Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. Літоўскія татары

Пачатак гісторыі малой радзімы. Літоўскія татары

Атрымаўшы дазвол на засяленне ў межах Вялікага Княства Літоўскага, мігранты з ліку малых народаў цюркскага паходжання – вымушаныя (ваеннапалонныя) альбо запрошаныя па ўзаемнай дамоўленасці – уладкоўваліся на пастаяннае месца жыхарства кампактнымі групамі. За імі адразу ж замацаваўся абагульнены этнонім «татары». Аднак частка з іх, заснаваўшых свае абшчыны недалёка ад каменных вежаў Лідскага, Крэўскага і Тракайскага замкаў, пачала сябе зваць літоўскімі татарамі альбо, на турэцкі лад, ліпкамі.

Такая саманазва ўзнікла не выпадкова, бо з’явілася працягам міжродавай барацьбы за ўладу, якая атрымала працяг і на літоўскіх землях. Ліпкі ставілі сябе вышэй за іншых перасяленцаў з Крымскага паўвострава і ардынскіх стэпаў. Свой лад жыцця, свае побытавыя звычкі і веды, як у свецкіх навуках, так і ў Каране, яны лічылі лепшымі ў адрозненні ад іншых цюркскіх народаў, якіх па звычцы звалі проста татарамі. З усіх роднасных народаў за сваю роўню літоўскія татары прызнавалі толькі турак, мова якіх вывучалася найбольш дасведчанымі кніжнікамі поруч з арабскай.

На асаблівым становішчы

Пашыраючыся колькасна, абшчыны літоўскіх татар пачалі аднаўляць сваю былую іерархію сацыяльных адносін, заснаваную на маёмаснай няроўнасці. У іх асяродку пачала вылучацца свецкая знаць – бекі (князі), мурзы (арыстакраты), уланы (вайсковыя камандзіры). Усе яны, дзякуючы набліжанасці да акружэння вялікага князя, заахвочваліся вялікімі зямельнымі надзеламі і адносіліся да буйных землеўласнікаў. Простыя воіны татарскай конніцы, не меўшыя тытулаў, зваліся татарамі-казакамі.

Велікакняжацкая ўлада не толькі не рабіла спробы парушаць гэтую склаўшуюся сістэму сацыяльнага і саслоўнага падзелу сярод татарскіх пасяленцаў, але і падтрымлівала яе, бо фактычна на ёй была заснавана ўся іх ваенная арганізацыя. Большасць простых татар-абшчыннікаў, не валодаўшых дастатковай колькасцю зямлі, апрача вайсковай службы, пачынала займацца промысламі – конегадоўлей, гарбарствам, рымарствам, гандлем і рамізніцтвам. Усе катэгорыі літоўскіх татар, нават з бедных, не падлягалі запрыгоньванню, былі вызвалены ад падаткаў, аднак з іх не здымалася воінская павіннасць.

З сярэдзіны XVI стагоддзя на літоўскіх татар распаўсюдзіліся прывілеі, якімі карысталася шляхта.

Блізкасць да велікакняжацкай улады дазволіла літоўскім татарам захаваць сваю прыналежнасць да іслама, таму іх абшчыны вызначаліся канфесійнай замкнёнасцю і стварэннем такога асяродку, дзе працягвала развівацца іх самабытная культура. Пра гэта, напрыклад, сведчаць знакамітыя рукапісныя кнігі-кітабы. Татары-перасяленцы ўжо нават не марылі, каб вярнуцца на былую радзіму, а далейшая іх асіміляцыя з мясцовым насельніцтвам прывяла да таго, што яны паступова пачалі лічыцца часткай беларуска-літоўскага этнасу.

Татары на Койданаўшчыне

З’яўленне крымскіх перасяленцаў на нашых землях не знайшло адлюстраванне ў дакументальных крыніцах, але па ўскосных фактах можна выказаць меркаванне, што гэты працэс пачаўся пасля Клецкай бітвы 1506 года. Да гэтага часу Койданаўшчына перайшла ў прыватную ўласнасць да Альбрэхта Гаштольда, які, у выніку шлюбу з Соф’яй Вярэйскай, набыў гэтыя землі ў якасці пасада.

Гэты нашчадак даволі ўплывовага магнацкага роду паспяхова ўзвышаўся па кар’ернай лесвіцы, заняўшы пасаду ваяводы навагрудскага, а пазней – адпаведна полацкага, трокскага і віленскага. Па службовых абавязках ён прымаў удзел у найбольш значных ваенных паходах, таму павінен быў выстаўляць сваё войска ў паспалітае рушэнне. Аднак у XVI стагоддзі шляхецкае саслоўе на Койданаўшчыне толькі набывала развіццё, таму асноўную частку ратнікаў ад рэгіёна складалі «драбы» – пешыя воіны. Такое становішча не задавальняла Альбрэхта Гаштольда. Таму, пасля бліскучай перамогі над татарамі пад Клецкам, ён, знаходзячыся ў добрых адносінах з князем Міхалам Глінскім, дамовіўся аб перадачы яму часткі палонных татар для засялення на сваіх койданаўскіх уладаннях.

Іх паселішча з’явіліся на месцах, дзе знаходзяцца сучасныя вёскі Путчынскага сельскага Савета – Татаршчына (для простых воінаў) і Ліпкі (для камандуючага склада).

Так Альбрэхт Гаштольд вырашыў праблему з наборам падрыхтаваных вершнікаў, калі аб’яўляўся ўсеагульны збор паспалітага рушэння. Ваенная справа не абыходзілася без ахвяр, таму вайскоўцы з ліку татарскай конніцы, якая падпарадкоўвалася Альбрэхту Гаштольду, паступова змяншаліся колькасна, пакуль канчаткова не асіміляваліся з мясцовым насельніцтвам, пакінуўшы аб сабе памяць толькі ў назвах вёсак.

І само Койданава стала месцам рассялення яшчэ адной часткі перасяленцаў з Крымскага паўвострава – караімаў.

Яны не адносілі сябе да татар, хаця, у выніку шматгадовага сумеснага жыцця, набылі з імі шмат агульных рыс. Лічылася, што караімы паходзілі з Хазарскага каганата, а таму, пад уплывам вандраваўшых яўрэяў-гандляроў, прынялі іудаізм, аднак пазней адышлі ад яго артадаксальных прынцыпаў веравызнання. Яны адмаўлялі Талмуд, засноўваючы набажэнствы на Святым Пісанні (Танахе), а сваімі прарокамі лічылі Маісея, Ісуса Хрыста і Мухамеда. Такім чынам, па рэлігійным поглядам караімы аб’ядноўвалі іўдаізм, іслам і хрысціянства, а іх малельныя дамы зваліся кенасамі, якія спалучалі элементы іўдзейскай сінагогі і мусульманскай мячэці.

Па сваёй сутнасці караімы не былі ваяўнічым народам, і галоўным чынам займаліся гандлем, рамёствамі і раслінаводствам. Таму, у адрозненні ад татар, вялікі князь Вітаўт запрасіў іх не ў якасці вайсковай дружыны, а ў большасці для ўздыму эканомікі сваёй дзяржавы.

Першапачаткова караімы сяліліся ў буйных гарадах. Іх абшчыны былі нешматлікія, але хутка сваёй працавітасцю і ведамі яны змаглі заваяваць давер у мясцовага насельніцтва. У XVI стагоддзі, калі развіццё атрымалі мястэчкі, гэты нешматлікі народ пачаў абжываць і гэтыя ўтульныя для жыцця паселішча. Так яны з’явіліся ў Койданава.

На новым месцы караімы заснавалі сваю слабаду наўздоўж ракі Няцечы, прыблізна там, дзе зараз знаходзіцца сучасная рынкавая плошча. Па звычцы, койданаўцы звалі яе Татарскай.

На пагорку (зараз перасячэнне вуліцы 1-й Ленінскай і завулка Савецкага) здалёк віднеўся іх малельны дом – кенаса.

Як руплівыя гаспадары, караімы хутка апрацавалі ладныя надзелы зямлі, дзе пачалі вырошчваць цыбулю, часнок і розныя духмяныя расліны, якія прывезлі з месца свайго першапачатковага жыхарства. У садах яны вырошчвалі розныя гатункі пладовых дрэў, але найбольш вабілі вока грушы, якія вызначаліся духмянай і сакавітай мякаццю. Сваімі земляробчымі набыткамі караімы шчодра дзяліліся з местачкоўцамі, таму неўзабаве і яны пачалі займацца агародніцтвам і садаводствам. Але галоўным заняткам караімы лічылі развядзенне коней, годных для працы ў сялянскіх гаспадарках.

Такім чынам, у XVI–XVII стагоддзях караімы значна паднялі эканамічны ўзровень Койданава. Пашырылася вядомасць і койданаўскіх кірмашоў, пра якія даходзілі чуткі нават да аддаленых куткоў Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, «татарскі след» заўважыў і вядомы ўжо нам даследчык даўніны Павел Шпілеўскі, які падчас сваёй вандроўкі па ваколіцах Койданава натрапіў на насыпы і валы каля былой Татарскай слабады. У выніку ён пакінуў наступны запіс: «Народное предание говорит, что они составляли военные укрепления древнего города Койданова во время нападения на него татар. Но мне кажется, нельзя согласиться с этим преданием, потому что меж валами есть маленькие и большие курганы, которые скорее походят на могилы. Я нарочно расспрашивал об этих возвышениях у койдановских татар, и они сказали, что здесь покоятся убитые в сражениях их предки».

Знаходжанне татар у Койданава дало падставу для стварэння яшчэ адной версіі паходжання назвы мястэчка.

У прыватнасці, вядомы беларускі мовазнавец доктар філалагічных навук Аляксандр Рагалёў сцвярджае, што пасяленне Койданава заснаваў правадыр нейкай групы татарскіх перасяленцаў, якога звалі Кайдан. Татарская калонія пад назвай Койданава існавала доўгі час побач са славянскай (беларускай) вёсачкай Крутагор’е. Потым гэтыя населеныя пункты зліліся пад агульнай назвай Койданава. Аднак дакументальна даказана, што Койданаў вядомы з сярэдзіны XV стагоддзя, і ніякіх татарскіх пасяленняў на той час на нашых землях не існавала. Тым не менш і назва Крутагор’е, і назва Койданаў з’яўляюцца часткай нашай культурна-гістарычнай спадчыны, а таму яны вартыя таго, каб пра іх ведалі, памяталі і шанавалі.

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59