Творчая дэлегацыя Дзяржынскага раёна годна прадставіла ўзоры рэгіянальнай культуры на фестывалі «Нясвіжская фартэцыя»
Творчая дэлегацыя Дзяржынскага раёна годна прадставіла ўзоры рэгіянальнай культуры на пляцоўках фестываля гістарычных рэканструкцый «Нясвіжская фартэцыя». Работнікі і творчыя калектывы бібліятэчнай сістэмы і раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці шчыравалі ў дружным і плённым супрацоўніцтве.
На кулінарнай лакацыі «Пернікавы цуд» была прадстаўлена скірмантаўская абрадавая гульня «Ката пячы», якая з`яўляецца элементам мясцовай нематэрыяльнай культуры і знаходзіцца ў статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Тэматычна аздобленыя пернікі прыгатавала ўдзельніца народнага аб’яднання майстроў «Калаўрот» Святлана Чараповіч, а надзвычай прывабнае аздабленне для прэзентацыйнай пляцоўкі было уласнаруч створана нашымі бібліятэкарамі.
Артысты з путчынскай «Гуляначкі» разам з работнікамі Цэнтра культуры і народнай творчасці выступілі ў новым фестывальным праекце «Кола традыцый Міншчыны» — ладзілі дэманстрацыю мясцовага абрадавага комплексу «Сёмуха. Зялёныя святкі». На рамесніцкім кірмашы вырабы нашых таленавітых землякоў вабілі пакупнікоў і цікаўных, здзіўлялі і захаплялі.