Пачатак гісторыі малой радзімы. Па слядах летапісу, які згубіўся

Рукапісны звод летапісаў, створаны на заказ князёў Алелькавічаў-Слуцкіх, у сваім першапачатковым варыянце меў агульнадзяржаўную каштоўнасць. Яго ўладальнікі ўважліва ставіліся да яго захоўвання, аднак зберагчы гэты набытак так і не змаглі. У пачатку XVI стагоддзя ён загадкавым чынам на працяглы тэрмін знікае з поля зроку. Паспрабуем усё ж высветліць, хто паквапіўся на гэты важны дакумент.
Арыстакратычная каштоўнасць
Алелькавічы-Слуцкія, нягледзячы на пагаршэнне адносін з каралеўскай уладай, па-ранейшаму заставаліся адным з самых багатых і ўплывовых магнацкіх сямействаў Вялікага Княства Літоўскага. Пазбаўленыя высокіх дзяржаўных пасад, яны аднак не прыпынялі сваю актыўнасць і працягвалі весці свецкі лад жыцця, адпавядаючы іх становішчу ў грамадстве. Гаспадар слуцкай рэзідэнцыі князь Ежы (Юрый) Сямёнавіч (1492–1542) прытрымліваўся традыцый сваіх продкаў, быў апекуном праваслаўя ў акрузе, а калі ўзнікала патрэба, браўся за зброю і на чале войска мужна паўставаў насуперак ворагу.
Да таго ж ён быў чалавекам адукаваным і меў выдатную бібліятэку. Сярод кніг, якія дасталіся яму ў спадчыну ад бацькі, пачэснае месца займаў апошні з летапісных зводаў, створаны ў скрыпторыях княжацкага двара ў Слуцку. У адрозненні ад папярэдніх беларуска-літоўскіх гістарычных хронік, яго змест утрымліваў даволі падрабязную інфармацыю пра радаслоўную большай часткі арыстакратычных вярхоў ВКЛ. Вось чаму, калі звесткі пра рукапіс набылі шырокую вядомасць, да Алелькавічаў зачасцілі з візітамі многія вядомыя асобы, каб патрымаць у руках рукапісную кнігу, адчуць подых часу і даведацца пра сваіх прашчураў, якія, дзякуючы гучным перамогам і дзейсным справам, забяспечылі сабе месца ў гісторыі і ў летапісе. Гэта і парадзіла сярод пэўных колаў арыстакратычнай эліты ВКЛ зайздрасць і жаданне завалодаць бясцэнным скарбам князёў Алелькавічаў-Слуцкіх. Аднак усе памкненні да пэўнага часу не мелі поспеху.
Няроўнае сяброўства
Сярод тых магнатаў, хто знаходзіўся ў добрых адносінах з Ежы Алелькавічам, быў вядомы дзяржаўны дзеяч ВКЛ Альбрэхт Гаштольд, які працягваў узвышацца па службовай лесвіцы. З князямі Алелькавічамі-Слуцкімі ў яго было даўняе знаёмства, якое падмацоўвалася агульнымі ратнымі справамі. Знаходзячыся на ваеннай службе пры асобе вялікага князя літоўскага Аляксандра, Альбрэхт Гаштольд прымаў актыўны ўдзел у бітвах супраць крымскіх татараў у пачатку XVI стагоддзя.
Напрыклад, вядомы такі выпадак, які здарыўся летам 1503 года. Татарскае войска раптоўна ўварвалася ў межы Вялікага Княства Літоўскага і спустошыла некалькі гарадоў, захапіўшы вялікую дабычу і шмат палонных. Даведаўшыся пра здарэнне, Альбрэхт Гаштольд, аб’яднаўшы свае сілы з Сямёнам Алелькавічам-Слуцкім, змог дагнаць ворага і разбіць яго, вызваліўшы палонных. Свой палкаводчы талент ён таксама пацвярджаў і ў наступныя гады, займаючы пасады ваяводы. Да таго ж Гаштольды, праз дынастычныя шлюбы, мелі радство з такімі вядомы тытулаванымі дынастыямі, як Гальшанскія, Трабскія, Друцкія, Бучацкія, а таксама і з Алелькавічамі-Слуцкімі.

У 1495 годзе Альбрэхт Гаштольд атрымаў у спадчыну ад бабулі з князёў Гальшанскіх вялікі маёнтак з зямлёю ў Бабруйскім старостве. У 1505 годзе ён сам уступіў у шлюб з княжной Соф’яй Вярэйскай, атрымаўшы ад яе ў якасці пасагу Любеч, Валожын, Койданаў, Радашковічы, Усу, што дало яму магчымасць ператварыцца ў аднаго з буйнейшых землеўласнікаў таго часу. Таму можна лічыць, што па сацыяльным становішчы Альбрэхт Гаштольд быў на роўных з гаспадаром слуцкай рэзідэнцыі.
Аднак усё ж адна акалічнасць працягвала непакоіць: ён хаця і паходзіў з вядомай сям’і са старадаўняй і багатай радаслоўнай, але сам не адносіўся да тытулаванай знаці
Таму пры сустрэчах з Ежы Алелькавічам паміж імі нябачна ўзнікаў той самы элітарны бар’ер, які прыніжаў годнасць Альбрэхта Гаштольда і абразліва дзейнічаў на яго самалюбства. Вось чаму ён здаўна марыў пра тое, каб атрымаць тытул. Зрабіць гэта было няпроста, бо патрабавалася пацвердзіць старадаўняе і гераічнае мінулае продкаў, а таксама самому мець заслугі перад дзяржавай і каралём. А знаёмства з летапісам, які знаходзіўся ў калекцыі Ежы Алелькавіча, адкрывала перад Гаштольдам выдатныя перспектывы для дасягнення пастаўленай мэты.
У яго змесце недвухсэнсава падкрэслівалася, што старадаўні род Гаштольдаў паходзіў ад арыстакратычнага акружэння легендарнага Палемона, а таму яго прадстаўнікі былі набліжаны да вялікіх князёў літоўскіх
Радавод на зайдрасць
Упершыню іх прозвішча набыло гучнасць з часоў знакамітага Гедыміна, калі ён перанёс сталіцу Вялікага Княства Літоўскага з Трокаў у Вільна, а першым ваяводам горада прызначыў Гаштольда. Яго сын Гаштольд Гаштольдавіч займаў гэту пасаду і пры пераемніку Гедыміна вялікім князе Альгердзе. Калі той узяў шлюб з княжной Ульянай Віцебскай, а затым прыняў праваслаўную веру, то па яго прыкладзе і Гаштольд ажаніўся з дачкою праваслаўнага князя Бучацкага, адначасова ахрысціўшыся ў праваслаўе пад іменем Андрэй. Аднак пазней ён перайшоў у каталіцызм і пачаў звацца Пятром. Менавіта пад гэтым імем Гаштольд і прайшоў па летапісе як ваявода віленскі.
Андрэй (Пётр) Гаштольд пакінуў нашчадкам маёнткі ў Вільна, Камянцы і Геранёнах. Яго сын Іван (Ян) Гаштольд таксама займаў пасаду віленскага ваяводы, аднак пры двары вялікага князя літоўскага карыстаўся яшчэ большай уладай і ўплывовасцю, чым яго бацька. Палкаводчыя здольнасці Яна Гаштольда асабліва бліскуча праявіліся падчас Грунвальдскай бітвы (1410). Калі ў самы напружаны момант бітвы галоўныя палкаводцы Ягайлы і Вітаўта – Сокал Чэх і Іван Жэдзівід – трапілі ў замаскіраваную яму-пастку, падрыхтаваную тэўтонамі-крыжаносцамі, Ян Гаштольд, прыняўшы камандаванне, рашуча павёў беларуска-літоўскія харугвы ў наступленне.

У 1414 годзе на Гарадзельскім сойме Гаштольды нарэшце атрымалі ад польскага караля герб «Габданк», а вялікі князь Вітаўт падараваў ім маёнтак на Ашмяншчыне. Там, у Геранёнах, яны заснавалі сваю галоўную рэзыдэнцыю. У 1443 годзе Ян Гаштольд атрымаў вышэйшую вайсковую пасаду віленскага ваяводы. Гэта быў жорсткі, каварны інтрыган, які ўсялякімі сродкамі дамагаўся ўлады. Ён нават пачаў марыць пра вышэйшую дзяржаўную пасаду. Але яго карыслівыя памкненні стрымліваў той факт, што па сваім паходжанні ён не меў права прэтэндаваць на вялікакняскі трон. На адкрыты пераварот пайсці ён таксама не рызыкнуў, бо баяўся апазіцыі з боку іншых уплывовых магнатаў. Таму Ян Гаштольд цярпліва чакаў свайго зорнага часу.
Калі пасля канчыны Вітаўта ў Вялікім Княстве Літоўскім пачалася барацьба за ўладу, якая перарасла ў грамадзянскую вайну, Ян Гаштольд заняў бок польскага караля Ягайлы. Пры гэтым яго ўдзел у найбольш гучных падзеях праявіўся не ў бітвах, а ў патаемных змовах, накіраваных на фізічнае знішчэнне тых асоб, якія выступалі супраць каралеўскай улады. Выконваючы такую непрывабную ролю, ён тым не менш забяспечыў сабе ўзвышэнне пры каралеўскім двары. Калі па тэстаменту на польскі трон быў абраны Казімір, непаўналетні сын Ягайлы, які пайшоў з жыцця, Ян Гаштольд стаў яго апекуном і фактычна пачаў кіраваць дзяржавай.
Такой жа ўплывовасцю пры каралі польскім карыстаўся і яго сын Марцін Гаштольд, які займаў пасады навагрудскага старасты, кіеўскага, а затым трокскага ваяводы і земскага маршалка. Яго жонкай была дачка князя Сямёна Гальшанскага. Ад гэтага шлюбу ў іх нарадзілася двое дзетак – Эльжбета і Альбрэхт.
За такую радаслоўную, якая падрабязна была прадстаўлена ў Хроніцы, Гаштольду не было сорамна. Вось чаму ён вырашыў завалодаць гэтым каштоўным выданнем, каб нарэшце здзейсніць сваю задуму па атрыманні тытула
Да гэтага яму патрэбна было ўнесці нязначныя праўкі ў тэкст летапісу і дадаць да яго ўласныя біяграфічныя звесткі з пералікам усіх сваіх вартасных якасцей, у тым ліку і тых, што былі звязаны з яго ўдзелам у абароне дзяржаўных межаў ад ворагаў. А гэга і барацьба супраць татарскага нашэсця ў пачатку XVI стагоддзя, і ўдзел у Трэцяй літоўска-маскоўскай вайне, і перамога над маскавітамі ў знакамітай бітве пры Воршы ў 1508 годзе, і абарона Полацка ў 1518 годзе, калі горад быў узяты ў аблогу рускім войскам.
У 1522 годзе Альбрэхт Гаштольд атрымаў вышэйшую дзяржаўную пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Маючы на руках такое пацверджанне заслуг перад каралём і дзяржавай, ён мог спадзявацца на тое, што атрымае благаславенне ад Папы Рымскага на тытулаванне яго асобы, пасля чаго зварот да імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі нарэшце дазволіць яму здзейсніць запаветную мару. І як чалавек упарты і дзейсны, канцлер ВКЛ ніколі не адступаў ад задуманага.
(Працяг будзе)
Рекомендуем
