Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. З верай і надзеяй

Пачатак гісторыі малой радзімы. З верай і надзеяй

Старажытныя людзі ў будзённым жыцці не заўсёды маглі патлумачыць паходжанне розных прыродных з’яў. І таму пачалі верыць, што ўсё ў Сусвеце падпарадкоўваецца незвычайным магутным сілам, бажаствам. Адчуваючы перад стыхіяй сваю бездапаможнасць, нашы продкі стварылі сістэму культавых традыцый і звычаяў, якія паступова аформіліся ў сістэму рэлігійных поглядаў. У вуснай народнай творчасці праз вякі дайшоў да нас сапраўдны пласт матэрыяльнай культуры.

Уладары прыроды

Старажытным славянам, як і іншым народам, на пэўнай ступені цывілізацыйнага развіцця было характэрна прымітыўнае светаўспрыманне адбываючыхся ў навакольным асяроддзі працэсаў. Знаходзячыся пад іх уплывам, яны абагаўлялі сонца і месяц, камяні і горы, рэкі і азёры, раслінны і жывёльны свет. Паступова пачало фарміравацца ўяўленне аб бажаствах, якія набылі вобразы людзей і атрымалі уласныя прозвішчы.

Адным з першых такі гонар атрымала Сонца. З гэтым нябесным свяцілам у старажытных людзей было звязана шмат жыццёвых выгод, таму да яго ставіліся з асаблівай пашанай, заснаванай на магічных рытуалах і абраднасці. Сонца ў культавых дзеяннях славян прадстаўлена ў розных іпастасях. Менавіта з тых далёкіх часоў дайшоў да нас Калаўрот – магічны сімвал, аб’ядноўваючы вобразы сонечных багоў Сварога, Дажбога і Хорса. Таму і выглядае ён як кола з загнутымі промнямі, што нагадвае старажытны індаеўрапейскі ведычны знак.

А маладое Сонца паўстае ў вобразе Каляды, сына Дажбога. З ім нашы продкі звязвалі павер’е пра адраджэнне прыроды і наступленне новага адліку часу ў сельскагаспадарчым календары. З ушанаваннем нябеснага першынца нарадзілася і традыцыя калядаваць, апранацца ў скуры жывёл, спяваць калядкі з пажаданнем іншым людзям шчасця, спакою і дабрабыту.

Гэты рытуал атрымаў працяг у святкаванні Масленіцы, калі на стол падаваліся бліны, па форме падобныя на сонечны дыск, а тыднёвае гулянне завяршалася вясёлым спальваннем саламянага чучала, што сімвалізавала развітанне з халадамі і наступленне цяпла.

У гэтым цыкле сонцазвароту не апошняе месца таксама займалі культавыя святы Ярыла, Купалле і Багач, якія ўносілі сваю адметнасць у светапогляд старажытных людзей

Крывічы, радзімічы і дрыгавічы, якім у спадчыну дастаўся куток зямлі з разнастайным прыродным асяроддзем, неўзабаве сталі ствараць сваё ўласнае ўяўленне пра тых прадстаўнікоў найвышэйшых сіл, якім падпарадкоўвалася тая ці іншая стыхія альбо з’ява. Такімі ўладарамі прыроды лічыліся бог-грамавержац Пярун, бог дамашняй жывёлы і дабрабыту Велес, бог неба і агню Сварог, бог ветру Стрыбог, багіня вады і ўрадлівасці Макоша, багіня кахання і прыгажосці, апякунка ўраджаю Лада. Такім чынам, да VII–VIII стагоддзяў у славян была сфарміравана язычніцкая (паганская) культура набажэнства з ушанаваннем свайго пантэона багоў.

Для даведкі: Язычніцтва – тэрмін, які аб’ядноўвае сістэму рэлігійных поглядаў старажытных народаў. Назва паходзіць ад царкоўнаславянскага слова «языцы», што ў этымалагічным сэнсе азначае «народы» альбо «племя», а ў дадзеным выпадку аб’ядноўвае паняцці «этнічная рэлігія» альбо «племянны культ». Разам з тым у беларускай мове распаўсюджаны тэрмін «паганства», які паходзіць ад лацінскага «паганус» (язычнік). Асаблівасць язычніцтва (паганства) – шматбожжа.

Для ўшанавання найвышэйшага саслоўя багоў ствараліся асобныя культавыя комплексы. Іх узводзілі на самым высокім месцы, каб наблізіцца да небажыхароў і праз магічныя рытуалы забяспечыць сабе прыхільнасць магутных сіл, ад якіх залежаў лёс роду ці племені. Звычайна гэтыя збудаванні знаходзіліся пад адкрытым небам. На вяршыні пагорка ўстанаўліваліся драўляныя ідалы, альбо капы, да якіх звярталіся з малітвамі, таму месца іх знаходжання пазней атрымала назву «капішча». Вакол насыпаўся земляны вал. На ім падчас набажэнстваў запальваліся рытуальныя вогнішчы – крады, каб адагнаць нядобрых духаў.

Рытуал абраднасці праводзілі жрацы. Тыя з іх, хто меў дар прадказальніцтва, зваліся валхвамі. Лічылася, што з дапамогай свяшчэннага келіха (чары) і магічных заклінанняў яны вядуць гутарку з багамі, а таксама могуць уздзейнічаць на прыроду. Напрыклад, дабіваюцца, у залежнасці ад абставін, спрыяльных умоў для паляпшэння ўраджаю, абараняюць хатнюю жывёлу ад хвароб і ўмацоўваюць дабрабыт ў сем’ях.

Ідалапаклонства заканчвалася ахвярапрынашэннямі і рытуальным сталаваннем: нашы продкі лічылі, што праз агульнае з уладарамі прыроды спажыванне ежы таксама можна набыць дадатковыя выгоды.

З павагай да родавых традыцый

Жывучы на мяжы магчымага, насельніцтва Крутагор’я імкнулася засцерагчы сябе ад непажаданага ўздзеяння небяспечных з’яў навакольнага асяроддзя. Вялікі сямейны калектыў родавай абшчыны меў сваю ўласную сістэму рытуалаў, культаў, забабонаў, замоў і розных заклінанняў, якія быццам бы дапамагалі ім пераадольваць розныя жыццёвыя складанасці. Звычайна рытуалы былі звязаны з земляробчымі цыкламі, хатнімі справамі і адносінамі паміж суродзічамі. Першапачаткова большасць з іх асвяшчалася каля асобна стаячага дрэва (дуба) альбо камяня-валуна, якім надаваўся сакральны сэнс.

Пазней, калі ў самай высокай кропцы мясцовага пагоркавага ландшафту было створана капішча, усе набажэнствы праводзіліся менавіта там, а гара з цягам часу пачала звацца Святой (у 1956 годзе перайменавана ў Дзяржынскую)

Апрача земляробчых і іншых гаспадарчых работ крутагорцы з вялікай павагай адносіліся да ўсяго, што было звязана з сямейнымі адносінамі. Ахоўнікам і абаронцай абшчыны яны лічылі Рода, які ў пантэоне багоў старажытных славян займаў найбольш пачэснае месца. Паводле міфалагічных паданняў славянскіх язычнікаў, менавіта яму адводзілася роля творцы ўсяго жывога на Зямлі. Значэнне гэтага бажаства значна ўмацавалася, калі ў сямейных адносінах адбыўся пераход ад матрыярхата да патрыярхата, а функцыі роданачальніка сям’і перайшлі да бацькі.

Менавіта з Родам абшчына пачала звязваць усе шлюбныя звычаі, якія давалі працяг бацькоўскаму роду. Напярэдадні шлюбу жаніх і нявеста наведвалі месцы пахаванняў родных, каб атрымаць ад іх благаславенне і адчуць прыналежнасць да Родавага Дрэва. Вяселле праходзіла на прыродзе. Маладыя апраналі светлае адзенне з даматканай тканіны, аздобленае вышыванкамі. Рытуал умацавання саюза даручалі праводзіць жрацу альбо валхву, пасля чаго маладая пара тройчы абыходзіла бярозу. Такі абрад сімвалізаваў сонца, адзінства і бясконцасць жыцця.

Калі парадзіха рыхтавалася да нараджэння дзіцяці, яна была ў цэнтры ўвагі павітух, бо з’яўлялася сакральным звяном у працягу роду. З’яўленне на свет немаўляці таксама не абыходзілася без замоў і звычаяў. Яму даводзілася прайсці праз рытуалы імядаравання і пострыгу. Існавала павер’е, што такая абраднасць можа прадвызначыць далейшы лёс дзіцяці.

Веданне свайго роду было неабходным элементам сямейнага выхавання ў абшчыне

Усе звесткі пра сваіх продкаў моладзь атрымлівала з вусных паданняў – так яна вучылася з павагай адносіцца як да бацькоў, так і да далёкіх родзічаў, якія даўно пайшлі з жыцця. Вось чаму трызна і Радуніца з дахрысціянскіх часоў лічыліся абавязковымі абрадамі ў кожнай сям’і: праз іх як бы падтрымлівалася сувязь паміж мінулым і сучасным. А такая духоўная еднасць мацавала саюзы абшчыннікаў, рабіла іх непарушнымі, дапамагала вытрымліваць розныя жыццёвыя нягоды і выпрабаванні.

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59