дзягільна.

У сярэдзіне чэрвеня 1857 года Адольфа Янушкевіча не стала. Ён знайшоў вечны спачын на фамільных могілках у в. Дзягільна. У эпітафіі на помніку зроблены надпіс ад яго сябра Густава Зялінскага:

“З духу, сэрца й думкі, з цнот, афяр і ўчынкаў

Бог ня меў слуг ад яго адданей, край — болей годнага сына.

І ты, хто верыш з непахіснай сілай,

І ты, хто праходзіш ля яго магілы,

За яго, але й за сябе памаліся, каб праз яго ўпрасіць

Так кахаць і цярпець, так верыць і жыць.

Праз тры гады побач з сынам была пахавана і яго маці, якая пайшла з жыцця ў 1860 годзе ва ўзросце 82 гадоў. Усе весь гэты час яна пражыла ў Дзягільне з малодшым сынам Януарыем. І нават у гэтых складаных умовах Тэкля падтрымлівала раскіданых па свеце сыноў. Яе сэрца разрывалася паміж Усходам і Захадам. Не забывалася маці і пра сваіх дачок. Калі яны выходзілі замуж, як і наказаў бацька, кожнай з іх выдала пасаг у 30 тысяч злотых.

Тэкля адмаўляла сабе ў неабходным, каб дапамагчы дзецям  матэрыяльна, падбадзёрвала іх цёплым мацярынскім словам у лістах. Можа, дзякуючы такой падтрымцы змог пераадолець 24 гады сібірскай высылкі яе старэйшы сын Адольф. І не проста вытрымаць, а стаць знакамітым вучоным-этнографам, даследчыкам казахскага этнасу, што дало яму магчымасць атрымаць дазвол вярнуцца дадому.

А Яўстафій і Рамуальд  так ніколі і не змаглі вярнуцца на радзіму. Яны сталі вядомымі літаратарамі. Вось што, напрыклад, напісаў Яўстафій у сваіх успамінах пра Дзягільна: «Што за шкада, што ён (бацька) не ляжыць у Дзягільна, дзе пахавана маці, Адольф, чацьвёра дзетак Януарыя. А якоя гэта прыгожае месца для вечнага адпачынку. За былым домам, у якім мы жылі, бо цяпер Януарый пабудаваў новы, працякае на ўскрайку сада да става вялікі гаючы ручай. А цясніны зараслі бярозамі і піхтамі. З другога боку сада ўздымаецца капліца, якая цяпер апусцела, бо Маскоўскі ўрад забараняе яе аднаўленне… Дай божа, каб гэтае каханае Дзягільна не перайшло ў рукі дзяржавы, што можа і здарыцца, бо Януарый, прызнаваючы яго сваім, стомлены, змораны турботамі, якія на працягу столькіх гадоў клапацілі Дзягільна, не надта яго любіць. Справядлівей было б, каб Дзягільна дасталася Тадэвушу, сыну Рамуальда, адзінаму мужчыну ў нашай радні. Пяцьдзесят  гадоў маёнтак належыць нам. Ні я, ні  Рамуальд  не мелі дачынення да кіравання ім, няхай жа пасля смерці Януарыя Тадэвуш атрымае яго ў спадчыну”.

Пасля смерці Януарыя і Тадэвуша род Янушкевічаў па мужчынскай лініі спыніў існаванне, а Дзягільна перайшло тытулярнаму саветніку Канстанціну Вашчыніну і яго жонцы Кацярыне Вашчынінай.

Помнік Адольфу Янушкевічу, аўтар —  скульптар Валяр’ян Янушкевіч, адзін з нашчадкаў знакамітага роду