Праздники деревень продолжаются в Дзержинском районе. Вспомним, как гуляла Каменка
Добрым, шчырым, дружным атрымалася свята вёскі Каменка, якое сабрала разам мясцовых жыхароў, гасцей, сяброў і суседзяў-землякоў, прадстаўнікоў розных пакаленняў.
Рыхтаваліся да свята агульнымі намаганнямі: насельнікі дапамагалі работнікам Станькаўскага дома культуры і мясцовым уладам. Тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслўгоўвання насельніцтва, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, прыватныя прадпрыемствы ТАА “Эксклюзивкосметик-М”, “Флора-Трейд”, мінімаркет “Евраопт”, кафэ “Чикаго”, індывідуальны прадпрымальник А.А. Сцепін паклапаціліся пра падарункі для вяскоўцаў.
Ва ўрачысты дзень святочная пляцоўка ў атачэнні цікавых выстаў, творчых і забаўляльных пляцовак поўнілася музыкай, радасцю і весялосцю.
У першую чаргу з асаблівай пашанай віталі старажылаў: Іну Васільеўну Знак, Вольгу Канстанцінаўну Барташэвіч, Ганну Ўладзіміраўну Райскую, Мікалая Уладзіміравіча Глобуса, Аляксея Ермалаевіча Грышчанка, Таісію Іванаўну Зыбель, Веру Аляксееўну Мартас, Ядзвігу Вячаславаўну Пекарскую.
Стараста вёскі Майя Пятроўна Іванова – таксама была названая ў гэтым ганаровым шэрагу. Яна шмат гадоў прысвяціла клопату пра дабрабыт роднай вёскі і яе жыхароў. Старшыня Станькаўскага сельсавета Сяргей Самкоў з удзячнасцю павіншаваў Майю Пятроўну, пад дружныя апладысменты землякоў уручыў Ганаровую грамату ад раённага Савета дэпутатаў і падарункі.
Па традыцыі адзначылі на свяце і самых юных жыхароў вёскі – Марыю Шчэрбік і Аляксандра Вашыну, а таксама мнагадзетную маці – Елізавету Кузняцову. Выбітныя гаспадыні Іна Васільеўна Знак і Ніна Міхайлаўна Азарка былі заахвочаныя як пероможцы конкурса на самы лепшы падворак.
Амаль не змаўкалі апладысменты падчас святочнай праграмы. А разам з цёплымі словамі віншаванняў і шчырымі пажаданнямі шчасця і дабрабыту свае творчыя нумары удзельнікам і гасцям свята дарылі артысты дамоў культуры Станькава і пасёлка Энергетыкаў, удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Грэнадзёр” і творчага аб’яднання “ГітАрмія” раённага Цэнтра турызму і краязнаўства.
Жыхары Каменкі і самі не хавалі сваіх талентаў. Дарослыя ўдзельнічалі ў конкурсах прыпевак, выступалі з прыгожымі вершамі, а мясцовая дзятва, заахвочаная старшынёй сельсавета, зладзіла сапраўдны танцавальны марафон!
У вёскі Каменка, гэтага прыгожага і ўтульнага куточка Дзяржыншчыны, добрая і светлая будучыня, калі яе жыхары – такія вясёлыя, гасцінныя людзі, дбайныя гаспадары і дружныя суседзі!