Пачатак гісторыі малой радзімы. На графскіх руінах
Таямнічая, амаль што прыгодніцкая гісторыя з «Хронікай Быхаўца» застанецца без завяршэння, калі не прыгадаць, як склаўся далейшы шлях яе галоўных дзеючых асоб – Альбрэхта Гаштольда і Францыска Скарыны. А ў яго быў такі ж незайздросны працяг, як і ў самога летапіснага збора.
Канцлер і Койданаўскае графства
Атрымаўшы тытул графа, Альбрэхт Гаштольд нарэшце задаволіў свае амбіцыйныя памкненні і некаторы час знаходзіўся ў адчуванні чванлівага гонару. Але абавязкі вялікага канцлера літоўскага прымусілі яго асесці на зямлю, каб засяродзіцца на працы па завяршэнні першага беларуска-літоўскага Статута. Гэты працэс знаходзіўся пад пільнай увагай караля польскага Жыгімонта I (Старога), а таму кіраўнік вялікакняжацкай канцылярыі не дазваляў паслабленняў ні сабе, ні сваім падначаленым. Да таго ж у яго быў і чыста меркантыльны інтарэс – прага да грошай, бо гэта дзяржаўная справа добра праплачвалася.
У 1529 годзе тэкст Статута быў разгледжаны на Сойме і атрымаў станоўчыя водгукі сенатараў. У 1530 годзе важны дакумент зацвердзіў кароль, пасля чаго гэты адзіны звод дзяржаўных законаў пачаў дзейнічаць у межах Вялікага Княства Літоўскага.
Па завяршэнні гэтай працяглай і цяжкай працы Гаштольд нарэшце атрымаў невялікі перадых, а таму змог больш часу аддаваць сваім шматлікім латыфундыям, каб прывесці іх у парадак. Да сваіх прыгонных сялян, якіх у яго было каля 7 тысяч душ, ён ставіўся даволі жорстка, прымушаючы працаваць звыш нормы і абкладаючы іх шматлікімі падаткамі і паборамі. Сваёй новай рэзідэнцыяй канцлер зрабіў замак у Геранёнах, што не так далёка ад Вільна. Разбудаваўшы яго, ён ператварыў гэты некалі непрывабны куток прыроды ва ўтульнае месца для адпачынку і прыёму гасцей. Аднак з-за свайго занудлівага і сварлівага характару Гаштольд не карыстаўся прыхільнасцю, а тым больш павагай з боку магнатаў, таму ў яго не было блізкіх знаёмых, з якімі ён мог бы падтрымліваць сяброўскія адносіны.

Асаблівая варожасць і няспынныя сваркі ў яго адбываліся з Радзівіламі, чыя радавітасць і паспяховасць раздражняла гэтага завіслівага чалавека. Але тытул графа вымусіў яго змяніць ранейшыя погляды і пайсці на кампраміс. У Юрыя Радзівіла, празванага за ратныя подзвігі Геркулесам, падрастала дачка Барбара, а ў Гаштольда ўжо ў сталым узросце быў сын Станіслаў, які атрымаў выдатную адукацыю і з дапамогай бацкі паспяхова рабіў службовую кар’еру. Асаблівай сімпатыі адзін да другога маладыя людзі не праяўлялі, але для ўзнаўлення прыяцельскіх адносін паміж двума магутнымі магнацкімі родамі яны падыходзілі даволі ўдала.
У 1537 годзе адбылося пышнае вяселле Станіслава Гаштольда і Барбары Радзівіл. Бацькі падарылі маладажонам «16 вялікіх місак і блюдаў, 12 талерак, 24 лыжкі, 12 кубкаў для віна і піва» – усё са срэбра агульнай вагою ў 24 кг. Юрый Радзівіл у пасаг дачцэ даў шмат адзення з парчы і аксаміту, а таксама гарнастаевыя шкуры. Везлі ўвесь гэты скарб у замак у Геранёнах на двух вазах. Не застаўся ў даўгу і жаніх, даўшы выкуп за нявесту па 40 собаляў цесцю і цешчы, залаты ланцуг ды яшчэ 100 рублёў золатам. Так 15-гадовая Барбара стала членам сям’і Гаштольдаў. А канцлер і клапатлівы бацка зрабіў ім яшчэ адзін прыемны падарунак – прыгожы замак у Койданаве.
Гэты населены пункт, які паступова пашыраўся ў памерах, Гаштольд зрабіў цэнтрам сваёй новай адміністрацыйнай адзінкі, якая па дакументах амаль да XVIII стагоддзя значылася як Койданаўскае графства

Аднак светлыя моманты ў жыцці Альбрэхта Гаштольда паступова пачалі мяняцца на больш змрочныя. Узрост браў сваё, і некалі ўладарны і дзейны палітык пачаў губляць свае лепшыя якасці. Здароўе пагаршалася, а разам з ім гублялася ранейшая хватка і энергічнасць. У 1539 годзе вялікі канцлер ВКЛ пайшоў з жыцця.
Яго адзіным нашчадкам стаў сын Станіслаў, але і яму быў адпушчаны кароткі век. У 1542 годзе ён таксама згасае. Дзяцей з Барбарай ён не прычакаў, а таму знакаміты магнацкі род прыпыніў існаванне па мужчынскай лініі, а ўсе намаганні, якія прыкладаў Альбрэхт Гаштольд па яго ўзвялічванні, аказаліся дарэмнымі. Шматлікія латыфундыі былі прызнаны каралём вымарачнымі і перайшлі ва ўласнасць дзяржавы. За Барбарай застаўся толькі замак у Геранёнах, дзе яна пражыла некалькі гадоў, пакуль у гэтым аддаленым кутку не прычакала сваё каханне, якое зрабіла яе каралевай польскай. Аднак падсыпаная ў пітво атрута прыпыніла шчаслівыя імгненні і гэтай маладой жанчыны.
Усе багацці Альбрэхта Гаштольда былі канфіскаваны, а яго багатая біблятэка разышлася па паліцах іншых уладальнікаў. Сярод гэтых рэдкіх рукапісных твораў быў і знакаміты летапісны звод Алелькавічаў-Слуцкіх. Як ён трапіў у калекцыю да пана Аляксандра Быхаўца, зараз ужо ніхто не дасць пэўнага адказу. Пасля таго, як у 1846 годзе польскі гісторык Тэадор Нарбут надрукаваў «Хроніку Быхаўца», яго арыгінал назаўсёды знік.
У 1550 годзе кароль польскі і вялікі князь ВКЛ Сігізмунд II Аўгуст ахвяраваў Койданаў і навакольныя землі роднаму брату Барбары – Мікалаю Радзівілу Рудому, які, звярнуўшыся да пратэстанскай веры, перабудаваў замак у Кальвіністскі збор
Таму былое замчышча і да сённяшняга дня захавалася ў памяці мясцовых жыхароў як Гаштольдава гара, а ў пазнейшым варыянце – як Кальвіншчына.

У палоне жыццёвых абставін
Канчаткова прыпыніўшы ўсякія адносіны з Гаштольдам, Францыск Скарына некаторы час знаходзіўся ў пошуку, каб набыць сродкі да існавання. Некаторую падтрымку ён адчуваў ад свайго роднага брата Івана, які таксама жыў у Вільна і вёў там гандлёвыя справы. Разам яны нават зрабілі спробу аднавіць дзейнасць друкарні, але сродкаў аказалася недастаткова, таму ад гэтай задумы давялося адмовіцца.
У канцы 1528 года Францыск Скарына нечакана атрымаў запрашэнне ад апошняга вярхоўнага магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага, які паходзіў са старажытнага прускага роду Гагенцолернаў. Пасля няўдалых ваенных паходаў у пачатку 1520-х гадоў некалі ваяўнічы рыцарскі орден пацярпеў паражэнне ад каралеўства Польскага. Манаскае брацтва было распушчана, а на яго месцы ў 1525 годзе ўтварылася герцагства, якое атрымала васальную залежнасць ад Польшчы. Вярхоўны магістр атрымаў свецкі тытул герцага Брандэнбургскага і працягваў кіраваць землямі былога манаскага ордэна. Пазней ён захапіўся ідэямі пратэстантызму і пачаў праводзіць рэфарматарскую палітыку. Вось чаму двойчы доктар навук і асветнік не здзівіўся, атрымаўшы запрашэнне ад чалавека з такімі поглядамі.
У 1529 годзе Скарына зазбіраўся ў дарогу, каб заснаваць у Круляўцы (Кенігсбергу) выдавецкую справу
Але даволі хутка паміж Скарынам і яго новым гаспадаром пачаліся спрэчкі, якія выклікалі незадаволенасць як з аднаго, так і з другога боку. Герцаг не цярпеў пярэчанняў ад сваіх падначаленых, а вядомы друкар, як творчая асоба, прызвычаіўся сам вызначаць, што і як яму рабіць. Таму ўжо на ўзроўні вырашэння арганізацыйных пытанняў паміж імі пачаўся разлад, які хутка перарос у канфлікт. Беларускі друкар больш не жадаў цярпець над сабою прымус, як гэта было з Гаштольдам, а таму неўзабаве патаемна пакінуў уладанні герцага Брандэнбургскага.
Вяртанне ў Вільна не прынесла яму палёгкі – раптоўна пайшоў з жыцця яго брат Іван. Даведаўшыся пра вяртанне Францыска, крэдыторы выставілі яму, як спадкаемцу, рахунак за братаву запазычанасць па даўгах. Калі той адмовіўся весці з імі справу, па прысудзе яго кінулі за турэмныя краты. І толькі ўмяшальніцтва караля польскага Жыгімонта I Старога дапамагло вызваліць Скарыну ад зняволення, а выданая яму каралеўская прывілея забяспечыла былому вязню недатыкальнасць.
Аднак друкар і асветнік адчуў, што змрочная цень мінулага і прывід Гаштольда не пакінуць яго ў спакоі, а таму ў 1535 годзе ён назаўсёды пакідае Бацькаўшчыну, каб зноў заснавацца ў Празе
І зноў пра «татарскі след»
І апошняе, што напрошваецца да асвятлення: каму ўсё ж належыць фальсіфікацыя некалькіх лістоў у «Хроніцы Быхаўца», якія ператварылі Койданаў у цэнтр гістарычных падзей. Прыгадаем адну з такіх цытат: «И князь великий Скирмунт, собрав все войска свои, встретил его (татарского хана Балаклая. – Прим.) на своей границе, в Койданове, и разгромил того царя и всю силу его татарскую побил, и самого царя убил, после такой великой победы пошел на Русскую землю и взял город Мозырь,Чернигов, Стародуб, Карачев и, одержав победу, вернулся назад, сохранив всех в целостности» («Хроника Быховца», М., 1966, с. 40).
Сёння дакладна вядома, што гэты факт не адпавядае рэчаіснасці. Першымі адсутнасць логікі ў гэтым запісе заўважылі нашы землякі – доктар гістарычных навук Мікалай Улашчык і філолаг Мікалай Ермаловіч, якія выказалі сумненні ў верагоднасці згаданай у «Хроніцы Быхаўца» падзеі. А таму ўзнікае пытанне: хто зрабіў падробку ў гістарычным дакуменце, якая праз стагоддзі ўнесла блытаніну ў асвятленне гісторыі Койданава.
Пасля даследаванняў, прыведзеных вышэй, адказ напрошваецца сам сабою. Бясспрэчна, што гэты запіс, зроблены па-майстэрску, належыць пяру адукаванага чалавека, а таму з нязначнай доляй сумненняў можна выказаць выснову, хто з’яўляецца аўтарам і творцам тых знакамітых радкоў. Час усё расставіў па сваіх месцах, а таму, без спасылкі на скажэнні, выкліканыя абставінамі, і мы можам ганарыцца, што наш старажытны горад некалі трапіў пад увагу заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
Віктар УРАНАЎ
Рекомендуем