Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. Загадкавы летапіс

Пачатак гісторыі малой радзімы. Загадкавы летапіс

Летапісанне, якое існавала ў Вялікім княстве Літоўскім у XV–XVI стагоддзях, не атрымала шырокага распаўсюджвання ў грамадстве, але як літаратурны жанр знайшло сваё месца ў асяроддзі адукаваных людзей. Тым больш што першачаргова яно было скіравана як на адстойванне агульнадзяржаўных інтарэсаў, так і на ўмацаванне вялікакняжацкай улады. І ў гэтым сэнсе годна выканала сваю ролю.

Беларуска-літоўская гістарычна-дакументальная літаратура з самага пачатку свайго нараджэння вызначалася шэрагам асаблівасцей. Яна стваралася не шляхам сістэмнага назапашвання падзей па гадах, як гэта звычайна рабілі летапісцы таго часу, а складалася з асобных сюжэтных твораў (хронік), якія пазней размяшчаліся ў храналагічным парадку і аб’ядноўваліся ў зводы. Усяго за два стагоддзі на старажытнабеларускай мове былі выдадзены тры аб’ёмныя рукапісныя фаліянты, вядомыя пад назвамі «Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і «Хроніка Быхаўца».

Апошні з’яўляецца найбольш поўным зборам звестак пра мінулае ВКЛ, і, па сутнасці, гэта адна з першых спроб стварэння агульнадзяржаўнай гісторыі. Аднак даволі цьмянае мінулае гэтага старажытнага твора разам з выяўленымі ў змесце шматлікімі тэкставымі хібамі на працяглы тэрмін забяспечылі даволі супярэчлівыя адносіны да яго, што адмоўна паўплывала на рэпутацыю выдання.

Дарэчы, шматлікія спрэчкі ў навуковых колах, якія ўзнікалі па зместу «Хронікі Быхаўца», так і не далі станоўчых адказаў на ўсе паднятыя пытанні. Вось чаму твор па-ранейшаму адносіцца да найбольш загадкавых дакументаў сярэднявечча, а таму патрабуе больш дэталёвага аналізу, каб хаця б патлумачыць сутнасць тых малавядомых фактаў, якія канцэптуальна звязаны з мінулым нашага краю.

Менавіта ў гэтым летапісе нейкім чынам з’явіўся даволі спрэчны запіс, які мае непасрэднае дачыненне да гісторыі Дзяржынска

Арыгінал твора быў напісаны на заходнерускай (старабеларускай) мове з ужываннем кірыліцы. Гэта дало падставу выказаць меркаванне, што месцам яго стварэння з’яўлялася паўднёва-заходняя частка Вялікага княства Літоўскага. «Хроніка» прыпыняе апісанне падзей перамогай над крымскімі татарамі пад Клецкам, што, як вядома, адбылося 6 жніўня 1506 года, таму небеспадстаўна можна зрабіць вынік, што прыкладна ў гэты перыяд работа па яе стварэнню канчаткова завяршылася.

Найбольш верагодным месцам напісання летапісу можна лічыць Случчыну, якая на той час з’яўлялася часткай уладанняў аднаго з буйнейшых магнатаў Вялікага княства Літоўскага Міхала Алелькавіча-Слуцкага, а пазней – яго нашчадкаў. Яны паходзілі са старажытнага княжацкага роду, які сваім дынастычным адгалінаваннем браў пачатак ад знакамітага вялікага князя Альгерда. Атрымаўшы ў спадчыну шматлікія землі вакол Капыльшчыны і Случчыны, гэтыя дзейныя і гаспадарлівыя магнаты здолелі ператварыць правінцыйны Слуцк у буйны духоўны цэнтр, дзе ўзводзіліся праваслаўныя храмы, адкрываліся школы, працавалі скрыпторыі – спецыялізаваныя майстэрні па перапісванні кніг.

Усё гэта наводзіць на думку, што менавіта Алелькавічы-Слуцкія з’яўляліся фундатарамі, забяспечыўшымі стварэнне гэтага буйнога летапіснага збору, які па задуме яго стваральнікаў складаўся з трох частак. Першая ўвабрала ў сябе звесткі ад легендарнага патрыцыя Палемона да моманту смерці караля Міндоўга (1263 год). Другая ахапіла прамежак ад 1263 да 1320 года і трэцяя – ад 1320 да 1506 года ўключна. Як бачна, стваральнікі гэтага летапісу ўзялі з «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» гісторыю пра міфічнага Палемона, дапоўніўшы яе аповесцю пра князёў Міндоўга і Войшалка з Галіцка-Валынскага летапісу. А вось крыніцай для напаўнення зместу «Хронікі» часоў Альгерда і Вітаўта, бясспрэчна, стаў Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года. Магчыма, такі падыход да стварэння «Хронікі Быхаўца» дае падставу абвінаваціць яе творцаў у плагіяце. Але тут патрэбна адзначыць, што запазычаны з іншых летапісаў гістарычны матэрыял быў творча перапрацаваны, таму «Хроніку» можна лічыць самастойным мастакім творам.

Прозвішчы стваральнікаў летапісу так і засталіся невядомымі

Пасля завяршэння гэтай працяглай і вельмі складанай працы рукапіс, па ўсёй верагоднасці, некаторы час захоўваўся ў бібліятэцы Алелькавічаў-Слуцкіх. Аднак барацьба за вялікакняжацкую пасаду, якую пачаў князь слуцкі і кіеўскі Сямён Алелькавіч, прывяла да сур’ёзнага канфлікту паміж гэтым магнацкім родам і каралеўскай уладай Ягелонаў. Гэтыя адносіны яшчэ больш абвастрыліся пры карале Польшчы Жыгімонце I (Старым). Прадстаўнікі роду Алелькавічаў-Слуцкіх былі пазбаўлены ўсіх правоў, у тым ліку – займаць дзяржаўныя пасады і прысутнічаць на пасяджэннях Паны-рады. І хаця па-ранейшаму яны актыўна змагаліся са знешнімі ворагамі ВКЛ (нават самастойна здолелі адбіць напады на Слуцк крымскіх татар у 1502 і 1503 гадах), аднак паблажлівасці ад польскага караля прадстаўнікі гэтай знакамітай дынастыі так і не атрымалі.

 У першай палове XVI стагоддзя палітычнае становішча князёў Случчыны і Капыльшчыны канчаткова пагоршылася. Якраз у гэты неспрыяльны для іх перыяд каштоўны рукапіс «Летапісу» загадкавым чынам бясследна знікае на больш чым два стагоддзі. І, што цікава, ніхто не ведае, дзе ён знаходзіўся такі працяглы тэрмін.

Адшукаць яго дапамог выпадак. У пачатку XIX стагоддзя ў маёнтку Магілеўцы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерніі гаспадарыў пан Аляксандр Быхавец. Быў ён са шляхецкага роду і, каб мець рэпутацыю адукаванага чалавека, трымаў уласную бібліятэку. Да яго нярэдка наведваўся настаўнік Віленскай гімназіі Іпаліт Клімашэўскі. Звычайна вольны час сябры бавілі за размовамі, а месцам іх сустрэч была бібліятэка. У адзін з такіх прыемных вечароў госць звярнуў увагу на даволі пашарпаную старажытную кнігу, якая ўжо не мела ўсіх лістоў (як у пачатку, так і ў канцы). З дазволу гаспадара маёнтка настаўнік пачаў гартаць старонкі рукапісу і раптам зразумеў, якая каштоўная рэч трапіла яму ў рукі. Гэта быў арыгінал «Хронікі», што знікла з бібліятэкі Алелькавічаў-Слуцкіх.

У 1830 годзе Іпаліт Клімашэўскі надрукаваў невялікі фрагмент з «Хронікі», якую, дарэчы, назваў «Літоўскай». Такім чынам, пра існаванне летапісу даведалася шырокае кола навуковай грамадскасці. Аднак сваю справу настаўнік гімназіі не змог давесці да канца. Калі выбухнула шляхецкае паўстанне 1830–1831 гадоў супраць царызму, малады чалавек прыняў у ім удзел, быў арыштаваны і трапіў за турэмныя краты. Пасля змог выбрацца з няволі і ратаваўся за мяжою.

У 1834 годзе сам пан Быхавец, адчуўшы адказнасць за далейшы лёс летапіснага збору, перадаў яго вядомаму гісторыку Тэадору Нарбуту, які жыў не так далёка – у маёнтку Шаўры Лідскага павета. Навуковец з задавальненнем прыняў каштоўны і ўнікальны падарунак. У той час ён ужо працаваў над стварэннем «Старажытнай гісторыі літоўскага народа». Дзякуючы Быхаўцу ён атрымаў магчымасць выкарыстаць раней невядомую «Хроніку» ў якасці дадатковага матэрыялу для свайго даследавання. А ў 1846 годзе Нарбут надрукаваў рукапіс у серыі «Помнікі літоўскай гісторыі», прычым у тым аб’ёме, у якім твор быў знойдзены ў маёнтку Магілеўцы. Аднак варыянт навукоўца адрозніваўся ад першапачатковага: ён быў перапісаны на той жа мове, але з дапамогай польскай транскрыпцыі (лацінкі).

Тады ж за творам замацавалася назва «Хроніка Быхаўца» – па прозвішчу яе апошняга ўладальніка

Пасля гэтага арыгінал рукапісу, напісаны на кірыліцы, знікае канчаткова. Яго адсутнасць парадзіла чуткі ў навуковых колах, што Нарбут як бы зноў стварыў фальсіфікат, бо ў сваёй практыцы ён не грэбаваў ужываць розныя прыдумкі, каб надаць большую цікаваць сваім гістарычным нарысам. Аднак пазней у архівах быў знойдзены летапіс, які належаў князям Заслаўскім. Дарэчы, менавіта яго неаднаразова цытаваў яшчэ адзін польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі. Параўнальны аналіз гэтых тэкстаў пацвердзіў, што «Хроніка Быхаўца» існавала на самай справе. Другім разам яна была надрукавана ў XVII томе Поўнага збору рускіх летапісаў у 1907 годзе.

Змест гэтага старажытнага твора дэталёва вывучаў і выказваў шмат заўваг наш зямляк, доктар гістарычных навук Мікалай Улашчык

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59