Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. Хто дбае, той мае

Пачатак гісторыі малой радзімы. Хто дбае, той мае

Першыя пасяленцы, якія аселі на крутагорскіх землях, былі людзьмі дапытлівымі і працалюбівымі. Да гэтага часу яны ўжо валодалі сакрэтамі апрацоўкі глебы, а таму галоўным іх заняткам лічылася земляробства. Спрыяльны прыродны асяродак абумовіў і развіццё жывёлагадоўлі, да якой крутагорцы таксама мелі схільнасць. Даволі карыснай справай лічылася і бортніцтва – збор мёду ад дзікіх пчол. Таму жыццё ў гэтым краі віравала, а родавыя абшчыны разрасталіся, абжываючы гэтыя прыгожыя мясціны.

Паносіш мазалёў – з’ясі і хлеба

Дабрабыт крутагорцаў цалкам залежаў ад таго, чым іх адорвала прырода, а таму яны з павагай адносіліся да яе шчадрот. Але ўсё гэта не давалася дарма, а забяспечвалася настойлівай працай. Асаблівага клопату да сябе патрабавала галоўная карміліца – зямля. Каб зрабіць яе здатнай да ўрадлівасці, даводзілася прыкладаць шмат намаганняў. Большасць пагоркавых схілаў была пакрыта гушчарыстым лесам, вось чаму, каб атрымаць ворыва, патрабавалася ачысціць пэўную плошчу ад густога дрэвастою.

Працаваць даводзілася гуртам. Спачатку вакол ствала агалялі карані, затым іх падсякалі і хілілі дрэва на бок, пакуль яно не губляла ўстойлівасці і пад цяжарам верхавіны не завальвалася на зямлю. Усё тое, што выварочвалася з-пад камля, абкладвалі сухастоем і падпальвалі. Калі ўчэпістыя карані выгаралі, ствол начыста агалялі, пасля чаго яго дзялілі на бярвенні і выкарыстоўвалі ў якасці будаўнічага матэрыялу. З галля, што заставалася, і смецця зноў раскладвалі вогнішчы, а попел раскідвалі навокал, каб яго карыснымі рэчывамі падняць урадлівасць глебы.

І так крок за крокам ішла распрацоўка поля, якое звалася ляда. Гэта была напружаная праца, але яна забяспечвала абшчыну асноўнымі прадуктамі харчавання

Калі пасля Каляд нябеснае свяціла набірала моц і пачынала праграваць зямлю, на ляда выходзілі жанчыны. Рыдлёўкамі яны раўнавалі паверхню і даводзілі да ладу дзялянку, каб падрыхтаваць яе да пасеву ярыны. Ужо тады з зерневых культур крутагорцам былі вядомы ячмень, жыта, авёс, проса, гарох, з гародніны – рэпа, рэдзька, морква, цыбуля.

Спачатку ўраджаі былі нязначныя, але з прымяненнем больш дасканалых прылад працы пачаліся зрухі ў лепшы бок. Замест матыкі ў якасці рала пачала прымяняцца верхавіна яліны з напалову падсечанымі галінкамі – так званая сукаватка, якую цягнулі некалькі чалавек, падварушваючы такім чынам глебу. Пазней на змену гэтаму вынаходніцтву прыйшла драўляная саха. А з выкарыстаннем у якасці цяглавай сілы коней з’явілася ворыўнае земляробства, якое значна павысіла ўрадлівасць палеткаў, а таму запасы прадуктаў харчавання ўстойліва ўзрасталі, а разам з гэтым знікала залежнасць чалавека ад прыроды.

З хатніх жывёл насельніцтва Крутагор’я аддавала перавагу развядзенню кароў, коней, коз, свіней, што таксама ў значнай ступені дапамагала вырашаць праблему харчавання. Больш таго, у дадатак да зробленага ўласнымі рукамі, у лясах па-ранейшаму ішоў збор грыбоў, ягад, розных лекавых раслін. Распаўсюджаным промыслам было бортніцтва, а мёд і вашчына знаходзілі шырокае прымяненне ў хатнім побыце. Паляўнічыя жа галоўным чынам вялі дабычу пушных звяроў, скуры якіх ішлі на выраб цёплага адзення.

Рэкі, якія бралі пачатак на крутагорскіх схілах, толькі набіралі моц і не вызначаліся багатымі ўловамі, а таму рыбалоўства ў гэтых месцах не набыло прымысловых памераў

Куй жалеза, пакуль гарачае

Працяглы час родавыя абшчыны Крутагор’я жылі натуральнай гаспадаркай, калі ўсе набытыя калектыўнай працай прадукты харчавання і рэчы хатняга ўжытку лічыліся агульнымі і аднолькава размяркоўваліся паміж членамі вялікай сям’і. Аднак з цягам часу патрэбы людзей узрасталі, і з ліку земляробаў пачалі выдзяляцца майстры і майстрыхі, якія праяўлялі схільнасці да іншага роду дзейнасці. Спачатку іх занятак знаходзіў прымяненне толькі для забеспячэння патрэб членаў сям’і. Яны выраблялі прадзіва, шылі адзенне і абутак, ладзілі прадметы побыту, посуд, будавалі жыллё.

Археалагічныя даследаванні сведчаць пра тое, што ўжо ў VIII-IX стагоддзях сярод крывічоў і дрыгавічоў пачаўся працэс адасаблення раместваў ад земляробства і выдзяленне рамеснікаў у асобную сацыяльную групу. Сярод іх пераважалі ганчары, скураных спраў майстры, цесляры, бондары, шаўцы, але асаблівай пашанай карысталіся кавалі.

 Славяне здаўна ведалі, як плавіць жалеза з рудных выкапняў. На новых землях яны працягвалі займацца гэтай справай, а ў якасці сыравіны першыя металургі выкарыстоўвалі так званыя бурыя жалезнякі, залежы якіх у дастатковай колькасці былі раскіданы сярод дрыгвяных лугавін і поплаваў. Іх з’яўленне на гэтых тэрыторыях бяспрэчна было звязана з ледавікамі, якія неаднаразова спаўзалі з поўначы, дасягаючы межаў сучаснай Беларусі. Вось чаму і крутагорская зямля не была абдзелена гэтымі карыснымі выкапнямі, якія па месцы іх знаходжання атрымалі назву балотнай руды.

Патрэба ў вырабах рэчаў з металу была дастаткова высокай, таму металургічная вытворчасць у гэтай мясцовасці адразу ж набыла грамадска-карысную накіраванасць і атрымала пашыранае развіццё

Залягалі жалезнякі адносна неглыбока, амаль што пад дзірваном, а іх месцазнаходжанне лёгка выяўлялася па спецыфічных бурых плямах на стаялай вадзе, што стварала першым металургам пэўную перавагу. Зняўшы верхні слой зямлі, рудакопы натыкаліся на руданосныя пражылкі і пачыналі іх распрацоўку. Вялікімі кавалкамі руду выносілі на сухое месца, дзе знаходзілася спецыяльна зробленая домніца для першаснай апрацоўкі руды. На гэтым этапе яе драбнілі, а потым закідалі ў жэрла печкі, дзе ўжо разгараліся смаляністыя адшчэпы ад пнёў хваёвых дрэў. Знізу праз адтуліны скуранымі мяхамі нагняталася паветра, пад струменямі якога тэмпература ў печцы дасягала тысячы і болей градусаў. Такога жару было дастаткова, каб руда пачынала мяняць сваю структуру і набывала якасці, характэрныя для жалеза. Яе часцінкі апускаліся на дно печы, спякаліся і ўтваралі порыстую жалезную масу, якая звалася крыца. Калі домніца астывала, знізу ў яе выбіваліся каменні, каб з попелу можна было дастаць аплаўленае рэчыва. Пакуль што гэта быў паўфабрыкат, які хаця і меў уласцівасці жалеза, але патрабаваў далейшай апрацоўкі.  

На той час крутагорскія кавалі лічыліся аднымі з лепшых у акрузе

Сваю майстэрню яны абуладкавалі на беразе ракі, асобна ад астатніх абшчыннікаў, каб не дакучаць ім сваёй шумлівай лезгатнёй. Побач знаходзілася печка-домніца, якая апальвалася пнямі-смалякамі, а з асноўных інструментаў у выкарыстанні меліся важкія накавальні і набор молатаў розных памераў.

Каб атрымаць якасны матэрыял, кавалі зноў змяшчалі крыцу ў вогніва домніцы. Праз пэўны час яны абцугамі выхоплівалі дыхаючы жарам кавалак жалеза, клалі яго на накавальню і пачыналі плюшчыць цяжкімі молатамі, каб выбіць з яго рэшткі шлака. Атрыманае такім чынам крычнае жалеза рабілася пластычным і лёгка мянала форму пад ударамі малатабойцаў, якія, не спыняючы працэс, працягвалі выпрацоўку неабходных рэчаў. Гэта былі нажы, сякеры, цяслы, рыдлёўкі, лапаты, наканечнікі для стрэлаў і гарпуноў, іншы неабходны для хатняга ўжытку інвентар. Да зброі справа пакуль не даходзіла, бо крутагорцы не мелі ворагаў, а паміж сабой жылі мірна.

На апошнім этапе атрыманую рэч зноў змяшчалі ў горан і даводзілі да чырвонага колеру, а потым кідалі ў халодную ваду. Рэзкая змена тэмпературы надавала жалезным вырабам неабходную трываласць і надзейнасць у выкарыстанні, таму рэчы, зробленыя крутагорскімі майстрамі, мелі попыт не толькі сярод мясцовых абшчыннікаў, але і былі вядомымі ў больш далёкіх месцах.

Працоўны дзень у майстэрні пачынаўся на досвітку. Пачуўшы ўдары молатаў і звон накавальняў, абшчыннікі звычайна з павагай казалі: «Во, і койды ўзяліся за справу». Чаму крутагорцы звалі кавалёў койдамі, адказ можна знайсці ў навуковай літаратуры. Даследчыкі даўніны сцвярджаюць, што ў гутарковай мове бліжэйшае да крывічоў племя балтаў так называла сваіх рамеснікаў, чый занятак быў звязаны з апрацоўкай жалеза. І такія моўныя запазычанні былі звычайнай з’явай у суседзяў.

Вытворчасць койдаў працягвала пашырацца і праз пэўны час недалёка ад майстэрні ўзнікла паселішча, якое пачало звацца Койданаў пасад

Невыпадкова, што назва майстроў-крутагорцаў, якія шмат зрабілі для праслаўлення свайго краю, пазней перайшла ў старажытны тапонім нашага населенага пункта.

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59