Лета на “Ваколіцы”: як у Станькава працуе вулічная творчая пляцоўка

Сонечны жнівень адлічвае апошнія дні на календары – час развітвацца з летам, цудоўнай парой дзіцячага адпачынку, насычанага вясёлымі прыгодамі, радаснымі падзеямі, незвычайнымі адкрыццямі. Установы культуры штогод рыхтуюць юным жыхарам раёна шмат цікавых і змястоўных прапаноў на гэты час. У Станькава, напрыклад, майстры раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці сёлета адкрылі вулічную творчую пляцоўку “Ваколіца”, якая хутка займела прыхільнікаў сярод мясцовых дзетак і іх бацькоў.
Наведвальнікі станькаўскай “Ваколіцы” за лета не толькі назапасілі сонечных вітамінаў добрага настрою, новых ведаў, творчых уменняў і навыкаў, але і сабралі ўнікальныя калекцыі з уласнаруч створаных цудоўных вырабаў! Дзеткі з цікавасцю знаёміліся з разнастайнымі тэхнікамі традыцыйных беларускіх мастацтваў, а таксама з сучаснымі арт-прыёмамі. Штотыднёва “Ваколіца” сустракала гасцей новай праграмай: асновы ткацтва і пляцення, выцінанка, разнастайныя лялькі-мотанкі, саломка, дэкарыраванне…
Наталля Жыбрык, вядучы майстар “Ваколіцы”, задаволеная, што самыя захопленыя наведвальнікі пляцоўкі мяркуюць працягваць творчыя заняткі і падчас навучальнага года як удзельнікі кружка “Куфэрак” Станькаўскага Дома майстроў.
На “Ваколіцы” кожны станавіўся натхненым творцай, і ў выніку – уладальнікам незвычайных “цудоўнасцяў” і “прыгажосцяў” і годным нашчадкам шматвекавой традыцыі беларускага майстэрства!
Наталля Трацэўская
Рекомендуем
