Пачатак гісторыі малой радзімы. Шлях да пісьменства

Зусім нядаўна ў старажытнай Лідзе чарговы раз адзначаўся Дзень беларускага пісьменства – прыкметная падзея ў гісторыі суверэннай Беларусі. У аснове новага свята з самага пачатку была ідэя адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа. І ў гэтым сэнсе яго цяжка пераацаніць, бо менавіта пісьмовыя крыніцы даносяць да нас самую разнастайную інфармацыю пра жыццё продкаў.
Ад глаголіцы да Скарыны
Першапачаткова свята было прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі, якая, дзякуючы нястомнай творчай працы Францыска Скарыны, убачыла свет 6 жніўня 1517 года. Гэта дата, бясспрэчна, заслугоўвае ўвагі, аднак справа не абмяжоўвалася толькі друкарствам. І тут мэтазгодна прыгадаць выдатных лінгвістаў братоў Кірылу і Мяфодзія з грэчаскага горада Салуні, што стварылі ў другой палове IX стагоддзя даволі дасканалую алфавітную сістэму, якая вельмі дакладна перадавала ўсю гаму гукавых адценняў, характэрных для славянскіх гутарковых дыялектаў. Гэта была знакамітая азбука-глаголіца, якая дазволіла таленавітым асветнікам з Візантыйскай імперыі зрабіць пераклады шэрагу біблейскіх сюжэтаў з грэчаскай на славянскую мову. Авалоданне пісьменствам было знакавай падзеяй для славян, бо менавіта з гэтага часу можна лічыць, што яны выйшлі з працяглага перыяду варварства і падняліся на прыступку цывілізацыйнага развіцця.

На Русі распаўсюджанне пісьменства набыло больш дзейсныя формы і сваіх прыхільнікаў у сувязі з прыняццем хрысціянства, а стварэнне ўласнай азбукі-кірыліцы дало штуршок да фарміравання адзінай літаратурнай мовы. З самага пачатку яна не абмяжоўвалася толькі рэлігійнымі тэкстамі і хутка заняла прыкметнае месца ў развіцці агульнаславянскай культуры.
Для заходнеславянскіх народаў знаёмства з пісьменствам таксама адбылося праз хрысціянска-місіянерскую дзейнасць і першапачаткова было скіравана на працяг старажытнарускай традыцыі па перапісванні кніг хрысціянска-рэлігійнага зместу. Адукаваныя людзі на той час групаваліся галоўным чынам вакол царквы і манастыроў. Пры іх існавалі школы, дзе граматай авалодвалі здольныя вучні, якія пазней выкарыстоўвалі набытыя веды для падрыхтоўкі біблейскіх тэкстаў да набажэнстваў.
Узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца Тураўскае евангелле (XI ст.), служэбнік Валаама Худынскага (канец XII ст.), Аршанскае евангелле (XIII ст.) і некаторыя іншыя. У XIII–XIV стагоддзях на літоўска-беларускіх землях па-ранейшаму шырока распаўсюджвалася царкоўна-рэлігійная літаратура – кнігі Бібліі, жыціе святых, апокрыфы. Галоўнымі цэнтрамі па іх стварэнні на той час лічыліся Полацк, Тураў і Смаленск. З прадстаўнікоў беларускай кніжнай асветы таго перыяду варта назваць такія імёны: Кліменцій Смаляціч, Кірыла Тураўскі і, вядома ж, князёўна Прадслава-Еўфрасіння.

Складальнікі гісторыі
З усіх жанраў старажытнаславянскай літаратуры перыяду яе станаўлення прыкметнае месца занялі летапісы, якія не толькі ўзнялі развіццё пісьменства на больш высокі ўзровень, але і зрабілі выключна вялікі ўнёсак у развіццё агульнаславянскай культуры.
Летапісы пакінулі нам у спадчыну даволі важкі пласт бясцэннай інфармацыі, якая фактычна стварыла аснову навукова абгрунтаванага падыходу да гісторыі нашай Бацькаўшчыны
Летапісы, як новы літаратурны напрамак, звычайна пачыналіся словамі «в лѣто …» (адсюль і пашла назва “летапіс”), а далей ішоў паслядоўны і падрабязны пералік тых фактаў, якія траплялі ў поле зроку іх стваральнікаў. Як правіла, такія творы мелі літаратурную афарбоўку, у якой спалучаліся элементы белетрыстыкі з лаканічнай, дакументальна-дзелавой фіксацыяй факталагічнага матэрыялу, дзе праглядалася і грамадзянская пазіцыя самога аўтара.
Трэба адзначыць, што большасць летапісцаў з адказнасцю падыходзілі да асвятлення падзей, а таму гістарычныя сюжэты заўсёды адрозніваліся аб’ектыўнасцю. З іх дапамогай з’явілася магчымасць узнавіць многія гістарычныя эпізоды, удакладніць месцы, дзе яны адбываліся, выявіць прозвішчы дзеючых асоб, а галоўнае – стварыць агульную карціну таго, што адбывалася ў мінулым.
Сярод літаратурных помнікаў таго часу да нашых дзён дайшло не шмат летапісных твораў такой накіраванасці, і сярод іх пачэснае месца займае “Аповесць мінулых гадоў”, створаная першаадкрывальнікам гэтага гістарычнага жанру манахам Нестарам.

Пачынаючы з другой паловы XIII – першай паловы XIV стагоддзяў рэальныя абрысы набыў працэс стварэння ўласнай беларускай літаратурнай мовы, якая замацавала характэрныя асаблівасці гаворкі большасці насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Гэта быў пераходны перыяд, калі на пэўны час захоўвалася пісьмовае двухмоўе: царкоўнаславянская, якая выкарыстоўвалася ў набажэнствах і рэлігійнай літаратуры, і юрыдычна-дзелавая, якая была больш зразумелай для людзей, а таму забяспечвала дзяржаўныя і культурна-грамадскія патрэбы. З XV стагоддзя прамежкавае становішча паміж імі пачала займаць мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў.
Да гэтага перыяду адносіцца і станаўленне агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання. Яго ўзнікненню паспрыяла ўмацаванне Вялікага княства Літоўскага і тыя аб’яднальныя працэсы, якія прывялі да пачатку фарміравання беларускага этнасу. Гэтыя перамены запатрабавалі адпаведнага асвятлення ў пісьмовых крыніцах.
Так, былі створаны “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” (першая палова XV стагоддзя), “Ухвала Вітаўту” і скарочаны Смаленскі летапіс
Усе яны фарміраваліся не шляхам гадавых запісаў, а ў выглядзе гісторыка-літаратурных цыклаў, якія пазней былі аб’яднаны ў Першы летапісны звод. У ім выкладаецца гісторыя ВКЛ з 1341 года, калі ўзнікла барацьба за ўладу паміж Кейстутам і Ягайлам, а затым значнае месца адводзіцца аповеду пра княжанне Вітаўта. Дзякуючы аўтарскаму майстэрству да нас дайшло цікавае і змястоўннае апавяданне, якое заснавана на сапраўдных падзеях палітычнага жыцця Вялікага княства Літоўскага. Па ўсім відаць, што стваральнік гэтага летапісу – чалавек дастаткова адукаваны, удумлівы і, магчыма, набліжаны да вялікакняжацкай улады. Пазней гэты твор увайшоў у склад розных летапісных зводаў і нават быў выкарыстаны польскім храністам Янам Длугашам пры напісанні “Гісторыі Польшчы”.
У пачатку 20-х гадоў XVI стагоддзя ў Вільне была створана “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, дзе выкладаецца гісторыя ВКЛ ад легендарнага рымскага патрыцыя ПАЛЕМОНА да ГЕДЫМІНА
У гэтым творы, напісаным у жанры гістарычнай аповесці, упершыню выказваецца здагадка, што літоўскія князі нібыта вядуць сваю радаслоўную ад рымскіх арыстакратаў-патрыцыяў, якія, на чале з Палемонам, уцякаючы ад імператара Нерона, апынуліся ў Прынёманскім краі, дзе і заснавалі свае паселішчы. Рымскае паходжанне вялікіх князёў літоўскіх, паводле сцвярджэння аўтара, і дало ім права вяршэнства над іншымі супляменнікамі, а створаная імі моцная дзяржава дазволіла аднавіць палітычнае і культурнае жыццё на разбураных Ардою тэрыторыях. Таму, нягледзячы на шматлікія недакладнасці і тэндэнцыйнасць падачы матэрыялу, Хроніка ўсё ж заслугоўвае ўважлівых адносін, бо напісана з мэтай абуджэння нацыянальнага гонару і сцвярджэння перавагі літоўскіх феадалаў над усходнімі суседзямі, якія фанабэрліва падкрэслівалі сваё паходжанне ад славутага Рурыка.
Яшчэ адзін найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод атрымаў вядомасць пад назваю “Хроніка Быхаўца”
У ім аб’яднаны падзеі, якія адбываліся ў Вялікім княстве Літоўскім ад легендарных часоў рымскіх уцекачоў-патрыцыяў да пачатку XVI стагоддзя. Такім чынам, упершыню была створана найбольш поўная і сістэматызаваная палітычная гісторыя ВКЛ на працягу значнага прамежку часу. Пазней “Хроніка Быхаўца” паслужыла асновай дл стварэння “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі” гісторыка і пісьменніка Мацея Стрыйкоўскага.
У другой палове XVI стагоддзя летапісы, як сінтэтычная форма духоўнай культуры беларуска-літоўскага грамадства, пачалі адыходзіць у мінулае, саступаючы месца іншым гістарычным жанрам.
(Працяг будзе)
Віктар УРАНАЎ