Пачатак гісторыі малой радзімы. Новая пагроза

Калі падчас Батыева нашэсця на Русь (1239–1241) мангола-татарскае ліхалецце абмінула заходнерускія княствы дрыгавічоў і крывічоў-палачан, то праз стагоддзе становішча рэзка змянілася, і новая хваля заваёўнікаў пачала ўварванні ў межы Вялікага Княства Літоўскага, якое пачало ўзвышацца.
Сітуацыя на той час складалася такім чынам, што Залатая Арда, створаная на месцы былога улуса Джучы, ператварылася ў самастойную дзяржаву. Свайго росквіту яна дасягнула пры ўладанні хана Узбека (1313–1341) і яго сына Джанібека (1342–1357). Іх войскі працягвалі рабаўнічыя набегі на суседнія народы. Пры гэтым яны задавольвалі свае патрэбы не толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, але і вялікай колькасцю палонных, якіх ператваралі ў «жывы тавар». Гандаль ішоў праз Крымскі паўвостраў, дзе ў горадзе Кафу існаваў вялікі нявольнічы рынак, праз які рабамі забяспечваўся ўвесь Усход.
У пачатку XV стагоддзя, калі пачаўся канчатковы распад Залатой Арды, на паўвостраве ў 1441 годзе ўтварылася самастойнае Крымскае ханства. Поўнасцю падпарадкаваўшы сабе мясцовае насельніца, крымскія татары (нагаі) не прыпынілі свой прыбытковы занятак і ў пошуках «тавару» бесперапынна рабілі свае драпежніцкія налёты на бліжэйшых суседзяў.
Нягледзячы на моцную пагрозу з боку як залатаардынцаў, так і іх крымскіх адзінаверцаў нагаяў, Заходняя Русь і Літва змаглі адстаяць сваю незалежнасць і не зведалі мангола-татарскага іга
Паспяховая барацьба супраць знешняй пагрозы была абумоўлена стварэннем моцнай цэнтралізаванай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Ля вытокаў гэтага працэсу стаяў знакаміты літоўскі князь Міндоўг, каранаваны на прэстол у 1253 годзе. Шляхам жорсткай барацьбы яму ўдалося аб’яднаць большасць літоўскіх феадалаў, а потым авалодаць землямі Верхняга Панямоння і Наваградчыны. Знясіленыя бесперапыннымі набегамі татар, фактычна без супраціўлення перайшлі пад уладу ВКЛ Галіцка-Валынскае княства і землі вакол Кіева.
Пашырыўшы такім чынам сваю тэрыторыю, новае дзяржаўнае ўтварэнне на поўдні ўшчыльную падышло да межаў татарскіх уладанняў. Крымскае ханства і ВКЛ раз’ядноўвала толькі Дзікае поле, якое конніца крымчакоў пераадольвала ўсяго за некалькі дзён.
З заваёўнікаў – у саюзнікі
Спачатку амаль штогод крымскія татары непакоілі Кіеўшчыну, Падолію, Валынь і нават паглыбляліся да Палесся. Іх з’яўленне на гэтых землях суправаджалася драпежным насіллем і рабаўніцтвам гарадоў. Вось чаму стварэнне надзейнай аховы на паўднёвых межах стала адным з галоўных абавязкаў вялікіх князёў літоўскіх – пераемнікаў Міндоўга.
Паспяхова вялася барацьба з гэтай пагрозай пры вялікім князе Гедыміне (каля 1270–1341). Гэта быў не толькі паспяховы ваеначальнік, але і вопытны дыпламат. Таму сваю знешнюю палітыку з паўднёвымі суседзямі ён праводзіў як з дапамогай зброі, так і праз розныя дамоўленасці на сваю карысць.
Тады ж, не завязваючы з імі сяброўства, Гедымін стаў запрашаць асобныя атрады татар для выканання ваеннай службы
Яго прапановы прымаліся з задавальненнем, бо былі выгаднымі ў матэрыяльным плане. І ўжо ў XIV стагоддзі першыя перасяленцы з ліку крымскіх татар пачалі з’яўляцца ў межах ВКЛ. Як сцвярджаюць летапісы, ужо ў 1319 годзе татарская конніца выдатна сябе праявіла ў бітве з рыцарамі Тэўтонскага ордэна. Пасля перамогі татары засталіся пры Гедыміне і ў якасці ўзнагароды атрымалі ва ўласнасць ладныя зямельныя надзелы.

Такую ж палітыку праводзіў і наступны вялікі князь Альгерд (1296–1377). Пад яго кіраўніцтвам літоўскія войскі ў бітве на Сініх Водах (1362) нанеслі паражэнне ваеннай кааліцыі трох ханаў. Гэта бліскучая перамога на працяглы час прыпыніла рабаўніцкія набегі з боку крымчан на землі Вялікага Княства Літоўскага. Важна адзначыць, што гэта падзея адбылася на 20 гадоў раней за Кулікоўскую бітву (1380). Больш таго, дынастычная барацьба за ўладу сярод чынгізідаў (нашчадкаў Чынгісхана) прыводзіла да пастаянных ваенных канфліктаў унутры самой Залатой Арды, таму колькасць жадаючых перасяліцца з нестабільнай дзяржавы ў ВКЛ не змяншалася.
Больш дзейсныя ўзаемаадносіны ардынцаў і нагайцаў з Вялікім Княствам Літоўскім атрымалі развіццё пры вялікім князі Вітаўце (1352–1430). Як засведчылі даследчыкі, у гэты перыяд колькасць перасяленцаў цюркскага паходжання ў ВКЛ павялічылася ад 40 да 100 тысяч. Такі наплыў інаверцаў быў звязаны з тым, што хан Тахтамыш быў разбіты войскамі Тамерлана ў 1395 годзе. Ратуючы сваё жыццё, ён разам са світай і падначаленымі знайшоў прытулак у Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт з пашанай прыняў бежанцаў і нават падараваў ім для засялення горад Ліду з наваколлем.
Галоўным заняткам татар была вайсковая справа, таму і на новых землях іх выкарыстоўвалі ў якасці вялікакняжацкай конніцы. Трэба аддаць належнае, што як ваяры, яны заўсёды захоўвалі вернасць дадзенай прысязе і аддана служылі на карысць вялікага князя.
У Грунвальдскай бітве 1410 года разам з іншымі харугвамі аб’яднаных сіл ВКЛ здабывала перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэна і лёгкая кавалерыя татар
На працягу першай паловы XV стагоддзя адносіны паміж ВКЛ і Крымскім ханствам былі адносна спакойнымі, аднак калі ў 1468 годзе на ханскі прастол узышоў Менглі-Гірэй, сітуацыя зноў абвастрылася. У 1482 годзе, па дамоўленсці з Масквой, крымскія войскі ўварваліся ў паўднёвыя межы ВКЛ і занялі Кіеў. З гэтага плацдарма пачаліся набегі далей на поўнач. Толькі з 1500 па 1569 гады татарская конніца 45 разоў рабіла налёт на Палессе і беларускія землі. Яна даходзіла нават да Полацка і Віцебска.
Але не ўсё крыўдзіцелям сыходзіла з рук і заставалася без пакарання. На зваротным шляху, калі рух рабаўнікоў замаруджваўся загружанымі абозамі і палоннымі, іх нярэдка спасцігала пагоня ці засада. У адкрытым баі татары не аказвалі сур’ёзнага супраціўлення і здаваліся ў палон, а потым прасілі прыстанішча на тэрыторыі пераможцаў. Тое ж адбылося і ў 1506 годзе, калі падчас чарговага рэйду, татарская конніца трапіла ў акружэнне пад Клецкам і была зняволена войскамі князя Міхала Глінскага.

Значная колькасць крымскіх заваёўнікаў перайшла на бок вялікага князя і па дамоўленасці засталася на службе ў паспалітым рушэнні. Яны былі паселены ў наваколлях Клецка, Капыля, Узды, Койданава і іншых мястэчак
Так колькасць татар-перасяленцаў у межах ВКЛ пастаянна павялічвалася. У 1527 годзе князь Канстанцін Астрожскі спыніў набег крымчан разам з туркамі на рацэ Альшаніцы пад Кіевам. З таго часу сітуацыя на паўднёвых акраінах ВКЛ значна палепшылася.
Вернасць новай радзіме
Рассяляючыся ў Вялікім Княстве Літоўскім, татары захоўвалі арганізацыйныя сувязі сваіх родаў (улусаў). Тады ж пачалі складвацца прынцыпы ўзаемаадносін стэпавага народу з уладай. Грашовае ўтрыманне ім не плацілі, але надзялялі зямлёй, за кошт якой тыя павінны былі харчавацца і набываць неабходнае ўзбраенне. Пазней, калі ў ВКЛ пачало фарміравацца шляхецкае апалчэнне, татары набылі права і прывілеі на ўзроўні са шляхтай. Найбольш уплывовыя з іх нават атрымлівалі тытулы і станавіліся роданачальнікамі магнацкіх сем’яў, адыгрываючы не апошнюю ролю як дзяржаўныя дзеячы ў ВКЛ. Напрыклад, з такога роду паходзіла Алена Глінская, другая жонка вялікага князя Маскоўскага Васіля III, маці будучага цара Івана IV (Грознага).
Татары ўладкоўваліся на новым месцы кампактна, у сярэднім па сто чалавек, каб хутка збірацца разам і ўтвараць баявую адзінку. Жылі яны па сваіх законах, падпарадкоўваючыся харунжаму. Строгая дысцыпліна была абавязковай у такіх камунах. Нярэдка перасяленцы са стэпавых раёнаў прыбывалі на новае месца жыхарства разам з сем’ямі і хатнім скарбам. Адзінокім мужчынам дазвалялася браць шлюб з мясцовымі жанчынамі, але адразу ж ім было накладзена абмежаванне – мець толькі адну жонку.

Такім чынам, татары ў літоўскім грамадстве арганічна дапоўнілі структуру дваранства і месцічаў, пры гэтым захаваўшы сваю канфесіянальную аўтаномію, малельныя дамы і сацыяльны ўклад.
З усіх іншаверцаў, якія пражывалі ў шматнацыянальным Вялікім Княстве Літоўскім, татары ніколі не стваралі праблем органам кіравання і былі аднымі з самых законапаслухмяных грамадзян у дзяржаве
А ў ваеннай справе яны адрозніваліся адказнасцю, смеласцю і неаднаразова даказвалі сваю вернасць новай радзіме ў паходах супраць яе ворагаў.
Працяг будзе.
Віктар УРАНАЎ
Рекомендуем

