Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

“Хто хвост адкусіць – будзе самы шчаслівы!”. У Скірмантаўскім Доме культуры дзясяты раз правядуць народнае ігрышча 16+

“Хто хвост адкусіць – будзе самы шчаслівы!”. У Скірмантаўскім Доме культуры дзясяты раз правядуць народнае ігрышча 16+

У Дзяржынскім раёне жыве ўнікальны абрад «Ката пячы», ужо афіцыйна прызнаны здабыткам краіны. У 2017 годзе ён быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Але для мясцовых жыхароў гэта не проста радок у рэестры. А жывая традыцыя, якая з году ў год збірае аднавяскоўцаў, каб узгадаць запаветы продкаў, весела правесці час і, калі пашанцуе, нават знайсці свой лёс.

Ад вячорак на вёсцы да нацыянальнага здабытку

Каля вытокаў стаялі цудоўныя людзі, сапраўдныя энтузіясты сваёй справы. Дырэктар Скірмантаўскага ДК Наталля Радзько з цеплынёй успамінае сваю “народную настаўніцу”, а па сумяшчальніцтве і свякроў Зою Адольфаўну, якая доўгія гады працавала ў мясцовай школе, віртуозна іграла на гармоніку, балалайцы і мандаліне. Менавіта яна, карэнная жыхарка суседняй вёскі Якуты, падзялілася з ёю ўспамінамі аб старажытным абрадзе.

Праводзіцца ён звычайна напярэдадні Піліпаўскага посту, 27 лістапада.

Гэты дзень абралі не выпадкова: лічылася, што перад постам трэба добра нагуляцца. Свята традыцыйна суправаджалася музыкай, танцамі, жартамі і, вядома, асаблівым рытуалам.

Раней абрад праводзілі проста ў вясковых хатах. «Катоў пяклі» ў многіх вёсках Дзяржынскага раёна: Якутах, Грынкевічах, Скірмантаве, Скарабагатаўшчыне. Збольшага збіралася моладзь – шукаць сваю пару і шчаслівую будучыню. У сцены Дома культуры ён перавандраваў у 2015 годзе – і вось сёлета адбудзецца там ужо 10-ы, юбілейны раз.

Навошта кусаць ката?

Цэнтральнай фігурай свята з’яўляецца сімвалічны абрадавы кот, якога сумеснымі намаганнямі выпякаюць па частках загадзя. Памочнік Наталлі, супрацоўнік Скірмантаўскага ДК Сяргей Янкоўскі – галоўны паплечнік у  адказнай справе.

– Гэты кот – такі цудоўны! – з усмешкай расказвае ён. – Зрабіць яго – патрэбна асаблівая методыка. Выпякаюцца спачатку асобныя часткі з цеста, потым злучаюцца спецыяльнымі драўлянымі шампурчыкамі. Спачатку галава. На галаву – вушкі з сала. Затым з высушаных ягад робяцца вочкі. Тады рот. У рот – язык, ён можа быць з морквы. Затым ўсё злучаецца разам. Тулава, лапкі, ну, і асабліва хвост. А хвост робіцца з каўбасы, як кажуць, “пальцам пханай”.

Гатовага ката на ручніку і падносе ўрачыста выносяць у цэнтр залы і падвешваюць пад столь. Гэта не проста пачастунак, а магутны сімвал.

Кот здаўна лічыцца абаронцам шлюбу, сімвалам сямейнага шчасця і дабрабыту, урадлівасці і пладавітасці.

Таму быць удзельнікамі абраду могуць як маладыя хлопцы і дзяўчаты, так і ўжо жанатыя і замужнія, дарослыя людзі. Яны намагаюцца падскочыць як мага вышэй і адкусіць свой шчаслівы кавалачак. Лічыцца, что гэты рытуал павінен прынесці каханне і сямейнае шчасце.

Сарваць вішаньку і напаіць жураўля

Далей пачынаецца самая вясёлая частка – гульні і жартоўныя выпрабаванні. Моладзь і старэйшае пакаленне разам водзяць карагод, гуляюць у «Падушачку», «Карманчык», «Дзяркач» – забаўныя гульні, дзе можна пастаяць разам на каленках на падушачцы, абняцца і нават крадком пацалавацца. Усё накіравана на тое, каб паміж удзельнікамі наладзіўся кантакт, а абставіны схілялі да працягу знаёмства.

Але ўсё ж галоўнае выпрабаванне вечара – адкусіць кавалачак ад ката. Гэта ўдаецца нямногім. Тых жа, хто пацярпеў няўдачу, чакаюць жартоўныя «фанты». Напрыклад, як маладой дзяўчыне, так і замужняй жанчыне могуць прапанаваць стаць на табурэтку і тройчы пракрычаць: «Мама, рыхтуй падушкі, замуж хачу!» А мужчынам і хлопцам – паскакаць вакол табурэткі, спрабуючы сарваць адтуль «вішаньку».

– А вішанькай можа быць нават ужо пажылая жанчына, – усміхаецца, апавядаючы, Наталля Радзько.

Адзін з самых смешных фантаў – «напаіць жураўля». Мужчыну саджаюць, накрываюць кажухом і просяць паглядзець у рукаў на «зоркі», а ў гэты час выліваюць яму на галаву кубак вады. Нечаканы «душ» звычайна выклікае выбух смеху ва ўсіх.

– Гэтыя ўсе спевы, жарты, гульні – не новыя, яны прыйшлі да нас ад бацькоў. Калісьці так забаўляліся ў вёсках, – падкрэслівае дырэктар Дома культуры.

Фальклор, што яднае лёсы

Але «Ката пячы» – гэта не проста забаўка. А сапраўдны шанц сустрэць свайго чалавека. Паводле слоў Наталлі, абрад дапамог ужо не адной пары  знайсці сваё каханне. Яна ўспамінае гісторыю двухгадовай даўнасці. Малады чалавек і дзяўчына, якія да гэтага былі толькі далёкімі знаёмымі,  прыйшлі на свята, разам павесяліліся, патанцавалі, а неўзабаве згулялі вяселле.

І традыцыя працягвае жыць, пакуль яе зберагаюць людзі. Калісьці сэрцам народнай імпрэзы быў сямейны ансамбль “Сваякі”, у якім выступала захавальніца абраду Зоя Адольфаўна. Сёння пераемнікам яго лічыцца народны ансамбль “Весялуха”. На свята прыходзяць цэлымі сем’ямі: дзеці, унукі, сваякі. Абрад ужо не раз паказвалі ў Дзяржынску і ў Музеі народнай архітэктуры і побыту, папулярызуючы ўнікальную спадчыну рэгіёна.

Так абрад «Ката пячы» крочыць праз час. І даказвае: старыя традыцыі – гэта моцны корань для новай шчаслівай будучыні.

Прыняць удзел у абрадзе можна будзе 27 лістапада ў 19.00 у Скірмантаўскім Доме культуры. Далучайцеся!

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59