Гукі музыкі. У Дзяржынскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся канцэрт
Канцэрт «Музычны колер Беларусі» адбыўся 25 студзеня ў камернай зале Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў. Музычную спадчыну Беларусі прадставілі вучні і настаўнікі школы, а таксама калектывы: узорны цымбальны аркестр «Вясёлка», узорны ансамбль скрыпачоў «Кантабіле», ансамблі «Вясёлыя смычкі» і «Настрой».
Прагучалі творы беларускіх кампазітараў розных часоў: М.Чуркіна, А.Туранкова, Я.Глебава, У.Солтана, К.Гігевіч, І.Мангушава, Л.Захлеўнага, Зм.Яўтуховіча, А.Атрашкевіч, Э.Ханка, І.Лучанка.
Цудоўная музыка, цікавыя факты з творчасці кампазітараў, натхненне і любоў выканаўцаў да беларускай музычнай спадчыны вельмі ўразілі слухачоў.
Творчы вечар «Музычны колер Беларусі» паказаў розныя грані багатай беларускай душы, стаў прызнаннем павагі і любові да сваёй Радзімы!