Ад разведшколы да рэдактара раёнкі. Нататкі пра лёс Рыгора Уранава (ч. 1)
Гэты год меў свае адметныя асаблівасці. Сярод іх – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад фашыцкіх захопнікаў. На рэгіянальным узроўні не так гучна, але таксама дастаткова прыкметна адгукнулася, звярнуўшы на сябе ўвагу, яшчэ адна дата – 95-годдзе з дня выхаду ў друк першага нумара раённай газеты, якая бярэ свой пачатак са студзеня 1929 года. У гэтай сувязі не залішнім будзе ўспомніць і пра чалавека, чыя біяграфія непасрэдна ўпісалася ў канву тых даўніх падзей.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Кузьміч Уранаў мужна змагаўся з ворагам, вызваляючы Беларусь, а ў мірны час прысвяціў свае здольнасці прафесійнай журналісцкай дзейнасці, працуючы на Дзяржыншчыне.
Нарадзіўся Рыгор Уранаў у жніўні 1924 года, а таму гэты год для яго таксама пазначаны як юбілейны. Яго продкі належалі да волжскіх казакаў, якія з XVI стагоддзя пачалі засвойваць землі сярэдняга цячэння знакамітай рускай ракі. Жылі яны асобнымі паселішчамі, паступова змяніўшы сваю ваяўніча-бунтарскую прыхільнасць на звычайнае вясковае жыццё. Побач з імі, на шырокіх прасторах Паволжа, сяліліся прадстаўнікі іншых народнасцяў: татары, чувашы, башкіры. Варта адзначыць, што, нягледзячы на такі нацыянальны і рэлігійны каларыт, паміж суседзямі ніколі не ўзнікала канфліктных сітуацый. Яны заўсёды жылі ў згодзе.
Заснавальнік вялікага сямейства Кузьма Уранаў трымаў гаспадарку, займаючыся сялянскай працай. Але ў сезон меў ён і іншы занятак. За некалькі вёрст ад яго вёскі знаходзілася рачная прыстань, і, калі ўзнікала патрэба, вяскоўцы наймаліся на пагрузку і разгрузку баржаў. Загартаваны сялянскай працай, меў Кузьма выдатныя фізічныя здольнасці, што дазваляла яму, як кажуць, працаваць за дваіх. Існавалі чуткі, што сваімі магутнымі рукамі прыхопліваў ён не адзін, а два мяшкі з мукой ці збажыной і без вялікай патугі падымаўся з імі па трапу. Яму таксама не было роўных, калі ў суседніх татарскіх ці башкірскіх паселішчах святкавалі сабантуй, які традыцыйна заканчваўся паядынкамі мясцовых асілкаў. Круты нораў і цяжкую руку бацькі з маленства добра засвоілі ўсе дзеці, вось чаму непаслухмянасць, разгільдзяйства і абібоцтва сярод іх не прыжыліся.
Са свайго боку маці Вера Іванаўна была глыбока набожным чалавекам. Таму праз праваслаўныя біблейскія запаведзі вучыла яна сваіх трох сыноў і дзвюх дачок міласэрнасці, дабрыні, сціпласці, спагадзе і павагі да людзей.
Сярэдні з братоў, Рыгор, не цураўся сялянскай працы, спраўна выконваючы свае абавязкі па доглядзе хатняй гаспадаркі.
Калі трохі падрос, пачаў хадзіць за плугам і ўпраўляцца з касою. У школе вызначаўся адказнасцю і сур’ёзнымі адносінамі да авалодвання ведамі. А сярод хлапечых захапленняў перавагу аддаваў рыбалцы. Бавячы час каля ракі, Рыгор навучыўся добра трымацца на вадзе і нават на спор з сябрукамі мог упоперак пераплыць Волгу. Такая забава была надзвычай рызыкоўнай. Таму, калі такія ўчынкі сына станавіліся вядомымі дома, ніякія адгаворкі яму не дапамагалі. Бацька браў папружку, каб навучыць свавольніка розуму і не паказваць дзе непатрэбна сваю дурату. У ліпені 1941 года Рыгор паспяхова скончыў дзесяцігодку, але вызначыцца з будучым дарослым жыццём не паспеў. Праз некалькі дзён і да гэтай расійскай глыбінкі даляцелі трывожныя чуткі пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, якая змяніла ўсе яго юнацкія планы. Старэйшага брата прызвалі ў армію, а Рыгор застаўся ў вёсцы і да наступлення паўналецця, нароўне з дарослымі, выконваў розныя работы на карысць фронта.
У пачатку жніўня 1942 года, калі Рыгору споўнілася васямнаццаць гадоў, яго выклікалі ў ваенкамат.
Апрануўшы салдацкую форму, ён спачатку быў накіраваны ў запасны стралковы полк для набыцця вайсковай спецыяльнасці. Па паскоранай праграме за тры месяцы малады баец хутка засвоіў неабходныя віды стралковай зброі і атрымаў навыкі рукапашнага бою. На занятках па фізпадрыхтоўцы ён з лёгкасцю выконваў усе нарматывы, таму быў прыкмечаны і залічаны ў разведгрупу. Зноў пачаліся напружаныя заняткі, падчас якіх курсанты засвойвалі арыентаванне ва ўмовах незнаёмай мясцовасці, пераадольване розных перашкод і ўменне хутка прымаць рашэнні ў крытычных сітуацыях.
З 1943 года абавязковай умовай пры адпраўцы разведгруппы на баявое заданне было забеспячэнне яе сродкам мабільнай сувязі. Пры гэтым нярэдка ўзнікалі цяжкасці з падборам кандыдатаў на авалоданне воінскай спецыяльнасцю радыёразведчыка і сувязіста з ліку радавога і сержанцкага саставу, бо патрабаванні пры адборы прэтэндэнтаў былі даволі жорсткія. Будучаму радысту неабходна не толькі адпавядаць усім маральна-палітычным і псіхалагічна-валявым якасцям, але і прайсці праз інтэлектуальнае тэсціраванне і мець выдатныя медыцынскія паказчыкі, бо ён павінен успрымаць на слых ад 100 да 200 знакаў у хвіліну. І 18-гадовы юнак з Паволжа, паспяхова прайшоўшы праз усе гэтыя іспыты, быў накіраваны ў Горкаўскую школу радыёспецыялістаў.
Падрыхтоўка там была на самым высокім узроўні. І ў сакавіку 1943 года маладога радыста накіравалі ў распараджэнне Беларускага штаба партызанскага руху.
Са сваёй малагабарытнай радыёстанцыяй маркі “Север” ён у складзе спецгруппы зрабіў некалькі рызыкоўных рэйдаў у тыл ворага, дзе не толькі падрымліваў радыёсувязь, але і праявіў спрактыкаванасць і кемлівасць пры выкананні дыверсійных аперацый.
Атрымаўшы баявы вопыт, Рыгор Уранаў у кастрычніку 1943 года быў накіраваны разам з разведгрупай у распараджэнне Упраўлення вайсковай разведкі I Беларускага фронту. Гэта быў перыяд, калі пачалася падрыхтоўка да наступальнай аперацыі “Багратыён” па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашыцкіх захопнікаў. Таму на гэтым этапе на разведку былі ўскладзены адказныя функцыі па збору інфармацыі ў тыле ворага. У кастрычніку 1943 года спецгруппа, у якую ўваходзіў Рыгор Уранаў, была закінута самалётам у партызанскую зону на мяжы Мінскай і Магілёўскай абласцей. Якраз у гэтым накірунку і меркавалася зрабіць прарыў абароны праціўніка сіламі I Беларускага фронту. Улічваючы важнасць атрыманага задання, радыста з камплектам апаратуры размясцілі непасрэдна ў зямлянцы пры штабе партызанскай брыгады. На гэты раз яго забяспечылі больш дасканалымі сродкамі сувязі, якія дазвалялі не толькі перадаваць радыёграмы, але і праслухваць варожыя радыёстанцыі, а пры неабходнасці пеленгаваць і ствараць ім памехі.
Выконваць заданне прыходзілася ў абстаноўцы асобай сакрэтнасці, таму малады радыст карыстаўся поўным даверам з боку партызанскага камандавання.
Ён хутка арганізаваў сувязь паміж бліжэйшымі партызанскімі злучэннямі і прыцягнуў іх да выканання пастаўленных задач. Пачаўся збор звестак пра стратэгічна важныя аб’екты ворага, наяўнасці ў яго жывой сілы і ваеннай тэхнікі. Асаблівая ўвага звярталася на найбольш умацаваныя абаронныя збудаванні, масты і шляхі зносін. Настроіўшыся на хвалі нямецкіх сувязістаў, перахопам іх шыфраграм паспяхова займаўся і сам радыст, што дазваляла рэальна ацаніць абстаноўку непасрэдна ў стане ворага. Пасля абагульнення ўсяго патока інфармацыі яна без затрымкі накіроўвалася ў Беларускі штаб партызанскага руху, а адтуль – далей па інстанцыях. Маштабнасць работы партызанскай разведкі дазволіла камандаванню I Беларускага фронту паспяхова падрыхтавацца да наступальнай аперацыі і бліскуча ў сціслы тэрмін яе ажыццявіць.
Ужо 24 чэрвеня 1944 года войскі I Беларускага фронту, якім камандаваў генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі, перайшлі ў наступленне. Савецкія воіны хутка прарвалі абарону праціўніка на двух накірунках і, раграміўшы групоўку варожых сіл ў раёне Бабруйска, адкрылі сабе шлях да сталіцы Беларусі, якая 3 ліпеня была была поўнасцю вызвалена ад акупантаў.
А разведгрупа разам з Рыгорам Уранавым тэрмінова была адазвана ў Маскву.
Чырвоная армія рыхтавалася да рашучых бітваў з фашысцкай Германіяй, і ў той час ужо меркаваўся перанос баявых дзеянняў на тэрыторыю Заходняй Еўропы. У гэтых умовах узнікла патрэба ў атрыманні даставернай інфармацыі з-за мяжы, і перш за ўсё адносна сітуацыі, якая склалася ў Германіі. Такая задача была ўскладзена на Першае галоўнае ўпраўленне НКУС СССР. Ведамаства пачало падбіраць правераныя кадры, каб стварыць адпаведную агентурную сетку. Таму ў поле яго зроку трапіла разведгрупа, якая вызначылася высокім узроўнем дзейнасці ў тыле ворага і прынесла прыкметную карысць пры падрыхтоўцы наступальнай аперацыі “Багратыён”. Умацаванае вопытнымі шыфравальшчыкамі і перакладчыкамі з веданнем нямецкай і англійскай моў, падраздзяленне пачало падрыхтоўку да выканання новага задання. Яго падрабязнасці пакуль не раскрываліся, але ўсе ведалі, што яно будзе адказным і, бясспрэчна, паслужыць хутчэйшай перамозе над ворагам.
Працяг будзе