Помнікі трагедыі: 27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту
Год гістарычнай памяці падштурхоўвае нас да больш удумлівага асэнсавання падзей мінулага.
Мінулае… Наша задача не забываць сваіх папярэднікаў, а памятаць іх паражэнні і іх перамогі, каб паўтарыць іх трыумф і не паўтараць іх памылак. Наша задача ведаць страшэнныя бесчалавечныя ўрокі мінулага, каб не дапусціць такога днём сённяшнім.
Памяць. Памянуць. Помнік… Значэнні ў гэтых слоў розныя, але ў іх агульны сэнс “думаць, разважаць аб мінулым”.
27 студзеня з’яўляецца Міжнародным днём памяці ахвяр Халакосту, таму што ў гэты дзень 1945 года былі вызвалены вязні (большасць з якіх былі яўрэі і цыгане) польскага канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым. Гісторыя Халакосту з’яўляецца папярэджаннем аб бесчалавечнасці вайны. Асобна ў ліку дзясяткаў мільёнаў загінуўшых у Другой Сусветнай вайне стаяць 6 мільёнаў жыццяў — ⅓ усяго яўрэйскага насельніцтва свету. У час вайны, у многіх гарадах і мястэчках Беларусі існавалі гета.
Што днём сённяшнім можа напомніць пра гэтую трагедыю? Помнікі!
Помнік – гэта збудаванне, якое падтрымлівае ўспаміны пра людзей, розныя падзеі, аб’екты і інш. Помнікі – гэта наша гісторыя, магчымасць заглянуць праз стагоддзі ў мінулае, яшчэ адна нагода задумацца пра сучаснае і будучае. Помнік – гэта магчымасць увекавечыць памяць аб загінуўшых.
У 1947 годзе у памяць аб ахвярах, якія загінулі ў Мінскім гета, быў устаноўлены абеліск з чорнага мармуру са словамі на ідышы: «Яўрэям – ахвярам нацызму». Гэта быў першы помнік ахвярам Халакосту ва ўсім Савецкім Саюзе. Акрамя гэтага, гэта быў першы помнік у СССР з надпісам на ідышы.
Сёння гэты помнік з’яўляецца часткаю мемарыяла “Яма”.
У горадзе Дзяржынску ў ліпені 1941 года фашысты таксама стварылі гета для канцэнтрацыі і знішчэння мясцовага яўрэйскага насельніцтва. Для гэтых мэт была выдзелена тэрыторыі на скрыжаванні вуліц Савецкай, Першамайскай і Кастрычніцкай. Тут разгарнулася праграма па знішчэнні прадстаўнікоў непажаданага народа. Асобай жорсткасці падзеі дасягнулі 21 кастрычніка 1941 года. У гэты дзень у яме даўжынёй 32 метры і шырынёй 4 метры, выкапанай недалёка ад касцёла, было расстраляна 1920 яўрэяў усяго за 2,5 гадзіны.
Як напамін пра тую трагедыю ўжо ў 1949 годзе быў пастаўлены помнік з надпісам на рускай мове і ідышы, контуры ямы-магілы былі абазначаны агароджай. Сённяшнім часам на гэтым месцы ўзводзіцца мемарыяльны комплекс.
Будаўніцтва помнікаў мае важнае значэнне для таго, каб увекавечыць падзеі мінулага, а наша наведванне і знаёмства з помнікамі дазволіць не згубіць гістарычную памяць.
Вольга Дым, педагог ДУДА “ДРЦТіК”