Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. Загадка крутагорскай іконы

Пачатак гісторыі малой радзімы. Загадка крутагорскай іконы

Працягваючы размову аб дакладнасці звестак, якія занатаваў у нарысе пра Койданава вучоны-этнограф Павел Шпілеўскі, звяртаеш увагу на тое, што згаданы ім надпіс «Крутогорье, 1146 года» быў змешчаны ні дзе-небудзь, а менавіта на іконе. Відавочна, што гэта зроблена дзеля большай праўдзівасці, бо божы абраз і тое, што з ім звязана, заўсёды ўспрымаецца на давер як бясспрэчная ісціна. А ці не паспешліва былі зроблены такія высновы? Паспрабуем разабрацца і ў гэтай праблеме.

Па праваслаўнай традыцыі ікона займае асобае месца ў рэлігійнай абраднасці. Яна ўвасабляе глыбокі духоўны сэнс, які перадаецца праз вобразы і лікі святых, што нязменна выклікае ў вернікаў пачуццё добразычлівасці і глыбокай пашаны. Са старадаўніх часоў так павялося ў іканапісе, што кожнае аблічча святых, створанае рукой майстра, павінна было мець назву, таму большасць з абразоў суправаджалася надпісамі. Па свайму характару яны заўсёды былі сціплымі, лаканічнымі і ўтрымлівалі толькі звесткі кананічнага характару. Іншая інфармацыя, якая выходзіла за рамкі царкоўных іканапісных канонаў, была забаронена. Прычым, неабходна адзначыць, што на старадаўніх іконах дазвалялася ўтрымліваць надпісы пераважна на грэчаскай альбо царкоўнаславянскай мовах. Пры гэтым шырока прымянялася кантрактура – скарачэнне напісання слова з дапамогай толькі пачатковай і апошняй літар, да якіх зверху абавязкова дадаваўся адпаведны знак – цітло. Так, літары ІС ХС азначаюць Іісус Хрыстос, БМ – Багародзіца (руск. – Богоматерь). А вось даты на старадаўніх іконах перадаваліся пераважна грэчаскімі літарамі, прычым пачатак адліку вёўся ад стварэння Сусвету.

Ікона Маці Божай «Збавіцельніца» з надпісамі ў форме кантрактуры, якая выканана грэчаскім і візантыйскім шрыфтамі

У сувязі з гэтым ужо простае параўнанне таго, у якой форме традыцыйна падаваліся надпісы на старажытных абразах святых з тым, пра што засведчыў у сваім нарысе Павел Шпілеўскі, небеспадстаўна наводзіць на роздум аб малаверагоднасці той інфармацыі, якую (па мясцоваму паданню) утрымлівала койданаўская ікона.

У нарысе Паўла Шпілеўскага адзначаецца, што яна загінула ў полыме пажару. Сапраўды, такое здарэнне адбылося 24 ліпеня 1842 года, калі ў мястэчку Койданава было знішчана шмат драўляных пабудоў, у тым ліку і першы будынак царквы з усёй маёмасцю. Таму, здавалася б, ужо немагчыма дакладна высветліць, які запіс на самай справе меўся на старадаўняй іконе. Але дапамог выпадак.

Перагортваючы старонкі змястоўнай працы «Историко-статистическое описание Минской епархии», складзенай рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі архімандрытам Мікалаем, давялося напаткаць цікавы дакумент, які датаваны 1864 годам (даецца на мове арыгінала): «Местечка Койданава Покровская, четвертого класса каменная с деревяным куполом церковь, построеная в 1851 году за счет казны. Штатного годичного жалованья причту 256 р. Земли при ней 38 десятин. Прихожан мужского пола 871 и женского пола 851 душа. В прежде бывшей здесь церкви находилась икона Богоматери с надписью: 1146 года».

Як нарысы Паўла Шпілеўскага, так і праца архімандрыта Мікалая пісаліся амаль у адзін час, таму магчымасць кампіляцыі як з аднаго, так і з другога боку выключаецца.

Па сцвярджэнні рэктара Мінскай духоўнай семінарыі, на іконе абазначана толькі дата – «1146 года», а «Крутагор’е» адсутнічае. Якому ж запісу ў дадзеным выпадку аддаць перавагу?

Безумоўна, з пункту гледжання афіцыйнасці дакумента, больш даверу заслугоўвае «Историко-статистическое описание Минской епархии». Застаецца толькі вызначыць, якім чынам ікона трапіла ў Койданаўскую царкву, і да якой падзеі адносіцца згаданая дата.

Як вядома, праваслаўе ў XI–XII стагоддзях толькі пачало распаўсюджвацца сярод славян, закрануўшы пакуль што выключна сацыяльныя вярхі грамадства. Абрад хрышчэння прымалі некаторыя князі, іх сем’і і дружына, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Кіева. Таму месцы для правядзення набажэнстваў былі адзінкавымі на Беларусі і ўзводзіліся пераважна ў межах гарадскіх абарончых збудаванняў. Масавая хрысціянізацыя на беларускіх землях адбылася значна пазней, таму вясковае насельніцтва ў пераважнай большасці наведвала капішча, дзе пакланялася сваім ідалам. Бясспрэчна, што ў гэты перыяд і жыхары Крутагор’я пакуль што знаходзіліся пад уплывам паганства.

А вось недалёка ад крутагорскага паселішча ўжо сфарміраваліся цэнтры праваслаўя. Адзін з іх знаходзіўся ў Заслаўі і быў звязаны з полацкай князёўнай Рагнедай, якую гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай кіеўскі князь Уладзімір. Пасля замаху на яго жыццё Рагнеда разам з сынам Ізяславам была саслана на Бацькаўшчыну, дзе ў паўночных лясах для іх быў узведзены новы горад. Рагнеда заснавала там праваслаўны манастыр і, узяўшы імя Анастасія, стала адной з першых манахінь на беларускіх землях.

Пазней, у пачатку XI стагоддзя, на паўднёвых рубяжах Полацкага княства пачаў узвышацца Менск, які стаў цэнтрам княства. Яго заснавальнікам быў Глеб – адзін са старэйшых сыноў знакамітага Усяслава Чарадзея. Жонка князя Анастасія, дачка ўладзіміра-валынскага ўладара Яраполка і Кунігунды Арламюндскай, яшчэ да шлюбу прыняла хрышчэнне па праваслаўнаму абраду. Пад уплывам яе сям’і Глеб Усяслававіч таксама звярнуўся да Бога. У пачатку XII стагоддзя Глеб Мінскі пабудаваў на рацэ Нямізе моцную крэпасць і ў яе межах – невялікую каменную праваслаўную царкву.

Але далейшыя падзеі разгортваліся не на карысць менскага князя, які стараўся праводзіць самастойную палітыку. Супраць яго выступіў кіеўскі князь Уладзімір Манамах, які ў 1116 годзе зруйнаваў усе ўмацаванні на рацэ Нямізе, а Глеба і яго сям’ю ўзяў у палон і перавёз у Кіеў. Менск у адсутнасць моцнай улады пачаў прыходзіць у заняпад. Разам з ім прыпынілася і далейшае распаўсюджанне праваслаўя ў гэтых мясцінах.

З утварэннем Вялікага Княства Літоўскага (XIII–XIV стст.) і прыходам да ўлады Ягайлы (1386–1434) пачалося ўзвышэнне каталіцкай царквы. Гэты працэс закрануў і землі, якія зараз супадаюць з межамі нашага раёна. Таму першым хрысціянскім храмам у Койданаве, безумоўна, быў каталіцкі касцёл, які заснавалі ў 1439 годзе паводле загаду Міхаіла Жыгімонтавіча (Міхайлушкі), сына вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча (гады праўлення 1432–1440).

Касцёл Святой Ганны – першае канфесійнае збудаванне ў Койданава. З’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства Сярэднявечча (левы здымак зроблены да рэканструкцыі)

Праваслаўныя вернікі арганізавалі свой прыход значна пазней – прыблізна ў сярэдзіне XVI стагоддзя. У той час у мястэчку пачаў фарміравацца яўрэйскі штэтл з гандлёвай плошчай, а побач з ёю, на ўзвышшы, узнялася драўляная царква.

А вось з’яўленне ў ёй іконы Божай Маці з датай «1146 года» – адна з загадак, якой ніколі ўжо не суджана раскрыць сваю таямніцу

Аднак і па гэтым пытанні можна выказаць некаторыя меркаванні пра яе паходжанне. У тым, што яна старадаўняя, няма сумненняў. У той час на беларускіх землях не было сваіх майстроў іканапісу, таму напрошваецца выснова, што яе прывезлі да нас з-за мяжы. Такой краінай магла быць Візантыйская імперыя – галоўны цэнтр праваслаўя ў Еўропе. Таму і лічыць яе можна вельмі каштоўным набыткам.

Зрабіць такі падарунак для прыходу мог толькі ўплывовы і заможны чалавек, так што, магчыма, яна спачатку знаходзілася ў валоданні княжаскіх сем’яў Заслаўя альбо Менску, дзе ў ліку першых былі заснаваны праваслаўныя храмы. У міжусобных бязлітасных бойках, калі палалі гарады, цэрквы і дамы, вернікі, ратуючы царкоўны скарб, маглі схаваць ікону ад ворага. Верагодна, і дата «1146 года» з’явілася ў момант яе выратавання, бо, каб не зневажаць святога аблічча, надпісы на абразах рабіліся толькі ў выключных выпадках. І лічбы на ёй выводзіла не рука манаха, бо на той час святары ў большасці сваёй вялі летазлічэнне не ад нараджэння Хрыстова, а ад сатварэння Сусвету, і ў нашым выпадку надпіс адпавядаў бы даце «6654».

Па хрысціянскай традыцыі адкрыццё новай царквы суправаджаецца ахвяраваннем ікон і іншых рэчаў. Так, магчыма, у Койданаве з’явіўся гэты каштоўны падарунак з выявай Божай Маці

Прайшоўшы праз нялёгкія выпрабаванні, ікона дачакалася свайго часу і зноў заняла належнае месца ў Божым храме. Таму яе можна лічыць нашай заступніцай, якая разам са старадаўняй іконай Дзевы Марыі з Койданаўскага касцёла, асвечанага ў гонар Божай апекі, спрыяла станаўленню і развіццю нашага горада. Крыўдна, што бязлітасны пажар знішчыў гэту адзіную рэліквію, звязаную з далёкім мінулым нашага краю. Аднак сярод жыхароў захаваўся ўспамін пра яе, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне.

                            (Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59