Калядныя гулянні на цэнтральнай плошчы Дзяржынска адбудуцца 7 студзеня

Чароўныя дні Калядаў прасякнуты надзеяй і прадчуваннем цудаў, святлом дабрыні і спагады, і абавязкова суправаджаюцца вясёлымі гуляннямі-святкаваннямі. На Дзяржыншчыне зараз таксама праходзяць разнастайныя святочныя імпрэзы, касцюміраваныя шэсці, канцэртныя праграмы і вечары. Добра павесяліцца на Каляды, паводле народных прыкмет, — забяспечыць дабрабыт на ўвесь новы год.
Шэсці калядоўшчыкаў і святочныя забаўляльныя праграмы рыхтуюць у Томкавічах, Баравіках, Чаркасах, Данілавічах, Дворышчы, Путчыне, Волме, Станькаве, Негарэлым, Логавішчы, Баравым, Чэрнікаўшчыне.

7 студзеня ў 12.00 на вясёлую калядную сустрэчу запрашаюць гасцей і землякоў Фаніпальскі гарадскі Дом культуры і Дом культуры пасёлка Энергетыкаў.
У Дзяржынску калядныя гулянні на цэнтральнай плошчы адбудуцца таксама 7 студзеня, пачатак — у 15.00. На забаўляльную праграму каля цудоўнай ялінкі-прыгажуні завітаюць Дзед Мароз і казачныя персанажы, будуць працаваць разнастайныя выставы, гульнявыя пляцоўкі і кірмаш. Цудоўнае каляднае віншаванне — святочную канцэртную праграму падрыхтавалі артысты Дзяржынскага гарадскога Дома культуры і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Няхай жа святочныя дні, поўныя радасных сустрэч, падарункаў, добрых пажаданняў і светлых надзей, яднаюць нас і натхняюць кожнае сэрца!