На экспазіцыі “Велікодны час” у Станькава прадстаўлены калекцыі пісанак дзяржынскіх майстроў
Велікодны час – гэта выдатная магчымасць дакрануцца да вытокаў і пазнаёміцца, паглыбіцца ў беларускія традыцыі, адчуць сувязь з продкамі. У аддзеле рамеснай дзейнасці Дзяржынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ідзе няспынная праца па папулярызацыі беларускага традыцыйнага мастацтва, адным з відаў якога з’яўляецца роспіс яек воскам – пісанка.
Напярэдадні Вялікадня адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодныя матывы” у мастацкай галерэі “Цэнтр” дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”. На адкрыцці была прэзентавана кніга “Беларуская пісанка і яе свет: майстры і традыцыі”, якая з’яўляецца вынікам крапатлівай працы і дасканалых даследванняў супрацоўнікаў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Прыемна адзначыць, што ў спіс майстроў увайшлі прадстаўнікі нашага раёна.


Носьбітамі традыцыйнага народнага мастацтва пісанкі ў нашым раёне з’яўляюцца таленавітыя майстры, супрацоўнікі аддзела рамеснай дзейнасці раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ала Балясава, Дар’я Адамчук, Наталля Жыбрык, чые пісанкі таксама прадстаўлены на выставе “Велікодныя матывы”.



Нашымі майстрамі была праведзена вялікая праца па стварэнню ўнікальных і непаўторных калекцый. Кожнае распісанае яйка – гэта мастацтва, напоўненае сімвалічным сэнсам і гісторыяй, а таксама магчымасцю паўдзельнічаць у захаванні народных звычаяў, якое дае адчуванне сувязі пакаленняў.
Нашы майстры вядуць працу па папулярызацыі беларускай пісанкі. Свае веды і навыкі перадаюць падчас правядзення стацыянарных і выязных майстар-класаў для ўсіх узроставых катэгорый, правядзення заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах. Дзейнасць майстроў асвятляюць сродкі масавай інфармацыі – ад рэгіянальных да рэспубліканскіх.

У выставачнай зале аддзела рамеснай дзейнасці (в. Станькава, вул. Вайскавая, 15) зараз працуе экспазіцыя “Велікодны час”, дзе прадстаўлены калекцыі пісанак дзяржынскіх майстроў




Натуральныя і штучныя фарбавальнікі даюць асаблівую палітру. Геаметрычныя і раслінныя ўзоры ўпрыгожваюць велікодныя пісанкі. Выставе дадае ўнікальнасць керамічная велікодная калекцыя Дар’і Адамчук. Гэтыя творы мастацтва напоўнены прыгажосцю і адметны майстэрствам выканання, яны безумоўна ўпрыгожаць святочны велікодны стол і стануць выдатным падарункам.
Рекомендуем