Пачатак гісторыі малой радзімы. Першыя крутагорцы

Афіцыйна лічыцца, што наш галоўны горад, які зараз знаходзіцца ў рангу раённага цэнтра, папярэдне меў назвы Крутагор’е і Койданава, а ў 1932 годзе быў перайменаваны ў Дзяржынск. Звыкла і без асаблівага пярэчання ўспрымаецца і іншае сцвярджэнне, што свой пачатак ён бярэ з 1146 года. Аднак калі мы звернемся да энцыклапедычных даведнікаў, то ў спісе старажытных населеных пунктаў Беларусі Крутагор’е чамусьці наогул не згадваецца. Таму паспрабуем разгледзець гэтую праблему з іншага боку, не так, як яна звыкла падаецца ў мясцовай краязнаўчай літаратуры.
Няма сумненняў, што наш край здаўна засяляўся людзьмі. Пра іх знаходжанне на прылягаючых тэрыторыях сведчаць шматлікія сляды жыццядзейнасці: селішчы, курганныя могільнікі (валатоўкі), рэшткі іншых элементаў матэрыяльнай культуры. Як сцвярджаюць археолагі, большасць з іх датуецца канцом VII – пачаткам VIII стагоддзя, хаця можна выказаць меркаванне, што пранікненне чалавека на гэтыя землі магло адбыцца і раней. Але нас цікавяць нашы продкі – славяне, а іх з’яўленне на тэрыторыі Крутагор’я якраз прыпадае на гэты перыяд.
Менавіта першыя пасяленцы і пачалі даваць азначэнні большасці прыродных аб’ектаў навакольнага асяроддзя, дзе ім прызначана было векаваць. Свае назвы атрымалі пагоркі, рэкі, лугавіны, азёры і іншыя прыкметнасці, па якім даводзілася арыентаваца, каб дабрацца з аднаго месца ў другое. І тут нашы продкі праявілі сябе даволі творчымі асобамі: яны прыдумвалі цікавыя, выразныя, запамінальныя найменні, якія вызначаліся моўнай прыгажосцю, трапнасцю, а іх сэнс з лёгкасцю ўспрымаўся астатнімі людзьмі.
Магчыма, у той час і з’явілася гучная назва Крутагор’е. Але яна замацавалася не за пэўным паселішчам, як гэта прынята лічыць, а абазначала значную па плошчы тэрыторыю, што ахоплівала ўсю пагоркавую зону і дзе мясціліся да двух дзясяткаў родавых абшчын
Назва быццам бы выконвала адміністрацыйную функцыю, адасабляючы пэўную групу жыхароў, якія аселі на гэтых землях і пад уплывам прыродных умоў стварылі своеасаблівы ўклад жыцця.
У сацыяльных адносінах абшчыннікі Крутагор’я ўжо падышлі да стадыі распаду родаплемяннога ладу. Іх асноўнай гаспадарчай адзінкай па-ранейшаму заставалася патрыярхальная сям’я. Кожная з іх размяшчалася ў межах родавай абшчыны, прычым не па суседству, а на некаторай адлегласці. Зямлі наўкол было дастаткова, а права на яе рэгламентавалася ўстаноўленымі звычаямі і агульнапрызнанымі нормамі.
Аднак далейшы пераход на ворыўнае земляробства садзейнічаў індывідуалізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці і вылучэнню малых сем’яў, якія сяліліся асобна, утвараючы суседскую (сельскую) абшчыну. Яна была заснавана ўжо не на кроўна-роднасных сувязях, а на тэрытарыяльных. У крутагорцаў гэтыя працэсы пачаліся ў VIII і працягваліся ў IX стагоддзі. Іх адметнасцю стала змена ўласнасці, якая ад родавай перайшла да сямейнай, што дало пачатак станаўленню такой катэгорыі насельніцтва, як сялянства.
Тэрытарыяльна-суседскія абшчыны мелі больш складаную структуру ў параўнанні з папярэднім вялікасямейным ўладкаваннем жыцця.
На першы план выходзіць абшчынны цэнтр, вакол якога ствараліся суседскія і сямейныя пасяленні. На такую ролю адразу ж пачаў прэтэндаваць койданаўскі пасад
З цягам часу ён пашыраўся ў памерах, бо да майстроў кавальскай справы падцягваліся і іншыя рамеснікі: ганчары, рэзчыкі па дрэве, шаўцы, краўцы, гарбары, бондары і г. д. Сваю вытворчасць яны заснавалі ля гары, якая атрымала назву Акопішча (пазней тут узнік Кальвінскі збор). Побач стыхійна ўтварылася рынкавая плошча, дзе ішоў абмен рамесных вырабаў на прадукты харчавання. Гэта было прыкметнае і гаманлівае месца, якое добра ведала ўся акруга, таму яго паступова прызналі агульным абшчынным цэнтрам. Ужо ў IX–X стагоддзях такія аб’яднанні з агульным цэнтрам пачалі звацца верв’ю, альбо мірам.
Адначасова іншы характар набылі і адносіны паміж яго членамі (суседзямі). Цяпер кожная сям’я сама адказвала за вядзенне гаспадаркі. Узросшы ўзровень земляробства дазваляў атрымліваць устойлівы прыбытак сіламі меншай колькасці вытворцаў. У такіх умовах непазбежна пачынаўся працэс эканамічнай дыферэнцыяцыі абшчыннікаў, узнікала маёмасная няроўнасць. Аднак гэты працэс на крутагорскіх землях адбываўся марудна, таму працяглы час побач суіснавалі як патрыярхальныя, так і суседскія абшчыны, а заможныя сем’і не толькі не паказвалі перавагі ў гаспадарчых справах, але і нярэдка падпарадкоўвалі свае ўласніцкія інтарэсы агульнаабшчынным. У выніку ў X–XI стагоддзях крутагорцы працягвалі прытрымлівацца напрацаванага гадамі ўкладу жыцця.
А тым часам крывічы на поўначы і дрыгавічы на поўдні пераступілі мяжу абшчынна-родавага ладу і ўвайшлі ў пачатковы этап раннекласавага грамадства. Гэтаму працэсу садзейнічала развіццё земляробства і жывёлагадоўлі, гарадоў, рамёстваў і гандлю, а таксама неабходнасць аб’яднання славянскіх племянных саюзаў, каб супрацьдзейнічаць рабаўнічым набегам качавых плямён і ваяўнічых народнасцей.

У 882 годзе князь Алег, які стаў пераемнікам першага наўгародскага князя Рурыка, здолеў аб’яднаць Паўночную і Паўднёвую Русь у адзіную дзяржаву са сталіцай у Кіеве. Дрыгавічы і крывічы апынуліся пад абаронай гэтай магутнай раннефеадальнай дзяржавы, але былі вымушаны плаціць даніну кіеўскім князям.
Аднак у апошняй трэці X стагоддзя на землях крывічоў пачаў узвышацца горад Полацк на чале з князем Рагвалодам, які, хаця і лічыўся саюзнікам Кіеўскай Русі, праводзіў самастойную палітыку.
У выніку Полацк як цэнтр збірання будучых беларускіх зямель замацаваў свае пазіцыі і ў тэрытарыяльных межах дрыгавічоў. На гэты раз крутагорцы апынуліся пад уладай Полацка і былі абавязаны плаціць яму даніну

З’яўленне пісьменства на Русі дазволіла ў падрабязнасцях данесці да нас гэты супярэчлівы і насычаны падзеямі перыяд. У 980 годзе наўгародскі князь Уладзімір пачаў дамагацца рукі Рагнеды, дачкі Рагвалода, але атрымаў зняважлівую адмову. Раз’юшаны жаніх паслаў у Полацк войска і, захапіўшы яго, забіў бацку нявесты, яе братоў, а саму княжну прымусова зрабіў сваёй жонкай.
Атрымаўшы перамогу над братам Яраполкам у барацьбе за вялікакняжацкую ўладу, Уладзімір стаў уладаром Кіеўскай Русі. У 988 годзе ён прыняў рашэнне аб увядзенні хрысціянства ў межах сваёй дзяржавы. З’яўляючыся шматжонцам, што не забаранялася язычніцтвам, князь (пасля прыняцця новай веры па візантыйскаму прыкладу) абвясціў, што збіраецца афіцыйна ўзяць шлюб з царэўнай Ганнай, сястрой імператара Візантыйскай імперыі Васіля II. Такую крыўду не змагла сцярпець гордая Рагнеда і здзейсніла замах на жыццё вялікага князя. За гэты ўчынак, як паведамілі летапісцы, Уладзімір сваю полацкую наложніцу разам з сынам Ізяславам адправіў у ссылку на Полаччыну, заснаваўшы на «отчине» бацькі Рагнеды новы горад (зараз – Заслаўе).
Дасягнуўшы паўналецця, Ізяслаў стаў княжыць на полацкай зямлі, а Кіеўская Русь падзялілася на тры часткі, якія аб’ядналіся вакол Полацка, Ноўгарада і Кіева.
Знаходзячыся ў густых лясах, на значнай адлегласці ад цэнтраў барацьбы за ўладу, крутагорцы ніколі не падпарадкоўваліся ні полацкаму, ні тым больш кіеўскаму князю, адмаўляючыся плаціць ім даніну
Калі да іх наведваліся княжацкія ваяры, што займаліся палюддзем, мясцовыя жыхары, прыхапіўшы свой скарб і забраўшы жывёлу, хутка знікалі ў лясным гушчары. Загадзя – у спецыяльна падрыхтаваных схованках – яны ўтойвалі ўраджай. Калі ж дружына адважвалася ажыццявіць свае рабаўніцкія намеры, то на зваротным шляху, які праходзіў па рэках, іх заўсёды чакала засада. Спачатку ў крыўдзіцеляў ляцелі стрэлы з жалезнымі наканечнікамі, а потым перад імі ўзнікалі аголеныя да пояса абаронцы роду, якія рагацінамі і кароткімі нажамі давяршалі расправу.

Аб гэтых мужных людзях чуткі разляталіся далёка: так ствараліся легендарныя вобразы непераможных волатаў і лясных пярэваратняў, таму чужынцы рэдка заглядвалі сюды, а насельніцтва яшчэ працяглы час жыло па сваёй звыклай завядзёнцы.
(Працяг будзе)
Віктар УРАНАЎ