Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Чым вядома вёска Баравікі на ўскраіне Дзяржынскага раёна

Едзем па шашы Негарэлае — Самахвалавічы. Навокал цішыня… Снежнае покрыва ажно да самага небакраю. І тут да вуха даносіцца здалёк дзівосная мелодыя. Адкуль? Акурат з Баравікоў. Імгненна мяняеш маршрут і кіруешся ў вёску. Прыслухоўваешся, уважліва прыглядаешся. Звяртае на сябе ўвагу шыльдачка з надпісам па-малдаўску і цяністая шапка вінаграду адразу за ёю. Гэта ж падворак сям’і Семенюкоў! Каля вясковых хат хаваецца то ў зелені, то ў снезе плеценая клумба. А гэта “местачковы хендмейд” майстра Аляксандра Змачынскага. Чакайце, але што ж гэта? Стомлены вандроўнік улоўлівае па-хатняму  ўтульны пах выпечкі Алы Нядзвецкай. Ён нагадвае бацькоўскі дом, далёкае маленства… Неўзабаве пад’язджаеш да клуба, адкуль гучыць тая самая мелодыя, фірменная, баравікоўская. Забываешся пра ўсё, бо душа ўжо імкнецца спяваць.

“Баравічанка” заспявае, і будуць жыць Баравікі!

На сцэне Дома культуры ўжо чакае гасцей і слухачоў народны ансамбль народнай песні “Баравічанка”. За 27 год аўдыторыя ансамбля пашырылася. Ён сустракаў песняй рэпарцёраў з тэлебачання і журналістаў, развітваўся з некаторымі ўдзельнікамі калектыву і вітаў новых, атрымаў ганаровае званне народнага.  А пачыналася ўсё з мастацкай самадзейнасці.

— Мы стараемся прапагандаваць спадчыну нашых бацькоў, мясцовыя звычаі, абрады, традыцыі. Праз песню да жыцця вяртаюцца каляндарныя, працоўныя, сямейныя і народныя святы. Такім чынам, “Баравічанка” захоўвае самабытнасць беларускай вёскі і аданачасова пастаянна знаходзіцца ў пошуку новага, — распавядаюць удзельнікі ансамбля.

Дарэчы,  намаганнямі калектыву адрадзіліся ў вёсцы народныя абрады. Яны суправаджаюць усе беларускія святы ў Баравіках — “Каляды”, “Шчадрэц”, “Масленіцу”, “Гуканне вясны”, “Сёмуху”, “Зажынкі”, “Дажынкі”.

— Сёння наш калектыў — 13 чалавек, усёй душой адданых народнай творчасці. Гэта і моладзь, і сталыя людзі: ад 30 да 80 гадоў, — заўважае кіраўнік “Баравічанкі” Вера Ждановіч. — Яны ўсе прыйшлі ў ансамбль, каб песняй уславіць родную зямлю і родную мову.

Сапраўды, народныя песні ў выкананні “Баравічанкі” — гэта непарыўная повязь з традыцыямі продкаў. Але ў рэпертуары ансамбля ёсць не толькі беларускія напевы. Жыхары Баравікоў прыехалі ў вёску з розных куткоў. Прывезлі сюды калыханку, якую ў дзяцінстве спявала ім бабуля перад сном, абрадавую песню з Палесся, адкуль родам кіраўнік ансамбля. Знайшла сваё ўвасабленне малдаўская, украінская музычная спадчына.

— З вялікім задавальненнем мы выконваем і аўтарскія песні. Словы і музыку да іх пішуць жыхары вёскі Баравікі — Васіль Семянюк, Віктар, Аляксандр і Вольга Нядзвецкія.

Кранае сэрцы баравікоўская мелодыя. Ансамбль пастаянна абнаўляе рэпертуар, адточвае свой прафесіяналізм, майстэрства.

— Мы заўсёды прымаем удзел у розных раённых мерапрыемствах. Выступалі і па-за межамі раёна: на абласным кірмашы  “Вясновыя напевы”, у  Дзень Перамогі на Кургане Славы, абласных фестывалях-кірмашах “Дажынкі”, рэспубліканскім кірмашы… Спіс будзе до-о-о-оўгі, — пявуча працягвае Вера Пятроўна.

Шчодрасць душы Лявона Протаса

Ліецца музыка, разносіцца песня па наваколлі. Не сумуюць і народныя майстры, завіхаюцца над чарговым вырабам. Справу для душы мае і Лявон Протас. Але не будзем забягаць наперад, пачнём спачатку.

— Бацька мой — літовец, а я — беларус! — кажа наш герой. — Бо я нарадзіўся і вырас тут, на зямлі беларускай.

Дзяцінства Лявона Люцыянавіча прайшло ў Валожынскім раёне, у невялікім мястэчку Івянец, што стаіць на Волме. Потым пазнаёміўся з дзяўчынай, ажаніўся. І ў 1973 годзе прыехаў на радзіму жонкі, у вёску Баравікі. 

37 год Лявон Протас працаваў машыністам помпавых установак. Потым некалькі год — паштальёнам. А цяпер ездзіць у суседнюю вёску Томкавічы, на прадпрыемства “Арнімед”.

— Мне 71 год, а я працягваю рабіць. Не магу сядзець без справы, — прызнаецца Лявон Люцыянавіч.

А вольны час ён прысвячае… кошыкам. Так-так, вам не падалося. Руплівы гаспадар добра ведае — у штодзённым побыце ўсё спатрэбіцца. Вось і пляце старанна кашы, радок за радком, акуратненька. Гледзячы, як ён завіхаецца каля сваіх вырабаў, літаральна разумееш вядомую прыказку “Колькі б вяровачцы ні віцца, а канец будзе… добры!”. І з’явіцца новы кошык.

Лявон Протас знайшоў для сябе яшчэ адзін занятак — вяжа венікі для лазні. Заўзятыя парыльшчыкі маюць па дзесяць відаў венікаў. Таму і заказаў у Лявона Люцыянавіча  хоць адбаўляй.

— Я ж яшчэ і сок збіраю. Што сабе, што людзям даю.

Вось яна, бязмежная беларуская дабрыня. Лепшыя яе праявы сустракаеш тут, у прыгожым куточку з цудоўнай назваю Баравікі.

У Баравіках адчуваеш атмасферу сапраўднай беларушчыны. Яна — у стрыманасці і дасціпнасці жыхароў, у шчырай іх усмешцы і гасціннасці, шырока раскрывае сваю душу на сцэне, і дубчык за дубчыкам сплятаецца ў непаўторныя вырабы народных майстроў.

Жыццё пляцецца, як лаза…

Аляксандр Змачынскі жыве ў Баравіках ужо 20 год. Нарадзіўся ён на Стаўбцоўшчыне, жыў і працаваў у Фаніпалі. Але жыццё людское — горны серпанцін. Лёс Аляксандра Іосіфавіча таксама зрабіў раптоўны паварот. Вырашыў ён пераехаць у вёску Баравікі. З таго часу добра паладзілі яны з Марыяй Антонаўнай, загадчыцай мясцовога Дома культуры. Спеліся на адной сцэне і ў адным калектыве, знайшлі агульную мову і наладзілі сумесны быт.

— Да таго як пераехаць, я ўжо добра ведаў, што такое трымаць гаспадарку. У Фаніпалі, які не так даўно стаў горадам, у мяне была свая хата, сад, агарод, — успамінае Аляксандр Іосіфавіч.

Цяпер такой вялікай гаспадаркі ён не трымае. Нявыгадна. Затое знайшоўся час на любімае хобі.

— Я займаюся рамонтам, у мяне ёсць два гаражы. Работы там — непачаты край! Таксама, як і Лявон Люцыянавіч, раблю кашы. Толькі з лазы. За сезон зрабіў такіх кошыкаў больш за сто штук.

Прыродны матэрыял Аляксандр Змачынскі збірае сам: па лясах, лугах, канавах. Добра ведае Дзяржынскі раён, часам выбіраецца і ў суседнія.

— На адзін кош патрэбна прыкладна 80—90 дубчыкаў лазы. І падбіраць яе трэба ўважліва, з абы-якой не спляцеш.

Заўважылі, як бягуць па кошыках майстра рознакаляровыя палосачкі? Пад такі дызайн лазу варта нарыхтоўваць асабліва старанна, падбіраць чырвоныя, зялёныя, жоўтыя дубчыкі.

— Вясной буду пакрываць кашы спецыяльным лакам. Гэта вельмі прыгожа! Да таго ж — практычна. Даўжэй служыць будуць.

Кожны год радуюць аднавяскоўцаў клумбы, якія ўласнаручна зрабіў Аляксандр Іосіфавіч. Цікава, як жа ён асвоіў рамяство?

— Было мне 12 гадоў. Жылі мы тады ў вёсцы на Стаўбцоўшчыне. Быў у мяне знаёмы, значна старэйшы за мяне, з якім мы кароў пасвілі. Ён мне раз паказаў, як трэба плесці, другі… І ў 1961 годзе я ўжо плёў такія кашы, што нават сам мог у іх змясціцца! — смяецца Аляксандр Іосіфавіч.

Лекі ад любой хваробы

Праца, гаспадарка, сям’я… І на песню час заўсёды знойдзецца! Збіраюцца яны, як на свята, усім калектывам два разы на тыдзень у родным Доме культуры. Гутараць, спяваюць, дзеляцца навінамі. На жаль, не абмінула вёску пандэмія. Добра, што тут ёсць свой лекар — фельчар ФАПа Іна Белагрыўцава.

У Баравікі Іна Уладзіміраўна трапіла па размеркаванню. Амаль трыццаць год таму, першага красавіка.

— Як першакрасавіцкі жарт, — весела кажа медык. — Мне спачатку прапанавалі застацца ў Мінску, але я не захацела. Дзве мае добрыя сяброўкі ехалі ў Дзяржынскі раён, вось і я падалася за імі. У вёску Баравікі. Яе нават на карце не было. Я хвалявался спачатку — што ж там за вёска такая? А калі прыехала, быццам камень з душы ўпаў.

На ўчастку Іны Уладзіміраўны — 541 чалавек. Дзеці да года, школьнікі, дарослыя, работнікі сельскагаспадарчых майстэрань… Тут ужо не да песень — справа сур’ёзная.

— Пандэмія змяніла ўмовы нашай працы. Хаця ў “бруднай” зоне мы не былі. Калі што, тэлефанавалі ў гарадскую паліклініку. У першую хвалю пацыентаў з каранавірусам было мала, а вось другая закранула сем’і, хворых пабольшала. Але пакуль што паспяхова змагаемся з хваробай.

На самай справе, у Баравікоў своеасаблівы імунітэт ад віруса. Здагадаліся? Правільна, песня! Ну і, канешне, добры настрой і гумар.

— У вёсцы Баравікі — 125 падворкаў, дзе жывуць 316 чалавек. Пераважна маладое і працаздольнае  насельніцтва, — расказаў старшыня Дабрынёўскага сельсавета Міхаіл Курак. — Некалькі год таму моладзь пачала будавацца ў вёсцы. Так з’явілася новая вуліца — Майская.

“Мы ганарымся кожным дасягненнем”

Ёсць у Баравіках і свая школа. Пра яе распавяла намеснік дырэктара  Ала Занеўская.

— На сённяшні дзень у нас 53 навучэнцы. У класах — ад 4 да 9 чалавек. Педагагічны калектыў з 18 чалавек, ёсць таксама тэхнічныя работнікі. Два настаўнікі зараз знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, і мы гэтаму вельмі рады. Маленькія  дзеткі — нашы будучыя вучні.

У  сельскіх школах часам узнікаюць праблемы з кадрамі, у Баравіках жа настаўнікаў хапае. Два педагогі ездзяць выкладаць тут з фаніпальскай гімназіі. Ёсць і заняткі па інтарэсах, і факультатыўныя заняткі, і прадметнай накіраванасці. А з трэцяга класа дзяцей навучаюць фінансавай граматнасці.

— Сённяшнія вучні — дзеці нашых колішніх выпускнікоў, большасць якіх працуе ў філіяле “Праўда-Агра”. Хачу шчыра адзначыць, што ў свой час мы вырасцілі добрае пакаленне. Сярод нашых навучэнцаў няма людзей асацыяльных паводзін, сацыяльна небяспечных сямей, ніхто з нашых вучняў не стаіць на ўліку. Школа ў нас невялікая, таму мы працуем на кожнага і ганарымся нават маленькімі перамогамі вучняў і выпускнікоў, — кажа Ала Занеўская.

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59