Меню

У Станькава аднавілася творчая выстава майстроў Дзяржыншчыны

У родным краю як у раю. Гэта цудоўная народная прымаўка стала трапнай назвай для выставы, створанай на базе Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў Станькава. Адмысловыя работы майстроў Дзяржыншчыны складаюць яе асноўны змест. Дзякуючы сучасным мастацкім вырабам з дрэва, гліны, тэкстылю, саломкі можна пазнаёміцца са старадаўнімі беларускімі творчымі традыцыямі і звярнуць увагу на сакральныя сэнсы, якія праяўляюцца ў тэхніках выканання, формах, колерах і разнастайных аздабленнях і якія калісьці былі закладзены нашымі продкамі.

Наведвальнікаў даволі шмат. У цэнтры з гонарам адзначаюць, што арганізатары выставы нязменна атрымліваюць захопленыя водгукі ад гасцей любога ўзросту, з розных краін.

– Падчас экскурсій мы распавядаем як пра нашых таленавітых землякоў, так і ўвогуле пра народныя беларускія традыцыі і рамёствы, – адзначае майстар, кіраўнік народнага калектыву майстроў «Калаўрот» Ала Балясава. – У гэтым праекце наша нацыянальная культура ажывае ў дзеючых асобах, адмысловых аўтарскіх творах і маляўнічых сюжэтах. Нам сапраўды ёсць чым зацікавіць! Напрыклад, хочаце пачуць, як гучыць беларуская акарына, даведацца, што такое «заатроп», «катрынка»? Ёсць жаданне зразумець розніцу паміж «жбанам» і «гарлачыкам»? А ўбачыць прадстаўленне адзінага ў Беларусі драўлянага кінетычнага тэатра? Калі ласка – запрашаем у Станькава, у наш цэнтр!

У сярэднім за год тут праходзіць некалькі соцень экскурсій, таксама і з майстар-класамі.

Экспазіцыя станькаўскай выставы «У родным краю як у раю» рэгулярна папаўняецца і абнаўляецца. У гэтым годзе пачэснае месца ўжо занялі новыя лялькі Людмілы Аўласевіч і Кацярыны Казакевіч, лаўрэтаў рэспубліканскага конкурсу, а таксама калекцыя беларускіх барабанаў, створаных у адпаведнасці з народнай традыцыяй народным майстрам Андрэем Мяцельскім.

Заўзята рыхтуецца вялікая выстава, прысвечаная юбілею народнага калектыву майстроў «Калаўрот». Сёлета славутае аб’яднанне нашых таленавітых землякоў адзначыць сваё першае дзесяцігоддзе!

Наведаць раённы цэнтр культуры і народнай творчасці раім кожнаму – для цікавага і насычанага сямейнага або карпаратыўнага адпачынку. Работы таленавітых майстроў абуджаюць найлепшае ў кожным з нас, натхняюць на светлыя думкі і пачуцці, а дзеці на такіх прыкладах вучацца марыць і ствараць!

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59