Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Крокі да еднасці. Гартаем старонкі газеты “Звязда” за 18 верасня 1939 года

Дзень народнага адзінства — свята хоць і маладое для сучаснай Беларусі, але з моцнымі каранямі. Упершыню гэтая тэма загучала на міжнацыянальным узроўні ў  1939 годзе, калі ў выніку вызваленчага паходу Чырвонай арміі насельніцтва Заходняй Беларусі нарэшце атрымала права жыць і развівацца ў сваіх этнічна сфарміраваных гістарычных межах.

Завяршаючы юрыдычнае афармленне ўз’яднання беларускага народа ў адзіную дзяржаву, нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 года аднагалосна зацвердзіла Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», а таксама прыняла пастанову аб прызнанні гэтай падзеі ў якасці дзяржаўнага свята.

Дата 17 верасня ўрачыста адзначалася ў краіне да 1949 года. Падкрэслівалася, што толькі ў адзінстве — шлях да ўмацавання дабрабыту.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны наш народ згуртаваўся ў нязломную сілу, якая мужна супрацьстаяла ашалеламу ворагу.

Але пазней гэтая лёсавызначальная дата ў жыцці беларускага народа стала ахвярай кан’юнктурных палітычных гульняў. Яе сэнс пачаў прыніжацца ў грамадстве, да звычайнай падтэкстоўкі ў  падручніках па гісторыі. Аднак, як сведчыць само жыццё, калі павярхоўна ставяцца да традыцый, не дбаюць пра агульнанацыянальныя інтарэсы, узнікае разлад у грамадстве. Таму тэма адзінства беларускага народа зноў набыла актуальнасць на VI Усебеларускім сходзе, дзе па прапанове яго дэлегатаў нацыянальная гістарычная традыцыя набыла новы імпульс, сцвярджаючы памкненне нашага народа жыць у згодзе  і братэрстве.

Вось чаму 2021-ы быў аб’яўлены Годам народнага адзінства, а дата 17 верасня зноў заняла пачэснае месца сярод іншых дзяржаўных святаў суверэннай Беларусі. Яна стала для сучасных і будучых пакаленняў напамінам пра тое, як  трэба берагчы дараваныя нам лёсам адзінства і самадастатковасць.

Давайце пагартаем разам старонкі газеты “Звязда” за 18 верасня 1939 года. Гэты ўнікальны артэфакт захоўваецца ў фондах гісторыка-краязнаўчага музея сярэдняй школы №2 г. Дзяржынска.

Першая старонка газеты адкрываецца паведамленнем пра тое, што Савецкі ўрад аддаў распараджэнне галоўнаму камандаванню Чырвонай арміі перайсці дзяржаўную мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. У гэты час Польшча сапраўды апынулася ў бездапаможным становішчы, беспаспяхова спрабуючы спыніць наступленне нямецкіх дывізій. Таму такая рэакцыя СССР была абгрунтаванай і адпавядала канкрэтнай міжнароднай сітуацыі. На гэтым спыніўся і Старшыня Савета народных камісараў СССР Вячаслаў Молатаў, тэкст яго прамовы па радыё таксама знайшоў месца на першай старонцы газеты. У ім, у прыватнасці, паведамлялася, што праз два тыдні з пачатку германскай інтэрвенцыі  Польшча ўжо страціла ўсе свае прамысловыя ачагі, большую частку буйных гарадоў і культурных цэнтраў.

“Няма больш і Варшавы, як сталіцы польскай дзяржавы. Ніхто не ведае аб месцапрабыванні польскага ўрада. Насельніцтва Польшчы кінута яго незадачлівымі кіраўнікамі на волю лёсу. Польская дзяржава і яе ўрад фактычна перасталі існаваць. У сілу такога становішча заключаныя паміж Савецкім Саюзам і Польшчай дагаворы спынілі сваё дзеянне”.

У працяг тэмы тут жа надрукаваны ноты ўрада СССР, уручаныя польскаму паслу ў Маскве і паслам дзяржаў, што маюць  дыпламатычныя адносіны з СССР.

Увагу прыцягвае аператыўная зводка Генеральнага штаба РСЧА за 17 верасня. Яна паведамляе, што з раніцы войскі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі перайшлі мяжу па ўсёй заходняй лініі ад ракі Заходняя Дзвіна (граніца з Латвіяй) да ракі Днестр (граніца з Румыніяй). Адкідваючы слабыя перадавыя часці і рэзервы польскай арміі, нашы войскі к вечару 17 верасня дасягнулі: на поўначы ў Заходняй Беларусі м. Глыбокае, станцыю Парафіянава, авалодалі чыгуначным вузлом Маладзечна і м. Заложын; на баранавіцкім напрамку часцямі Чырвонай арміі фарсіравана рака Нёман і заняты м. Карэліцы, м. Мір, чыгуначны вузел Баранавічы і Сноў; на поўдні ў Заходняй Украіне нашы войскі занялі гарады Роўна, Дубна, Збарэж, Тарнапаль, Каламыя.

Зводка заканчвалася паведамленнем, што насельніцтва з радасцю сустракала паўсюдна часці Чырвонай арміі.

Гучны водгук атрымала гэтая  падзея ў працоўных калектывах горада Мінска. Звыш тысячы чалавек — камуністаў, кіруючых работнікаў рэспубліканскага, абласнога і гарадскога партыйнага актыву сабраліся на сход, прысвечаны рашэнню Савецкага ўрада аб аказанні брацкай дапамогі працоўным Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў іх барацьбе за вызваленне ад ярма польскіх памешчыкаў. З яркай прамовай перад прысутнымі выступіў сакратар ЦК КП(б)Б, член Ваеннага савета Беларускага фронту тав. Панамарэнка. У прынятай рэзалюцыі сход заклікаў усіх камуністаў і працоўных горада да паспяховага выканання пастаўленых перад партыйнымі арганізацыямі задач і мабілізацыі ўсіх сіл на ўмацаванне абараназдольнасці Радзімы.

Працяг гэтай тэмы “Звязда” дае на развароце пад агульным падзагалоўкам “Дапаможам нашым братам вызваліцца з-пад ярма польскіх паноў”. Яго адкрывае артыкул “Сацыялістычнае абавязацельства байцоў, камандзіраў і палітработнікаў Н-скай часці”.

“Мы  вызваленцы, а не заваявальнікі, — сказана ў заяве чырвонаармейцаў, — і, як сапраўдныя патрыёты нашай цудоўнай сацыялістычнай радзімы, запэўніваем партыю і ўрад, што будзем гераічна біцца за вызваленне прыгнечаных народаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Мы абавязваемся ўмелым прымяненнем нашай баявой тэхнікі перамагчы ворага малой кроўю, каб таварыш Сталін і наш урад сказалі: “выдатна”. Мы будзем біцца за тое, каб атрымаць права першымі ўзняць Чырвоны Сцяг у Заходняй Беларусі”.

Гэтак жа шчыра выказаў свае пачуцці і чырвонаармеец С. Альжанаў, які заявіў: “Я вельмі добра разумею свой інтэрнацыянальны абавязак воіна РСЧА. І зараз, калі працоўныя Заходняй Беларусі чакаюць ад нас брацкай дапамогі, каб вызваліцца ад польскіх паноў-прыгнятальнікаў, я з радасцю, разам з усімі сваімі баявымі таварышамі, іду на барацьбу з ворагам. Буду біцца, не шкадуючы свайго жыцця. Ворагу не паздаровіцца ад нашых магутных снарадаў. Вораг будзе разгромлен і знішчан”.

У асобнай падборцы матэрыялаў, змешчаных на гэтай старонцы, можна знайсці і публікацыі пра становішча працоўных людзей, якія паводле грабежніцкага Рыжскага мірнага дагавора 1921 года апынуліся па другі бок дзяржаўнай мяжы.

Загалоўкі “Польскія паны — векавечныя ворагі беларускага народа”, “Зверскія здзекі над народамі Заходняй Беларусі” яскрава адлюстроўваюць змест матэрыялаў.

Варта прывесці і некалькі вытрымак: “За апошнія дні хваля рэквізыцый і канфіскацый пятлёй душыць усе сялянскія двары Заходняй Беларусі. Паліцэйскія банды і дружыны асаднікаў ноччу, як шакалы, робяць непрарыўныя налёты на вёскі, выграбаючы зярно, фураж, палатно, вопратку і калёсную мазь, не пакідаючы харчавання нават дзецям. З вёскі Рубяжэвічы першага верасня гвалтоўна ўвялі 180 коней. На жудасныя крыкі і просьбы старыкоў паліцэйскія адказалі збіваннем. У хутары Дуброўка ноччу паліцыя, як саранча, ачысціла ўсе двары, увяла 8 кароў і 13 авечак”.

Як бачым, дата 17 верасня 1939 года сапраўды стала лёсавызначальнай для беларускага народа. Большая частка насельніцтва з радасцю сустракала вызваленчы паход Чырвонай арміі. Адноўленае адзінства дало магчымасць Беларусі заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці. І сёння беларусы, асэнсоўваючы сваю нацыянальную еднасць, паспяхова будуюць моцную, суверэнную і квітнеючую краіну.

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59