Пачатак гісторыі малой радзімы. Ад Крутагор’я да Койданава

Працягваючы размову пра папярэднія назвы нашага горада, лагічна будзе выказаць некалькі меркаванняў наконт таго, як Крутагор’е ператварылася ў Койданава. І гэта таксама не простае пытанне, бо гісторыя не ведае выпадкаў, калі б на нашых землях таго часу які-небудзь населены пункт перайменаваўся самаадвольна. Як жа адбылася такая змена назваў? Вось вам яшчэ адна загадка, якая пакуль што не знайшла свайго тлумачэння. Таму свае далейшыя разважанні пачнём менавіта з гэтага.
Другая хваля ці буйная вёска?
Археалагічныя даследаванні, праведзеныя ў межах горада, пацвярджаюць факт існавання тут старажытнага паселішча. Як ужо згадвалася, XII стагоддзе было перыядам жорсткіх міжфеадальных усобіц. Паселішча стаяла на перасячэнні шляхоў з захаду на ўсход і з поўдня на поўнач. Таму праз гэтыя мясціны маглі праходзіць войскі і кіеўскага, і галіцка-валынскага, і мазавецкага, і іншых князёў. Аб сабе з поўначы ўжо пачалі заяўляць рабаўніцкімі набегамі і літоўскія плямёны.
Можна меркаваць, што падчас аднаго з такіх ваенных паходаў насельніцтва крутагорскага краю было захоплена ў палон і, як здабыча пераможцаў, адпраўлена ў іншае княства для прымусовых работ
Такое гвалтоўнае перасяленне людзей было звычайнай з’явай у той няпросты перыяд, бо зямлі было шмат, а працаўнікоў не хапала.
У абязлюдзеўшым Крутагор’і на пэўны час жыццё ўзнавілася з прыходам другой хвалі пасяленцаў, якія аселі на некалі абжытым месцы. Зноў запрацавалі майстэрні, і магутныя ўдары молатаў гулкім рэхам пачалі разносіцца па наваколлі. Як і раней, гэтых майстроў кавальскай справы на мясцовым дыялекце працягвалі зваць кедамі-койдамі. Можа адсюль за іх паселішчам і замацавалася назва Койданаў. А былая, якая ператварылася ў легенду, знайшла ўвасабленне ў паданні, што пераплялося са звесткамі пра старажытную ікону і данесла да нас тую каштоўную інфармацыю, якая дае падставу ганарыцца даўняй гісторыяй нашага населенага пункта.
Магчыма, усё так і адбывалася на самай справе, але не варта адмаўляць і іншы ход падзей, які мае перавагу сваім больш грунтоўным падыходам. А звязаны ён з тымі сацыяльна-эканамічнымі працэсамі, што адбываліся на землях дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў у XII–XIII стагоддзях.
Больш дасканалыя прылады працы і павышэнне ўзроўню апрацоўкі зямлі не толькі павысілі прадуктыўнасць работы жыхароў сельскай мясцовасці, але і пачалі падвяргаць дэфармацыі існуючы абшчынна-родавы ўклад жыцця, заснаваны на блізкасваяцкіх сувязях. Пад уплывам тых перамен, што адбыліся, узмацніліся прыватнаўласніцкія тэндэнцыі сярод сялянства, якія непазбежна прывялі да іх маёмаснай няроўнасці і садзейнічалі канчатковаму распаду рода-племянного строю.
Старое абшчыннае землеўладанне пачало саступаць месца новым феадальным адносінам. Сярод сялян узрастала імкненне да стварэння індывідуальных гаспадарак, таму былая «верв», як форма калектыўнага суіснавання абшчыннікаў-земляробаў, таксама пачала відазмяняцца. Замест яе ўзнікалі паселішчы новага тыпу. Спачатку іх памеры былі невялікія, яны складаліся з некалькіх гаспадарак. Аднак з ростам насельніцтва паступова ўзбуйняліся і нейкі час, у залежнасці ад таго, якая роля ім прызначалася, адрозніваліся адно ад другога такімі назвамі, як «весь», «служба», «дворышча», «селішча». Потым за імі замацаваўся агульнапрызнаны тэрмін «вёска».
Па меры таго, як ішло ўзмацненне цэнтралізаванай улады, усе землі, якія раней належалі свабодным абшчыннікам, пачалі пераходзіць пад кантроль дзяржавы. Канчаткова такі пераход завяршыўся са стварэннем Вялікага Княства Літоўскага. У выніку такіх перамен землі вясковых жыхароў сталі лічыцца маёмасцю вялікага князя, самі яны былі прымушаны плаціць падатак, а таму кожная гаспадарка, якая атрымала назву «дым», падлягала перапісу і ўліку. Паступова, каб пазбегнуць блытаніны, гэты працэс пачаў фармалізавацца ў прыняцце афіцыйных назваў, якія замацоўваліся за кожным вясковым паселішчам.
Гэта былі ўжо не абязлічаныя месцы пасяленняў абшчыннікаў, а паўнавартасныя вёскі, якія мелі свае ўнікальныя, уласцівыя толькі ім, тэрміналагічныя знакі адрознення

На крутагорскіх землях інвентарызацыя «дымаў» набыла распаўсюджанне прыблізна з XIII стагоддзя. Прыкладна ў той час і адбылося замацаванне за паселішчам кавалёў афіцыйнай назвы Койданаў. Па свайму характару яно мала чым адрознівалася ад звычайнай вёскі, бо, нягледзячы на тое, што яе жыхары займаліся промысламі і гандлем, пакуль што яны не гублялі сувязі з зямлёй.
Што ў назве тваёй, Койданаў?
І вось, нарэшце, мы падышлі да чарговай загадкі нашага горада, якая і па сённяшні дзень працягвае выклікаць шэраг непаразуменняў. Сапраўды, большасць назваў населеных пунктаў тым ці іншым чынам прывязваецца да мясцовасці, дзе яны знаходзяцца. Таму іх паходжанне, як кажуць, ляжыць на паверні. Зусім іншая справа з Койданавым, каранявая аснова якога не мае ніякай сувязі з сучаснай лінгвістычнай тэрміналогіяй.
Найбольш значны ўклад у пошукі адказу на гэта пытанне ўнёс нястомны даследчык даўніны нашага краю Анатоль Валахановіч. Свае думкі наконт паходжання назвы Койданава ён падрабязна выказаў на старонках гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Дзяржынскі раён» (стар. 48–54). З іх вынікае, што Койданаў – сапраўды старажытнае паселішча, а яго назва мела непасрэднае дачыненне да розных падзей, пачынаючы з XIII стагоддзя. Яна неаднаразова згадвалася ў такіх летапісах, як «Хроніка Быхаўца» (XVI ст.), «Хроніка Вялікага княства Літоўскага» (XVI ст.), «Летапіс Рачынскага» (XVI ст.) і некаторых пазнейшых. Аднак і тут няма канчатковай упэўненасці ў даставернасці гэтых звестак, бо большасць з іх, як сцвярджаюць гісторыкі Мікалай Улашчык, Мікалай Ермаловіч і сам Анатоль Валахановіч, не маюць пад сабой навукова абгрунтаванай даказальнай базы.
Па архіўных дакументах першапачатковай датай, пад якой згадваецца Койданаў, з’яўляецца 1439 год, калі ў яго межах быў заснаваны касцёл – адзін з самых старажытных помнікаў драўлянага культавага дойлідства на Беларусі
Яшчэ адзін дакумент такога ж кшалту засведчыў, што пад 1445 год Койданаў разам з іншымі землямі быў дараваны вялікім князем ВКЛ Казімірам IV Ягелончыкам (1427–1492) свайму стрыечнаму брату Міхаілу Жыгімонтавічу.
Не менш пытанняў выклікае і этымалогія слова «койда», бо пакуль што ніхто не даў канкрэтнага адказу на тое, што ў ім зашыфравана. У гэтай сувязі зноў вернемся да разважанняў Анатоля Валахановіча. У прыватнасці, вось якое меркаванне ён выказвае: «Існуе некалькі версій паходжання назвы Койданава. У старабеларускай мове ёсць слова «кеда»: нават у наш час захавалася беларускае прозвішча Кеда. Яно даволі распаўсюджанае. Кеда – гэта каваль. А ў Літве і цяпер ёсць невялікі старажытны горад Кейданяй, што ў перакладзе азначае «паселішча кавалёў». На Беларусі, а гэта бясспрэчна, слова «кеда» трансфарміравалася ў слова «койда» – той жа каваль, які каваў кайданы (койданы) – жалезныя аковы, заадно вырабляў зброю і іншыя жалезныя рэчы. А на Койданаўшчыне, як вядома, людзі здаўна здабывалі руду, аб чым сведчаць назвы вёсак Рудня, Новая і Старая Рудзіца, Дзягільна». Зыходзячы з гэтых разважанняў, Анатоль Валахановіч робіць выснову: «Вось і ўзнікла назва Койданаў – паселішча кавалёў, майстроў кавальскай справы. Койданава – гэта русская транскрыпцыя слова».
У галоўным можна пагадзіцца з такім меркаваннем, тым больш, што яго пацвярджае мясцовы аматар краязнаўства Віктар Полцеў, які даследаваў шэраг дакументаў па Мінскай губерніі, надрукаваных у «Матэрыялах для геаграфіі і статыстыкі Расіі» (Санкт-Пецярбург, 1864 год).
У падручніку, складзеным для афіцэраў Генеральнага штаба Расіі, згадваецца каля двух дзясяткаў вёсак, паселішчаў альбо ўрочышч, якія ў аснове сваіх назваў маюць слова «койда»
Фарміраванне ж беларускай тапанімікі пачыналася ва ўмовах блізкіх кантактаў славянскіх народаў з іншымі этнасамі, асабліва балтыйскага паходжання. На працягу доўгага часу адбывалася пераасэнсаванне балтскіх тапонімаў славянскімі словаўтваральнымі сродкамі. Усё гэта і садзейнічала таму, што яны згубілі сваё першапачатковае гучанне і зараз цяжка вызначыць не толькі іх моўнае паходжанне, але і першапачатковы сэнс.
(Працяг будзе)
Віктар УРАНАЎ