Фота на памяць. Фатограф і лінгвіст Ангеліна Ліпніцкая – пра сакрэты ўнікальных здымак
Фатаграфія як від мастацтва існуе ў свеце крыху менш за 200 гадоў. Хараство гэтага жанру заключаецца ва ўменні своечасова захаваць момант, які сышоў назаўжды і яго немагчыма будзе прайграць зноў. Наша новая гераіня Ангеліна Ліпніцкая падзялілася сваёй гісторыяй таго, як бачыць свет праз лінзу фотаапарата.
Творчы шлях у сусвет фатаграфіі пачаўся ў Ангеліны з падобнай дзейнасці – здымак відэаролікаў. Дзяўчына яшчэ ў школе здымала кароткія вясёлыя відэа з аднакласнікамі на памяць.
– Пасля прагляду гэтых відэа настаўнікі заўважылі маю крэатыўнасць і пачалі прапаноўваць здымаць для разнастайных школьных конкурсаў. Я з радасцю здымала і атрымлівала за гэта падзякі. І ўжо ў той час у дадатак да відэаролікаў захацелася лавіць пэўныя моманты і захоўваць іх на фотаздымках.
Так, Ангеліна пачала фатаграфаваць розныя падзеі. Пад час навучання ва ўніверсітэце дзяўчына здымала розныя мерапрыемствы, якія адбываліся ў інтэрнаце і рабіла справаздачу аб іх. Пазней многія знаёмыя пачалі запрашаць на фотапрагулкі, і майстрыца рабіла партрэты.
– На трэцім курсе навучання ва ўніверсітэце вырашыла прайсці курс па фатаграфіі. Было не вельмі проста, так як вучылася я ў Баранавічах, а на курсы прыходзілася ездзіць кожны тыдзень у Мінск. Але мая прага да фатаграфіі была мацнейшай за адлегласць. Я паспяхова здала дыпломны праект па фатаграфіі і атрымала сертыфікат аб навучанні.
І хоць зараз любы чалавек з убудаванай у мабільны тэлефон камерай можа з лёгкасцю назваць сябе фатографам, усё ж гэта вялікая праца, якая патрабуе не толькі асаблівага погляду на навакольны свет, але і ўмення працаваць з рэтушшу, фільтрамі, колераперадачай
З таго моманту да дзяўчыны пачалі звяртацца з просьбамі зрабіць розныя тыпы фотаздымкаў: прысвечаныя вяселлю, дню нараджэння, хрышчэнню, сямейныя, партрэтныя. Блізкія падтрымалі новае хобі Ангеліны. Некаторыя пачалі расказваць пра яе дзейнасць сваім знаёмым. Такім чынам і пачалі з‘яўляцца новыя кліенты. Па словах Ангеліны, пасля кожнай праведзенай фотасесіі яна вярталася дамоў з новым прылівам сіл для ажыццяўлення сваіх ідэй ў сваіх наступных работах.
У кожнага аўтара ёсць любімыя і працаёмкія работы, якія пакінулі пасля сябе цікавы досвед або прыўнеслі новыя веды.
Для Ангеліны такімі самымі запамінальнымі здымкамі становяцца ў асноўным нестандартныя выпадкі
У крэатыўнай біяграфіі дзяўчыны ёсць дзве такія гісторыі – лоўля світання і пазіраванне мадэлі ў вадаёме сярод кветак.
– Дзеля здымкі на світанні прыйшлося падымацца а 3 гадзіне ночы, сабраць увесь неабходны рэквізіт, патэлефанаваць і ўпэўніцца, ці прачнулася сама мадэль, і самае галоўнае – паспець злавіць момант, як падымаецца сонейка і нараджаецца новы дзень. Другая запамінальная здымка была ў Драздах. Маёй мадэлі прынцыпова патрэбна былі здымкі з гарлачыкамі. І першае месца, якое прыйшло мне на думку, было вадасховішча Дразды. Толькі знайсці там кропку з гарлачыкамі аказалася не так проста. Але, паблукаўшы пару хвілін, мы ўсё-такі справіліся. Далей я не ўяўляла, як мы палезем у ваду, бо на вуліцы быў халодны вераснёўскі дзень. Але мая мадэль была вельмі адважная дзяўчына. Яна хуценька пераапранулася і скокнула да гарлачыкаў. Прыслухоўваючыся да маіх наказаў і рэкамендацый, ажыццяўляючы ўсе мае пазіцыі, мы атрымалі найпрыгажэйшыя фотакарткі. У працэсе здымак людзі, якія міналі нас, вельмі хваляваліся, каб нас не ўкусіў ніякі водны жыхар. Увогуле мне камфортней працаваць на прыродзе, так як час не абмежаваны, можна спакойна, не спяшаючыся, ствараць прыгажосць.
Зараз фатографка ставіць перад сабой сур’езную творчую задачу – захаваць гісторыю кахання.
– Даўно думаю аб здымках гісторыі, у цэнтры якой два закаханых чалавека ці сям’я ва ўмовах ліўня цёплым летнім днём (ці наадварот – ва ўмовах завірухі сцюдзёнай зімой).
Фатаграфія – далёка не адзіны талент Ангеліны. У нашай гераіні цудоўныя здольнасці да вывучэння моў
– Асноўная мая прафесія – лінгвіст, выкладчык англійскай і нямецкай мовы. На дадзены момант знаходжуся ў водпуску па догляду за дзіцем. Дагэтуль працавала ў гімназіі г. Фаніпаля настаўнікам англійскай мовы. Калі б мне прыйшлося выбіраць, чым займацца, то хацелася б паспрабаваць фатаграфаваць за мяжой, каб адначасова практыкаваць валоданне замежнымі мовамі.
Таксама дзяўчына з’яўляецца вялікай аматаркай вандровак. Найбольш Ангеліну вабяць непаўторныя мясціны роднай Беларусі.
– Вельмі люблю браць сваіх сяброў з сабой і ехаць у падарожжы па нашай прыгожай Беларусі. На сённяшні дзень я пабывала ў Магілёве, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ружанах, Косава, Гродна, Мастах, Лідзе, Віцебску, Нясвіжы, Слуцку і многіх другіх гарадах. Яшчэ мне вельмі падабаецца хадзіць на рыбалку разам з мужам. Вельмі цудоўнае месца для разважанняў.
Адной з асноўных якасцей добрага фатографа з’яўляецца ўменне бачыць прыгажосць у навакольным свеце і людзях. «Лепшая камера не будзе працаваць за вас, калі ў вашай галаве ці ў сэрцы нічога няма», – гаварыў стваральнік партрэтнай фотаздымкі Арнольд Ньюман.
Дзякуючы такому «душэўнаму» падыходу, Ангеліна змагла знайсці свой унікальны стыль, які прыцягвае гледачоў і пакідае мадэлей задаволенымі
– Кожная мая здымка раскрывае сваю гісторыю. Паглядзеўшы на фота адзін раз, захочацца вярнуцца і паглядзець другі. У зыходніках я абавязкова павінна бачыць лагічную паслядоўнасць падзей, гісторыю якіх мы павінны былі перадаць з маімі мадэлямі. Яшчэ адзін неабходны кампанент зыходнікаў – шчырасць эмоцый, якія адчувалі людзі пад час фотасесіі.
Як вядома, усе бачаць свет па-рознаму, таму гераіня не баіцца чэрпаць досвед і натхненне з работ іншых фатографаў.
– На чужыя здымкі падобнай тэматыкі глядзець дакладна нецяжка. Наадварот, я з задавальненнем сачу за працамі іншых фатографаў і шукаю натхненне на свае новыя работы. Неўсвядомленых капіяванняў чужога стылю не баюся, так як аднолькавыя прадметы і аб’екты розныя фатографы дакладна бачаць і перадаюць па-рознаму і сам глядач бачыць фотаработы з розных бакоў.
Напрыканцы Ангеліна пакінула невялікае пажаданне для ўсіх, хто толькі збіраецца зрабіць свой першы крок у фотаграфіі.
– Пачаткоўцам я б параіла як мага больш праяўляць свае здольнасці ў розных напрамках, каб знайсці менавіта той, да якога будзе ляжаць душа. А таксама знаёміцца з працамі другіх фатографаў, каб чэрпаць натхненне і ідэі для стварэння сваіх кадраў. І вядома, не бойцеся эксперыментаваць і шукаць сябе. Хто ведае, можа, менавіта вы станеце заснавальнікам новага моднага кірунку?