Святочныя набажэнствы ў касцёле Св. Ганны ў Дзяржынску
Неўзабаве ў касцёлах запаліцца апошняя адвэнтавая свечка. Скончыцца падрыхтоўка да свята Божага Нараджэння: знешняя, але перш за ўсё духоўная. Дарагія парафіяне і жыхары Дзяржыншчыны! Сардэчна віншуем вас са светлым і радасным святам, калі сэрцы напаўняюцца цяплом, надзеяй і любоўю! Няхай у вашых сем’ях гучыць смех, у дамах пануюць згода і спакой, а Божае благаслаўленне асвятляе ваш шлях у новым годзе.
Святкаванне Нараджэння Хрыста нагадвае нам пра вялікую любоў Бога, які паслаў Свайго Сына, каб быць бліжэй да нас. Як кажа Святое Пісанне, «і анёл сказаў ім: Не бойцеся, бо вось, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе ўсім людзям: бо сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца, які ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2,10-11).
У гэты святочны час мы шануем традыцыі, якія напаўняюць свята асаблівым сэнсам і дапамагаюць нам адарвацца ад штодзённай шэрасці. Вігілійная вячэра – увечары напярэдадні Божага Нараджэння сям’я збіраецца за сталом, на якім пастаўлены дванаццаць посных страў. Вячэра пачынаецца з малітвы і дзялення аплаткай – знакам згоды і любові. Пры стале звычайна пакідаем адно свабоднае месца – для нечаканага госця, як сімвал нашага адкрытага сэрца для іншай асобы.
Пасля вячэры спяваюць калядкі – традыцыйныя песні, якія славяць нараджэнне Хрыста. Гэта стварае атмасферу святой радасці і еднасці. На святочным стале або ў хаце ставяць свечку, запальваюць агенчыкі на ялінцы і ў вокнах. Часам пад абрус кладуць сена – каб нагадаць пра тое, што Езус нарадзіўся на сене ў сараі.
Няхай святло Віфлеемскай зоркі і атмасфера святаў заўсёды паказвае нам шлях да дабра, міру і радасці. Са святам! Хрыстос Нарадзіўся!
З малітвай, ксёндз Сяргей ДАБРАГОСТ,
пробашч парафіі святой Ганны ў Дзяржынску
Святочныя набажэнствы ў касцёле Св. Ганны ў Дзяржынску:
- Начная Пастэрка ў Дзяржынску з 24 на 25 снежня апоўначы;
- 25 снежня святочныя Імшы ў 9.00 і 11.00.