Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Вернікі касцёла Перамянення Пана — пра Вялікі пост, набажэнствы і сямейныя традыцыі святкавання Вялікадня

17 красавіка каталікі адзначаць Светлае Хрыстова Уваскрасенне — Вялікдзень. Гэта свята непараўнальнае па сваёй значнасці для ўсяго хрысціянскага свету: яно распальвае ў сэрцах людзей полымя веры і надзеі. Па традыцыі, да Вялікадня пачынаюць рыхтавацца загадзя. А вось якіх традыцый светкавання прытрымліваюцца дзяржынцы, даведаліся “з першых вуснаў” – ад парафіян касцёла Перамянення Пана, які знаходзіцца ў пасёлку Негарэлае.


За тыдзень да Вялікадня каталікі адзначаюць Вербніцу (Вербную нядзелю). За некалькі дзён да ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста пачынаецца Вялікі Трыдуум, які складаецца з Вялікага чацвера, Вялікай пятніцы і Вялікай суботы. Менавіта з вечара чацвера да вечара самога Вялікадня праводзіцца галоўнае і самае ўрачыстае набажэнства ўсяго года. У гэтыя дні вернікі ўспамінаюць страсці Хрыстовыя, яго пакутніцкую смерць і ўваскрасенне.

У Вялікі чацвер, калі чытаюцца раздзелы евангелля пра Тайную Вячэру, у касцёлах здзяйсняюць абрад “абмывання ног”, які нагадвае пра тое, як Хрыстос падчас Вячэры абмыў ногі апосталам.

Вялікая пятніца – самы журботны дзень літургічнага года. У касцёлах выносіцца да пакланення Плашчаніца(плат вялікага памеру з выявай Хрыста, які ляжыць у труне, альбо памершай Багародзіцы).

У Вялікую суботу святары ў храмах традыцыйна асвячаюць Вялікодныя стравы. На наступны дзень каталікі святкуюць Светлае Хрыстова Уваскрасенне.


Звычайна падрыхтоўка да свята вядзецца комплексная: людзі прыводзяць у належны стан свае думкі, упарадкоўваюць прастору вакол сябе. Каб падрыхтавацца духоўна, наведваюць касцёл, моляцца дома, чытаюць Біблію. Пра гэта распавёў парафіянін Франц Доўнар. Дарэчы, яго сын Міхаіл прыслугоўвае ў касцёле міністрантам.

  • Абавязкова наведваем усе багаслужэнні. Выконваем пост – адмаўляемся ад мяснога. Да ўсіх традыцый прывучаем дзяцей – Ірыну, Міхаіла, Ксенію і Насцю. І хаця да 14 гадоў дзецям дазваляецца не трымаць пост — гэта добраахвотная ўстаноўка, дачкі і сын бяруць прыклад з нас: так ужо заведзена ў нашым доме.

У галоўны святочны дзень сям’я Доўнараў абавязкова збіраецца разам, за адным сталом, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў старэйшага і малодшага пакалення. Гэта абавязковая частка святкавання. Той жа традыцыі прытрымліваюцца яшчэ дзве вялікія сям’і негарэльскай парафіі – Варвашэвічы і Меляшкевічы.

  • Мы святкуем Вялікдзень таксама ў сямейным коле. Нават у касцёл я прыйшла дзякуючы мужу. Разам з ім вучылі кожнага з дзяцей жыць з Богам, па хрысціянскім запаведзям, — распавядае Таццяна Меляшкевіч. – Яны асабліва чакаюць гэта свята, бо яно нясе з сабой столькі прыемнага, светлага, новага. Калі дзеці былі малодшыя, то ўтваралі “музычны гурт”, бралі з сабой скрыпку, гітару, наведвалі суседзяў і віншавалі іх, а тыя наўзаем частвалі іх цукеркамі, рознымі прысмакамі. Вядома, зараз яны падраслі, пасталелі, больш сціпла да гэтага ставяцца.

Таццяна Меляшкевіч: «Вялікі пост у нас заўсёды ў сераду (Попельная серада) і пятніцу (Вялікая пятніца). Я з дзецьмі звычайна ў гэты час ужываю рыбу, а муж — хлеб і ваду. Да таго ж дадае інтэнцыю (просьбу). Падчас Вялікага паста наша сям’я меней глядзіць тэлевізар, абмяжуем сябе ў прысмаках, не запрашаем да сябе гасцей, намагаемся звесці да мінімуму розныя забавы, пацехі. Акцэнт робім на духоўнае — малітвы, споведзі, добрыя ўчынкі, праца над сваімі слабасцямі».


Муж Таццяны Мікалай пагаджаецца: гэта даўняя традыцыя. Практыкавалі яе і ў яго роднай вёсцы Адасеўшчыне. “Дзеці хадзілі да знаёмых, суседзяў, спявалі вялікодныя песні, віншавалі адзін аднаго. Толькі і чуваць было: «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!».

Так гістарычна склалася, што на працягу Вялікай суботы і пасля велікоднага набажэнства ў храмах асвячаюць кулічы, тварожныя пасхі, яйкі і ўсё, што прыгатавана да святочнага стала. Звычайна, да вялікоднага кошыка кладуць соль, хлеб, яйкі, печыва, мясныя прадукты. Канешне, фарбаваныя яйкі, альбо інакш — крашанкі – адзін з найбольш папулярных сімвалаў свята. Яны сімвалізуюць сабой уваскрасенне, бо з іх нараджаецца новае жыццё. Згодна з паданнем, Марыя Магдаліна паднесла ў падарунак імператару Тыберыю яйка як сімвал Уваскрасення Хрыста. Але імператар, усумніўшыся, сказаў, што як яйка з белага не становіцца чырвоным, так і мёртвыя не ўваскрасаюць. Яно ў той жа момант стала чырвоным. Хоць цяпер яйкі фарбуюць у розныя колеры, традыцыйным з’яўляецца чырвоны — колер жыцця і перамогі.

Але трэба разумець, што яйкі, булкі, стравы – усё гэта другараднае, пабочнае. Гэта сімвалы, якія проста дапамагаюць перажыць святочныя дні, — дапаўняе аповед Анна Варвашэвіч. — Самае важнае для нас тое, што пан Езус уваскрос. Ён быццам зврятаецца да людзей: “Не бойцеся, адкрыйце сваё сэрца, вымаліце свае грахі”. Таму Вялікдзень – гэта перш за ўсё свята перамогі, жыцця, надзеі.


Па словам мясцовых жыхароў раней у Негарэлым не было свайго касцёла. Вернікі ездзілі ў Рубяжэвічы, Нясвіж. Пазней  касцёлы з’явіліся ў Мінску і Дзяржынску. Праз некаторы час прадстаўнікам парафіі Перамянення Пана даводзілася маліцца ў розных памяшканнях: гэта былі і прыватныя кватэры, і дзцячы лагер, і падвал дома. Вернікам прапанавалі знайсці новае памяшканне, якое потым можна было б перарабіць ў касцёл. Яны выкупілі будынак недабудаванай крамы і пачалі сваімі сіламі перарабляць яго. Так у аграгардку з’явілася свая святыня.

 

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59