Узор беларускай душы. Разбіраемся, які сэнс закладзены ў нацыянальны арнамент
Ці можа нам штосьці сказаць звычайнае адзенне? Не сумнявайцеся: можа! Калі гэта народныя строі. Насамрэч, паміж радкоў і рысачак на кашулі ці спадніцы здаўна можна было прачытаць, адкуль родам яе ўладальнік або які сэнс укладала ў свой выраб ткачыха. Сёння падыходы да інтэрпрэтацыі беларускага арнаменту змяніліся. Добра гэта ці не і як выглядае сучасны ўзор, разбіраліся разам с рамеснікамі Станькаўскага Дома майстроў.
Цэнтр культуры і народнай творчасці ў Станькаве мы наведалі напярэдадні знакавага свята – Дня роднай мовы, што адзначаецца 21 лютага. Галоўнай тэмай сустрэчы стаў беларускі арнамент – своеасаблівы мастацкі ці, калі хочаце, вобразны сродак камунікацыі. Ён па сённяшні дзень дапамагае нам пачуць галасы сваіх продкаў, даведацца, пра што яны думалі і аб чым марылі, што любілі пакаленні беларусаў і чаго баяліся.
Прыносіў радасць і абараняў ад зла
Беларускі арнамент захаваў у сабе старажытную язычніцкую культуру і міфалогію. Першапачаткова яго галоўным прызначэннем было аберагаць ад хвароб, злых сіл і ўсяго неспрыяльнага для чалавека. Шматлікія ўзоры былі прысвечаны беларускім язычніцкім багам – Ярыле, Ладзе, Жыжалю, Маці-Зямлі. Калі вышывальшчыца ці ткачыха аздабляла такімі ўзорамі сваю работу – гэта сведчыла пра тое, што яна звярталася за дапамогай да багоў, прасіла аб спрыянні і абароне.
– Арнамент, як і другія асаблівасці беларускіх народных строяў, заўсёды мог падказаць, з якой мясцовасці паходзяць людзі, – распавядае майстар народных мастацкіх рамёслаў Наталля Жыбрык. – Напрыклад, у Цэнтральнай Беларусі вылучаліся Капыльска-Клецкі, Ляхавіцкі, Пухавіцкі, Слуцкі строі. І ўсе яны адрозніваліся ў залежнасці ад рэгіёна.
Цікава, что ўсе ўзоры арнаменту сімвалізавалі добрае, радаснае, светлае. Сярод беларускіх сімвалаў немагчыма знайсці сімвал смерці, няшчасця.
Гэта звязана з тым, што для беларусаў арнамент – гэта свайго роду абярэг, які павінен несці ў сабе толькі штосьці станоўчае.
Размяшчалі арнамент на адзежы звычайна ў тых месцах, якія лічыліся неабароненымі ад пранікнення зла. Звычайна гэта былі адкрытыя часткі цела. Вышыўкай упрыгожвалі рукавы, плечавыя ўстаўкі, падол, каўнер і пярэднюю частку – манішку.
Разам з тым сімвалы, што прыйшлі да нас з язычніцкіх часоў, моцна прараслі каранямі ў беларускую самабытнасць. Ва ўяўленнях беларусаў гэта нават не пярэчыла хрысціянскай веры. Таму з цягам часу арнамент не знік, а працягвае паспяхова жыць у нашай нацыянальнай культуры.
Тры асноўных элемента класічнага беларускага арнаменту – гэта ромб, лініі і хвалі. Ромб сімвалізаваў звычайна зямлю, ураджайную глебу, лініі-хвалі – ваду.
– Яшчэ адна асаблівасць класічных беларускіх сімвалаў – пераважнае выкарыстанне розных геаметрычных фігур: квадратаў, ромбаў, трохвугольнікаў, палос, – адзначае майстар. – Але цэнтральнае месца сярод пералічаных элементаў адводзілася ўсё ж такі ромбу. Усе элементы сімвалізавалі або нейкія прыродныя з’явы, або нешта абстракцыйнае. А таксама тое, ад чага залежала жыццё чалавека і ў чым ён меў патрэбу.
Ці існавала азбука арнамента?
Наталля Жыбрык звяртае нашу ўвагу на чарговую адметную рысу: беларуская вышыўка заўсёды была двухколернай. Чырвонымі ніткамі вышывалі на белым або шэраватым ільняным палатне. Пазней сталі дадаваць чорны колер.
– Ёсць яшчэ тэхніка вышыўкі «белым на белым», таксама вельмі прыгожая, але менш распаўсюджаная. Акрамя колеру і геаметрычнасці, можна таксама вылучыць такія асаблівасці арнаменту, як рытмічнасць (паўтаральнасць) і сіметрычнасць. Паназірайце: у кожным арнаменце звычайна выдзяляецца адзін элемент, які будзе перыядычна паўтарацца. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што беларусы жылі згодна з каляндарным цыклам. Кожны ўзор таксама будзе сіметрычны. Калі яго скласці напалам, часткі супадуць.
У канцы XІX стагоддзя геаметрычнасць ў беларускім арнаменце дапаўняецца расліннымі матывамі. Гэта розныя лісцікі, галінкі, кветачкі, суквецці.
Калі пагугліць па тэгу “беларускі арнамент”, у Інтэрнеце можна знайсці так званую “Азбуку арнамента”. Там адлюстраваныя сімвалы арнамента, якія ўяўляюць сабой чатырохвугольнікі з рознымі аздабленнямі. Яны ўвасабляюць шэраг паняццяў: агонь, багацце, прыгажосць, маладосць, чысціня і інш.
Нашы майстры ўспрымаюць «Азбуку» як трансфармаваную і адаптаваную да сучаснасці візуалізацыю традыцыйнага нацыянальнага арнамента.
Адны абураюцца, другія — папулярызуюць
Сёння на беларускім рынку можна знайсці мноства рэчаў с нацыянальным арнаментам: ад нататнікаў і шопераў да прысмакаў. Але як да гэтага ставяцца прафесіяналы? Спойлер: неадназначна.
— Ўсё часцей сёння сустракаецца аздабленне разнастайнай прадукцыі нацыянальным арнаментам або яго стылізаванымі адпаведнікамі. Напрыклад, вядомы сувенірны набор шакаладак ад “Камунаркі”. Выкарастаныя сімвалы прывабліваюць пакупнікоў, і гэта добра. Толькі варта ўсведамляць, што гэта сучаснае мастацкае пераасэнсаванне аўтэнтычных узораў. Між іншым, яно дапамагае нам папулярызаваць беларускую культуру, павялічваць цікавасць да яе. Мабыць, людзі, хто больш дасведчаны ў гэтай тэме, часам могуць абурацца няўдаламу выкарыстанню арнамента. Але, на мой погляд, гэта яшчэ і матывацыя вывучаць нашу нацыянальную культуру больш дасканала, пры распрацоўцы дызайнаў, напрыклад, запрашаць экспертаў, — разважае суразмоўца.
На выставе ў Станькаўскім Доме майстроў ёсць розныя лялькі ў беларускіх народных строях, аздобленых арнаментам. Такую прыгажосць ствараюць майстры Людміла Аўласевіч, Кацярына Казакевіч і Святлана Варанкова.
Мода на арнамент не так даўно прыйшла і ў Дзяржынск. Тым летам у цэнтры горада добраўпарадкавалі плошчу. Адметна яна пліткай, якая ўтварае беларускі арнамент. Такое дызайнерскае рашэнне прыйшлося даспадобы жыхарам. Атрымалася незвычайна і каларытна.
— Чаму б і не? Гляджу на гэта станоўча. Арнамент – гэта сувязь з продкамі, з нашай нацыянальнай культурай. Нават у такім сучасным выглядзе ён увасабляе нашу самабытнасць і вылучае нас сярод іншых нацыянальнасцей.