Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. Манголы і татары

Пачатак гісторыі малой радзімы. Манголы і татары

Яшчэ адна версія, звязаная з узнікненем тапоніма Койданаў, мае непасрэднае дачыненне да падзей, якія ўскалыхнулі старажытную Русь. У 1239–1241 гадах з цэнтральна-азіятскіх стэпаў у межы рускіх княстваў уварвалася шматлікая і добра падрыхтаваная конніца хана Батыя. Вогненнай лавінай яна пранеслася па славянскіх землях. Гэта нашэсце, вядомае як мангола-татарскае іга, на стагоддзі прадвырашыла далейшае жыццё насельніцтва на захопленых тэрыторыях.

А пачалося ўсё ў 1206 годзе, калі каля вытокаў ракі Анон на агульным курултае найонаў (феадальных князёў стэпавых плямён) уплывовы правадыр аднаго з улусаў па прозвішчы Цемуджын быў абраны вялікім ханам. Перайменаваўшыся пасля выбрання ў Чынгісхана, гэты ганарлівы і ўладарны чалавек пачаў аб’ядноўваць, дзе з дапамогай ваеннай сілы, а дзе і вераломствам, суседнія плямёны. Як сведчыць гісторыя, у гэтым супрацьстаянні найбольшыя ахвяры панеслі татары, з якімі Цемуджын здаўна быў у варожых адносінах. Адчуваючы, што гэты ваяўнічы і непакорлівы народ уяўляў сур’ёзную пагрозу ў барацьбе за ўладу, Цемуджын вырашыў у першую чаргу паквітацца з гэтым небяспечным канкурэнтам.

Яго помста была бязлітаснай і жорсткай. Атрымаўшы рашучую перамогу над сваім даўнім ворагам, ён аддаў загад вынішчыць усё дарослае насельніцтва татар. У жывых нукеры Цемуджына пакінулі толькі дзяцей, чый рост не перавышаў кола арбы, а таксама нязначную колькасць прыгожых маладых жанчын, якім адводзілася роля наложніц. Дарэчы, і сам правадыр манголаў узяў сабе ў гарэм дзвюх сясцёр-татарак, якіх звалі Есукат і Есулан.

Вось так, у выніку няспыннай барацьбы, Чынгісхан здолеў аб’яднаць шматлікія качавыя плямёны. Аднак жыхары суседняй імперыі, якія бараніліся ад іх ваянічых намераў за Вялікай Кітайскай сцяной, па-ранейшаму працягвалі называць гэты стэпавы народ варварамі, што было не да спадобы Чынгісхану. Таму ён, у процівагу кітайцам, называў свой аб’яднаны саюз манголамі. Пазней гэты кангламерат плямёнаў уваўшоў у склад адзінай магутнай дзяржавы, дзе ўсё было падпарадкавана дысціпліне і пакорнасці вялікаму хану. Дарэчы, і прадстаўнікі яго роду таксама былі прызнанымі галоўнымі над іншымі племяннымі аб’яднаннямі.

У канцы свайго жыцця правадыр манголаў пакінуў сваім нашчадкам велізарную імперыю, тэрыторыя якой раскінулася ад Ціхага акіяна і Паўночнага Кітая на Усходзе да Каспійскага мора на Захадзе. Завяршаючы жыццёвы шлях, Чынгісхан змяніў гнеў на міласць у адносінах да татар. Таму былое апальнае племя зноў заняло прывілеяванае становішча сярод манголаў і нават зраўнялася па становішчы з родам Чынгісхана.

Пагроза з Усходу

У 1235 годзе на агульным курултае было абвешчана аб падрыхтоўцы да так званага Кіпчакскага паходу, каб выканаць апошнюю волю Чынгісхана, які марыў пра заваяванне ўсіх народаў. Войска даручылі ўзначаліць Бату-хану – унуку Чынгісхана ад яго сына Джучы, які да гэтага часу паспяхова авалодаў Сібір’ю, стварыўшы там улус. Цяпер наперадзе чакалі кіпчакскія (палавецкія) стэпы і землі русінаў, што раскінуліся на неабсяжных прасторах Усходняй Еўропы. Таму і было даручана хану Батыю ісці на дапамогу бацьку, каб агульнымі намаганнямі завяршыць пачатую справу.

Разам з ім у паходзе прымалі ўдзел аб’яднаныя сілы большасці ханаў-чынгізідаў – нашчадкаў вялікага Чынгісхана, якія гаспадарылі ў розных правінцыях велізарнай Мангольскай імперыі.

Сярод іх былі і сыны Угэдэя (старэйшага сына Чынгісхана) Гуюк і Кадан (Кайдан)

Сабраўшы войска, якое налічвала прыблізна 120 тысяч чалавек, мангола-татары вясною 1236 года рушылі ў паход. Аб’яднаўшыся з улусам Джучы, яны напалі на Волжскую Булгарыю, дзе стварылі плацдарм для далейшага руху на землі русінаў. Для ўсходніх заваёўнікаў гэта была галоўная перашкода, бо хан Батый і яго ваеначальнік Субэдэй паставілі сабе за мэту падпарадкаваць не толькі Усходнюю, але і Заходнюю Еўропу, каб дайсці да «апошняга мора» і стаць уладарамі Сусвету.

У снежні 1237 года Батыевы тумены ўварваліся ў межы Разанскага княства, далей былі разрабаваны Каломна, Масква, Уладзімір, Таржок, Мурам, Пераяслаўль, Чарнігаў, Кіеў і шэраг іншых славянскіх гарадоў. Нягледзячы на гераічную абарону, рускія князі, раз’яднаныя феадальнай міжусобіцай, так і не змаглі даць адпор ворагу. Мангола-татарскія войскі здолелі дайсці да межаў Заходняй Еўропы, але на гэтым ім давялося спыніцца, бо сілы былі на зыходзе. Ад бесперапынных баявых дзеянняў на працягу некалькіх гадоў Батыева войска знясілела, таму хан аддаў загад спыніць паход і павярнуць назад у Заволжскія стэпы, дзе пазней узнікла новая дзяржава – Залатая Арда.

У пошуках татарскага следу

Мангола-татары, як стэпавы народ, былі выдатнымі воінамі на адкрытай мясцовасці, а вось у лясах і балотах іх тактыка бою не мела ніякіх пераваг. Як сведчаць летапісы, у 1258 годзе хан Бурундай зрабіў спробу ўварвацца ў межы Вялікага Княства Літоўскага, якое толькі пачало нараджацца. У якасці правадніка па невядомай краіне ён узяў свайго саюзніка – галіцка-валынскага князя Васільку. У тым паходзе заваёўнікам ніхто не мог адкрыта супрацьстаяць, але галоўнай перашкодай для іх паўсталі балоты і лясы, таму вялікага багацця на паўночных землях яны не здабылі, хаця і спустошылі некалькі гарадоў. Вось чаму, адчуваючы безвыніковасць сваіх баявых намаганняў, яны адмовіліся ісці далей і павярнулі назад.

Такія ж няўдалыя спробы заваяваць народы на беларускіх землях мангола-татарскія захопнікі рабілі ў 1272, 1275 і 1287 гадах, але плаціць сабе даніну яны так нікога і не прымусілі. Таму на пэўны перыяд набегі стэпнякоў у гэтым накірунку прыпыніліся.

Тым не менш праз вусную народную творчасць жыхары Койданава працяглы час захоўвалі паданне пра так званую Крутагорскую бітву XIII стагоддзя

Гэты татарскі след (без асабліва паглыбленага аналізу падзей таго перыяду) устойліва замацаваўся ў памяці людзей і нават ператварыўся ў частку нашай краязнаўчай гісторыі. Сцвярджалася, што падчас ваеннага паходу войскаў хана Батыя адзін з яго ваеначальнікаў хан Кайдан раптоўна з’явіўся на крутагорскіх землях, але насуперак яму паўсталі харугвы мясцовых князёў. У вырашальнай бітве татары пацярпелі паражэнне, а сам хан загінуў.

Як ні дзіўна гэта гучыць, але нібы ў гонар забітага ворага і адбылося перайменаванне паселішча Крутарор’е ў Койданаў

Больш таго, гэты народны погалас знайшоў пацверджанне і ў мастацкіх творах. Так, наш зямляк, паэт Артур Вольскі гэтай бітве прысвяціў паэму «Паланянка» (1962), а пазней, у 1965 годзе, на яе аснове было створана лібрэта оперы «Ліхалецце». (1965). Ужо ў наш час пісьменнік са Стаўбцоўшчыны Алесь Камароўскі ўвасобіў вобраз Кайдана ў сваім рамане «Стрэлы над Крутагор’ем». Гераічнай барацьбе нашага народа супраць мангола-татарскага нашэсця прысвячалі свае вершы і нашы мясцовыя аматары літаратурнага слова.

Аднак зусім іншую думку пра Крутагорскую бітву выказалі навукоўцы, якія запэўнілі, што такая бітва з удзелам хана Кайдана наогул не магла адбыцца – ніводная дакументальная крыніца не засведчыла гэты эпізод. Наадварот, у летапісах адзначалася, што палкаводзец з такім прозвішчам сапраўды забяспечваў рух авангарда мангола-татарскага войска. У 1241 годзе ён са сваімі вершнікамі дайшоў да Сілезіі і Маравіі (Чэхія), пасля чаго, разрабаваўшы Венгрыю, вярнуўся ў Заволжскія стэпы, дзе заснаваў свой улус і, магчыма, дажыў да паважаных гадоў.

Пра Кайдана таксама згадвалі Іпацьеўскі, Супрасльскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы, якія сапраўды адносілі яго да ліку самых знакамітых татарскіх ваеначальнікаў, але ніводная з іх не называла гэта прозвішча ў сувязі з бітвай каля Крутагор’я.

На самай жа справе ўпершыню пра бітву каля Койданава паведаміла нам «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», але там яна адбылася ў 1272 годзе, а войскі татар узначальваў не Кайдан, а Балаклай

Таму з’яўленне падання пра Крутагорскую бітву сярод жыхароў Койданава можна патлумачыць тым, што і ў назве іх паселішча, і ў прозвішчы татарскага хана праглядвалася поўнае падабенства па гучанні, што і падштурхнула да высновы стварыць чарговую легенду пра назву паселішча.

(Працяг будзе)                                                                           

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59