Пачатак гісторыі малой радзімы. Па слядах адной вандроўкі

У народзе кажуць, што варушыць старое – справа не зусім прыемная, а ў некаторых выпадках – нават няўдзячная. Можа яно і так, але існуе і такое паняцце, як ісціна, якую высока цанілі філосафы і мудрацы ва ўсе часы. Вось чаму, працягваючы размову пра так званы крутагорскі перыяд Дзяржыншчыны, варта яшчэ раз звярнуцца да такога цікавага пытання, як дата заснавання нашага горада і з’яўленне яго папярэдніх назваў – Крутагор’е і Койданава.
Для краязнаўства сутнасць гэтых паняццяў мае прынцыповае значэнне, таму да іх асвятлення неаднаразова звярталіся даследчыкі мінулага нашага краю. Аднак пакуль што па гэтай тэме ў нас пераважаюць даволі супярэчлівыя думкі і выказванні, якія заснаваны альбо на міфалагічных здагадках, альбо на меркаваннях, якія не маюць пад сабою навуковага абгрунтавання. І на гэта існуюць свае прычыны, бо з-за адсутнасці архіўных дакументаў і іншых пісьмовых крыніц немагчыма пацвердзіць альбо абвергнуць іх верагоднасць. Вось чаму гэтыя выказванні так і не набылі агульнага паразумення, а ў карыстанні на працягу апошніх дзесяцігоддзяў зацвердзілася краязнаўчая думка, у адпаведнасці з якой зыходнай кропкай летаналічэння ўзросту нашага горада лічыцца 1146 год, а яго першай назвай – Крутагор’е.
Калі так, то па сутнасці мы маем адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, які, дарэчы, на год старэйшы за Маскву. Як бачым, падстава для гонару дастаткова прыстойная
Аднак, паглыбляючыся ў гэту праблему, міжволі сутыкаешся з усведамленнем таго факта, што не ўсё так проста ў гэтых высновах. Сапраўды, па прынятай у сучаснай гісторыяграфіі практыцы, датай заснавання старадаўняга паселішча лічыцца год яго першага згадвання ў афіцыйна прызнаных дакументальных крыніцах, такіх, як летапіс, хроніка, дзяржаўнае пагадненне ці дамова, даравальная грамата, даверчы акт і іншае. У выпадку з нашым горадам такі агульнапрыняты падыход быў парушаны, а за пункт адліку яго ўзросту ўзяты другарадны па сваёй класіфікацыі запіс, даставернасць якога небеспадстаўна выклікае сумненні. І атрымалася, што прапанаваны радавод нашага населенага пункта амаль цалкам пабудаваны не на аб’ектыўна існуючых фактах, а на здагадках. Таму і ўзнікла неабходнасць яшчэ раз выказацца па гэтай складанай праблеме, каб, па магчымасці, выправіць асобныя супярэчнасці і краязнаўчыя хібы, якія дасталіся нам у спадчыну ад папярдніх даследчыкаў даўніны, а таксама прывесці дадзеныя ў адпаведнасць з агульнапрынятымі нормамі гістарычнага працэсу.
Што ж стала прычынай, якая прывяла да такіх супярэчнасцяў? А ўсё пачалося з таго, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя інтэлігентнага выгляду чалавек сеў у дыліжанс, каб ажыццявіць задуму, звязаную з творчай вандроўкай. Яго маршрут пачаўся з Варшавы і пралягаў далей ва ўсходнім накірунку. На прыпынках падарожнік не адпачываў, а паспяваў агледзець мясцовасць, пагутарыць з людзьмі і запісаць іх успаміны. Пазней гэты матэрыял, апрацаваны ў літаратурнай форме, быў пакладзены ў аснову шэрагу публікацый у расійскім часопісе «Современник». У 1858 годзе іх выдалі асобнай кнігай пад назваю «Путешествие по Полесью и белорусскому краю», а аўтарства належала вядомаму на той час этнографу і даследчыку культурнай спадчыны беларускага народа Паўлу Шпілеўскаму.

На сваім шляху праз Мінскую губернію Шпілеўскі затрымаўся на паўдня ў Койданаве, дзе таксама выкарыстаў вольны час, каб паглыбіць свае веды пра мястэчка. Па аб’ёму тэкст змяшчаецца на двух старонках, але ўтрымлівае шмат цікавых фактаў пра гістарычны шлях нашага горада.
Сярод іх і апынуўся той знакаміты запіс, які, па сваёй сутнасці, з’яўляецца гіпатэтычным выказваннем
Менавіта ён і стварыў парадаксальную сітуацыю, скіраваўшую думкі нашых даследчыкаў-краязнаўцаў на шлях вызначэння даты заснавання нашага горада і яго першапачатковай назвы (даецца на мове арыгінала): «Местное предание говорит, что Койданов когда-то назывался Крутогорьем, меж зданиями которого красовался большой каменный замок с великолепным зверинцем. Если к этому преданию присоединить другое, что в старой койдановской (сгоревшей) православной церкви была икона с надписью «Крутогорье, 1146 года», то можно полагать, что до второй половины XII века еще не существовало название Койданова».
Далей аўтар прыводзіць звесткі з польскіх хронік пра тое, як літоўскія князі ў бітвах пад Койданавым нанеслі непапраўны ўрон татарскім войскам, а таксама дае апісанне старажытных славутасцей мястэчка.

Як вучоны і этнограф, Павел Шпілеўскі ў непрацяглыя хвіліны прыпынку ў населеных пунктах, праз якія пралягаў маршрут, з вялікай ахвотай цікавіўся вуснай народнай творчасцю, запісваючы прымаўкі, легенды і паданні, якія існавалі ў той ці іншай мясцовасці. У мястэчках, дзе пераважала яўрэйскае насельніцтва, вандроўнік вымушана карыстаўся паслугамі так званых фактараў – маладых людзей, у якіх не было пэўных заняткаў, а таму яны гатовы былі выконваць розныя даручэнні, каб атрымаць хоць які сціплы заробак.
Вось як характарызаваў сваіх памагатых сам вучоны: «Жид-фактор для проезжего то же, что для столичного жителя газета или для археолога архив редкостей. Он расскажет вам все достопримечательности города, познакомит на словах со всеми знаменитостями его, объяснит, кто где живет, с кем знаком, что ест-пьет, на чем спит, какое имеет состояние – словом, передаст вам все, что хотите о своем городе, и вдобавок возьмется исполнить все ваши поручения, как бы они ни были трудны, и действительно исполнит. Но не думайте, чтоб это обошлось вам дорого: ничуть! За полтинник фактор будет бегать целый день».
Няма сумненняў, што менавіта такі словаахвочы яўрэй-фактар наняўся да Паўла Шпілеўскага, каб суправаджаць яго, калі той вырашыў зрабіць агляд найбольш прыкметных мясцін старажытнага Койданава
Як вядома, асобы гэтай нацыянальнасці адораны спецыфічнай кемлівасцю, а таму, пры неабходнасці, здольны да розных хітрыкаў і прыдумак. Бясспрэчна, што і гід-фактар, які суправаджаў Паўла Шпілеўскага, каб зрабіць уражанне на заезжага вандроўніка, не надта звяртаў увагу на такую акалічнасць, як слушнасць і дакладнасць выказанай ім інфармацыі, а таму мог злоўжываць даверам свайго суразмоўцы.
Аднак вучоны быў чалавекам адукаваным і дасведчаным у пытаннях гісторыі, і яго кампетэнтнасць, і веды не выклікалі ніякіх сумненняў. Пры неабходнасці ён мог у кожным народным паданні знайсці рацыянальнае зерне, нават калі з цягам часу яно абрастала рознымі міфамі альбо прыдумкамі. Таму ў агульным нарыс пра Койданава, напісаны рукою Паўла Шпілеўскага, можна лічыць творчай знаходкай, у якой аўтар добрасумленна агучыў значны культурны пласт койданаўскага фальклору. Магчыма, вучоны і сам асабліва не верыў тым словам, якія яму даводзілася чуць ад гіда-фактара.
Вось чаму ў такіх выпадках ён заўсёды рабіў папярэджанне: «местное предание говорит…», даючы чытачам зразумець, каму належыць тая ці іншая інфармацыя і як да яе патрэбна ставіцца
Аднак такія перасцярогі не былі прыняты да ўвагі сучаснымі краязнаўцамі. У сярэдзіне 1980-х гадоў у полі зроку даследчыкаў, якіх цікавіла мінулае нашага горада, зноў трапіла даўно забытая кніга Паўла Шпілеўскага, якая больш чым на стагоддзе згубілася на архіўных паліцах. Прэтэндуючы на ролю першаадкрывальнікаў, яны пачалі актыўна прапагандаваць вытрымку з нарыса Паўла Шпілеўскага, дзе згадвалася спасылка на дату 1146 год і назву Крутагор’е. На той час кніга «Путешествие по Полесью и белорусскому краю» была вядома толькі вузкаму кругу навукоўцаў, таму вытрымкі з гэтага выдання ўспрымаліся на давер. Так пачаў стварацца міф пра паходжанне нашага горада. Каб увязаць яго са згаданай іконай, адначасова было абвешчана, што ў тым жа годзе ў паселішчы пачала дзейнічаць Свята-Пакроўская царква.

У ліпені 1996 года дзяржынцы ўпершыню ўрачыста адзначылі 850-гадовы юбілей нашага горада. Ганаровым госцем на свята быў запрошаны мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, першы Патрыяршы экзарх усея Беларусі. Владыка правёў абрад асвячэння памятнага знака, на якім былі адзначаны дата 1146 год і назва Крутагор’е. Пазней яны былі замацаваны ў большасці энцыклапедычных даведнікаў.
(Працяг будзе)
Віктар УРАНАЎ
Рекомендуем
