Пачатак гісторыі малой радзімы. Прывіды Крутагор’я

Калі дакладна ўстаноўлена, як і адкуль з’явіліся на свет дата і першапачатковая назва нашага горада, можна альбо ўспрымаць гэту інфармацыю як данасць, альбо, наадварот, не пагадзіцца з папярэдняй думкай і пачаць самастойныя пошукі. Таму зноў паглыбімся ў цемру стагоддзяў, каб больш дэталёва разабраца з тым запісам і дакапацца да сутнасці рэчаў.
А пачнём наша даследаванне з таго сцвярджэння, дзе ідзе гаворка пра само старадаўняе паселішча. З апісання вынікае, што Крутагор’е ў 1146 годзе па памерах нагадвала даволі буйны населены пункт, не інакш як горад. Выклікае здзіўленне і фраза: “…меж зданиями которого красовался большой каменный замок”. Наяўнасць у Крутагор’і такога збудавання сведчыць пра тое, што яно займала становішча не ніжэй цэнтра княства. У такім выпадку нават само аблічча горада не зусім адпавядае вынікам рэканструкцыі, зробленай на аснове археалагічных даследаванняў.
А ці быў замак?
Звычайна замак узводзіўся асобна ад паселішча на ўзвышшы, у цяжкадаступным месцы. Яго ўмацоўвалі драўляным тынам, равамі, валамі і іншымі абарончымі збудаваннямі. І называлася гэта дзядзінцам. Там жыў князь альбо іншая саноўная асоба са сваёй дружынай і чэляддзю, а таксама размяшчаліся адміністрацыйныя і культавыя збудаванні.
Вакол замка пазней узнікалі пасады, дзе сяліўся просты народ з ліку рамеснікаў і гандляроў. Іх жытло таксама ўмоўна можна назваць “зданиями”, як гэта падаецца Паўлам Шпілеўскім, на той час гэта былі паўзямлянкі, крытыя саломай. Калі ўзнікала небяспека, жыхары пасадаў і навакольных паселішчаў збіралі свой сціплы скарб і хаваліся за сценамі дзядзінца, які, дарэчы, не заўсёды забяспечваў ахову ад ворага, таму што ў XII стагоддзі такія абарончыя збудаванні ў межах Беларусі рабіліся з дрэва. Так, напрыклад, у 1067 годзе ў бітве на Нямізе, апісанай старцам Нестарам у знакамітай “Аповесці мінулых гадоў”, вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Яраславіч разам з братамі амаль цалкам зруйнаваў і спаліў драўляны Менск, які на той час, як лічылася, меў даволі моцныя фартыфікацыйныя збудаванні. У 1119 годзе яго зноў захапіў кіеўскі князь Уладзімір Манамах. Тое ж здарылася з Заслаўем – яго знішчылі ў 1127 годзе падчас паходу на Полацкую зямлю вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча.
Усе гэтыя трагічныя падзеі з жыцця старажытных беларускіх гарадоў прыводзяцца ў летапісах. Такі ж лёс, безумоўна, чакаў бы і ўмацаваны Крутагорскі замак, калі б ён існаваў на самай справе, бо жорсткія феадальныя міжусобіцы ў той складаны перыяд нікому не пакідалі шанцаў на выратаванне. Аднак нічога падобнага не знайсці ў старажытных летапісах.
А вось якое меркаванне выказваюць навукоўцы-археолагі, якія займаліся вывучэннем рэшткаў старых помнікаў матэрыяльнай культуры на месцы нашага горада.
Беларускі гісторык архітэктуры, педагог, кандыдат архітэктуры Юры ЯКІМОВІЧ у артыкуле “Ці быў у Койданаве замак?” адмаўляе наяўнасць збудавання такога тыпу ў XII стагоддзі
На яго думку, такую ролю выконваў сядзібны комплекс, які з’явіўся толькі ў другой палове XVI стагоддзя, калі Койданаў стаў цэнтрам графства. Ён сапраўды ўзвышаўся над мястэчкам прыкладна ў тым месцы, дзе зараз знаходзіцца раённая бальніца. Пазней побач з ім, на месцы Акопішча – умацаванай гары – быў пабудаваны спачатку драўляны, а затым мураваны Кальвінскі збор, які стаў адной з рэзідэнцый прыхільнікаў пратэстантызму Мікалая Радзівіла Рудога і Мікалая Радзівіла Чорнага.
Супраць таго, што мураваныя збудаванні адсутнічалі ў XII стагоддзі на тэрыторыі нашага старажытнага горада, сведчаць і апошнія археалагічныя даследаванні, згодна з якімі замкавае будаўніцтва на землях Беларусі пачалося толькі з XIII стагоддзя. Але тады ўзводзіліся мураваныя абарончыя збудаванні ў форме шмат’ярусных вежаў. Першым такім помнікам абарончага дойлідства на Беларусі афіцыйна прызнана Камянецкая вежа-данжон, якая з’явілася толькі ў другой палове XIII стагоддзя.
На пачатку ўрбанізацыі
Наогул, можна меркаваць, што ў XII стагоддзі на землях Крутагор’я не было ніякіх сацыяльна-эканамічных перадумоў для з’яўлення горада. Буйныя паселішчы такога тыпу ўзнікалі не самі па сабе, а ў выніку складанага гістарычна абумоўленага працэсу, звязанага з нараджэннем раннефеадальнага грамадства. Яны садзейнічалі разбурэнню перажыткаў патрыярхальна-родавых адносін. Таму ўзнікненне гарадскога жыцця можна лічыць своеасаблівым пераломным момантам у развіцці грамадства. Гэтаму папярэднічала паглыбленне грамадскага падзелу працы – аддзяленне рамёстваў ад земляробства пры пераходзе ад першабытнага да феадальнага ладу.

Гарады звычайна з’яўляліся тады, калі з асноўнай масы насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вылучаліся майстравыя людзі, якія пераважна займаліся промысламі і адрываліся ад сельскагаспадарчай дзейнасці. На старажытных землях Беларусі гэты працэс пачаўся ў раннім сярэднявеччы і адбываўся выключна ў густанаселеных месцах, дзе перасякаліся важныя шляхі зносін, у першую чаргу – водныя. Вось чаму роля гарадоў увесь час узрастала. Яны выконвалі гандлёва-рамесніцкія, аграрныя, адміністрацыйна-фіскальныя, ваенна-абарончыя, культурныя, рэлігійныя функцыі. У гарадах гаспадарылі свецкія і духоўныя феадалы, а таксама іх апора – ваенная дружына. Ніжэйшыя слаі насельніцтва фарміраваліся за кошт прыслугі, рамеснікаў і гандляроў. Прытулак у гарадскіх кварталах знаходзілі і наогул дэкласаваныя элементы – беглыя зладзеі і разбойнікі, рознага роду жабракі і іншыя. Таму гэтыя месцы былі не асабліва бяспечныя для жыцця.
Першыя звесткі пра старажытныя гарады ў межах рассялення ўсходніх славян з’явіліся ўжо ў IX–XI стагоддзях. Гэта было агароджанае ўмацаванае паселішча – адсюль і назва “горад”
Тут варта адзначыць, што ў гэты перыяд пашыралася пісьменства, таму іх наяўнасць была афіцыйна зафіксавана пры апісанні розных падзей у такіх дакументальных крыніцах, як “Аповесць мінулых гадоў”, Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі летапісныя зборы. Дзякуючы ім праз стагоддзі да нас дайшлі першыя згадкі пра 35 старадаўніх беларускіх гарадоў, якія існавалі ў IX–XIII стагоддзях. Сярод іх – Полацк (862 год), Тураў (980), Віцебск (974), Заслаўе (каля 985), Друцк (1001), Бярэсце (1017), Копысь (1059), Браслаў (каля 1065), Менск (1067), Орша (1067), Лагойск (1078), Лукомль (1078), Пінск (1097), Барысаў (1102), Слуцк (1116), Наваградак (1117), Гародня (1127), Клецк (1127), Мсціслаў (1135), Гомель (1142), Рагачоў (1142), Брагін (1147), Мазыр (1155), Чачэрск (1159), Рэчыца (1213), Слонім (1252), Ваўкавыск (1252), Здзітаў (1252), Турыйск (1253), Капыль (1274), Камянец (1276), Кобрын (1287). У статутнай грамаце князя Расціслава Смаленскага (1136) названы гарады Прупой (Слаўгарад) і Крэчут (Крычаў). Усе яны дакладна ідэнтыфікаваны, вывучаны і археалагічна даследаваны, за выключэннем некалькіх гарадоў, чыя геалакацыя пакуль што не ўстаноўлена.

Горад-прывід
Як бачым, у гэтым падрабязным спісе адсутнічае Крутагор’е. А інакш і не магло быць. Па-першае, на крутагорскіх землях у X–XII стагоддзях яшчэ не мелася ўмоў для ўзнікнення паселішча такога тыпу. Крутагорцы толькі падышлі да распаду патрыярхальна-родавых адносін, але працягвалі жыць абшчынным ладам у сельскай мясцовасці, што мела агульную назву “весь”. Гэта было пакуль што бессістэмнае залюдненне прыдатных для земляробства і жывёлагадоўлі зямель. І хаця пасяленцы пачалі ўзводзіць сваё жытло па сядзібнаму тыпу, але пакуль што яно па-ранейшаму было раскідана на пэўнай адлегласці адно ад другога.
Не парываючы паміж сабою сувязей, жыхары мясцовасці, пад уплывам прыгожых навакольных краявідаў, далі свайму ўнікальнаму краю агульную назву Крутагор’е. Магчыма і тое, што да XII стагоддзя яго насельніцтва ўжо вылучала ў сябе агульны цэнтр, ролю якога пачаў выконваць Койданаў пасад, але і ён яшчэ не набыў абрысаў адміністрацыйнага цэнтра. Спатрэбіцца некалькі стагоддзяў, пакуль паселішча кавалёў і іншых майстравых людзей узвысіцца да такога статусу.
Усе прыведзеныя факты з апошніх навуковых даследаванняў прыходзяць у супярэчнасць з тым, што было сказана пра Крутагор’е ў нарысе Паўла Шпілеўскага. Дык ці існавала наогул такое паселішча з назвай Крутагор’е. Калі б так было на самай справе, яго не пакінулі б без увагі старажытныя летапісцы, як гэта адбылося з бліжэйшымі суседзямі – Менскам і Ізяславам (Заслаўем). Але і гэтага не адбылося. Такім чынам, падводзячы вынік папярэдніх разважанняў, можна сцвярджаць, што Крутагор’е – гэта горад-прывід, створаны фантазіяй мясцовага насельніцтва, і гэта варта ўлічваць.
(Працяг будзе)
Віктар УРАНАЎ
Рекомендуем
