Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. Волаты зямлі крутагорскай

Пачатак гісторыі малой радзімы. Волаты зямлі крутагорскай

Першажыхары і заснавальнікі нашага краю не проста давалі назвы тым адметным месцам, якія суправаджалі іх па жыцці, але і нейкім чынам рабілі спробу абгрунтаваць свой выбар. На той час не існавала пісьмовых крыніц, аднак ў спадчыну нам дастаўся значны пласт духоўнай культуры, які праз легенды і паданні перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Магчыма так, праз вусную народную творчасць, і дайшлі да нас звесткі пра Крутагор’е і Койданаў.

Трэба адзначыць, што з пункту гледжання сучаснага чалавека, такія дадзеныя не з’яўляюцца бездакорнымі, бо пабудаваны на міфалагічных сюжэтах. Тым не менш у якасці дадатковага аргумента ў спрэчцы пра з’яўленне назваў нашага горада яны таксама маюць права на існаванне, бо нават праз стагоддзі не згубілі свайго мудрага пераканання і прыгажосці.

Кеда ля Крутой гары

Некалі ў старадаўнія часы магутныя сілы прыроды стварылі стромую гару. Жыхары той мясцовасці яе так і называлі – Крутая гара. А побач з ёю, якраз каля падножжа, працякала бурлівая і паўнаводная рака, дзе вадзілася шмат рыбы і водаплаваючых птушак. Людзі, што здаўна аблюбавалі гэтыя прыгожыя месцы, заснавалі там некалькі паселішчаў, якія агульна зваліся Крутагор’ем. Іх асноўным заняткам было земляробства, паляванне на звера і лоўля рыбы – тым яны і жылі, забяспечваючы свае патрэбы ў самым неабходным.

А яшчэ крутагорцы з перасцярогай ставіліся да прыродных з’яў, якія раз-пораз стваралі ім розныя жыццёвыя перашкоды. Таму, заснаваўшы на гары Святой капішча, яны прыходзілі да сваіх ідалаў, каб праз ахвяру і падарункі ўлагодзіць магутныя сілы прыроды і наўзамен атрымаць ад іх спагаду і прыхільнасць.

Так год за годам ішоў час, пакуль у ваколіцах Крутагор’я не з’явіўся незвычайны чалавек. Быў ён куды большы за самага высокага жыхара Крутагор’я і меў вялікую сілу. Спачатку месцічы захваляваліся – не прынёс бы незнаёмец якога ліха, а потым супакоіліся. А калі той паблізу ад астатніх людзей пачаў будавацца, то і зусім уздыхнулі з палёгкай. Хаціну сабе асілак паставіў ладную. Адчувалася, што быў ён хаця і малады па ўзросце, але працавіты і кемлівы. Жыў незнаёмец ціха, асабліва нікому не набіваючыся ў дружбакі, але яго суседзяў, што жылі непадалёку, усё ж непакоіла думка: «Што прымусіла гэтага чалавека прыйсці ў гэтыя месцы і чаму ён не жанаты?» Але задаваць яму такія пытанні ніхто не адважваўся.

З цягам часу высветлілася, што асілак быў яшчэ і адмысловым кавалём. Вельмі ўжо ён спрытна і хутка вырабляў розныя прылады для сялян – ці то саху, ці барану, ці сякеру, а то і касу. І ўсё ў яго атрымлівалася прыгожа і трывала. Многа з людзей майстар не браў, а калі прыходзіў да яго чалавек бедны, то выраб яму наогул даставаўся дарэмна.

Вось так, з цягам часу і прыжыўся каваль-асілак у Крутагор’і. Ніхто не ведаў яго прозвішча, таму сяляне між сабою звалі прышэльца Кеда, што па-мясцоваму азначала каваль

Кайданы

Праз некаторы час заўважылі крутагорцы, што асілак стаў цікавіцца гульнямі ды святамі мясцовай моладзі. І зноў сярод іх пайшлі чуткі: «Можа, прыглядае каваль сабе дзяўчыну, каб узяць яе ў жонкі?» Амаль кожная з іх марыла пра такога мужа, але асілка, як заўважылі неўзабаве сяляне, цікавіла толькі адна гарэзлівая, але гордая прыгажуня, якую за светла-папялісты колер валасоў празвалі Горліца. З сяброўкамі яна вадзіла хараводы і ладзіла розныя гульні, а вось падставы на ўзаемнасць ні кавалю, ні астатнім хлопцам дзяўчына не давала. А мо гэта толькі так здавалася. Магчыма, і малады асілак запаў ёй у душу, але выгляду яна не паказвала. А далей здарылася непрадбачнае.

Здалёк у тутэйшыя мясціны дабралася княжацкая дружына на чале з павадыром, якога звалі Наглядай. Яны пачалі верхаводзіць у акрузе, а сялянам загадалі скарыцца іх уладзе і плаціць даніну на карысць князя. І крутагорцы вымушаны былі падпарадкавацца жорсткай сіле.

Толькі Наглядай аказаўся сквапным чалавекам і запатрабаваў даніны значна больш, чым трэба было. І гэта рабаванне працягвалася ў акрузе, пакуль на абарону крутагорцаў не стаў асілак Кеда. Калі ён з’явіўся да Наглядая, вочы яго гарэлі агнём гневу, а рукі сціскалі вялізную дубіну. Княжацкі пасланнік і яго дружына адступілі, але ад сваіх намераў не адмовіліся.

Праз некаторы час у майстэрню да каваля завітаў бліжэйшы памочнік Наглядая з прапановай зрабіць кайданы. Доўга адмаўляўся Кеда ад такой ганебнай справы, але хаўруснік Наглядая быў упартым. Калі ён паабяцаў за кайданы заплаціць столькі золата, колькі весіць сам выраб, то каваль пагадзіўся, мяркуючы, што грошы ў хаце будуць не лішнімі. Ганец Наглядая яшчэ некалькі разоў употай наведваў майстэрню Кеды, і кожны раз плаціў золатам без падману. Спадзяваўся каваль, што ніхто не здагадаецца пра яго патаемную працу.

Але з адной пары прыкмеціў асілак, што сталі крутагорцы яго пазбягаць, радзей звярталіся па дапамогу па кавальскіх справах. Здагадаўся Кеда, што сялянам нейкім чынам стала вядома пра тое, што ён хаваў ад людскіх вачэй. А калі пасланец Наглядая зноў наведаў майстэрню, Кеда з абурэннем выкінуў яго прэч. А той, зарагатаўшы, кінуў кавалю ў вочы крыўдныя словы:

«Добры ты майстра і кайданы ў цябе добрыя! Таму моцна трымаюць яны тых, хто ідзе супраць волі князя! Днём і ноччу націраюць яны рукі і ногі нявольнікам да крыві. І твае рукі запэцканы гэтай крывёю»

Падняў Кеда свае рукі да твару, і здалося яму, што яны сапраўды чырвонага колеру. Доўга сядзеў асілак на лаўцы, ахапіўшы рукамі галаву, толькі вусны яго нешта шапталі. А назаўтра раніцой пайшоў ён да Горліцы. Дачакаўшыся, пакуль дзяўчына выйдзе па сваіх справах з дому, прыпыніў яе і, ласкава паклаўшы руку на плячо, сказаў: «Я цябе кахаю! Давай у Купальскую ноч удваіх скокнем праз святы агонь. А потым тры разы абыдзем лазовы куст». Гэтымі словамі Кеда прапанаваў Горліцы стаць яго жонкай. Але дзяўчына ціха адвяла руку асілка, і з тугою прамовіла: «І я цябе кахаю. Але мяне ніколі не будуць абдымаць рукі, якія робяць кайданы для людзей. Ты, напэўна, не ведаеш, што цябе ўжо называюць Кайданам. Прабач, я не стану тваёй жонкай!» Дзяўчына павярнулася і, стрымліваючы слёзы, ціха пайшла да хаты.

Усю ноч асілак не мог заплюшчыць вачэй. Перад ім стаяла Горліца, якая вымаўляла ганебнае прозвішча. А раніцай ён даведаўся , што Наглядай з дружынаю схапіў яго каханую. Калі Кеда прыбег да месца, дзе жыла Горліца, то ўбачыў на конях Наглядая з дружынай, ён трымаў звязаную дзяўчыну і некалькі сялян. Перахапіўшы ў руцэ дубіну, асілак меў намер уступіць у бойку з усёй хеўрай, але іх павадыр, прыставіўшы нож да дзявочага горла, выгукнуў: «Ты, хлапец, зможаш вярнуць сваю каханую, але пры ўмове, што за тры дні і тры ночы зруйнуеш гару Крутую. А калі не, то яна будзе мая». З гэтымі словамі Наглядай з дружынай паскакаў прэч, прыхаціўшы з сабою Горліцу.

Апусціўшы галаву, пайшоў асілак да сябе, але раніцой ён звярнуўся да жыхароў Крутагор’я і папрасіў усіх пакінуць дамы, бо мае намер руйнаваць гару. Спрачацца сяляне не сталі. Выгнаўшы скаціну і птушку, яны хутка вывезлі дамашні скарб, бо асілак пачаў працаваць на вяршыні гары.

Аднак ён быў не адзін, побач з ім знаходзілася яшчэ пяцёра такіх жа волатаў. Гэта былі браты Кеды. Моцнымі рукамі яны выхоплівалі з нутра гары вялізныя валуны і раскідвалі іх навокал. Зямля стагнала ад такога грукату.

Частка камянёў трапляла ў раку. Яе русла пачало мялець, ператварыўшы бурлівы паток у невялікі раўчук, які нетаропка працягваў свой бег. Таму пазней жыхары мясцовасці назвалі рачулку Няцечай

Раніцой чацвёртага дня, калі справа была зроблена, волаты наблізіліся да ўмацаваных сцен, за якімі хаваўся Наглядай з дружынай. «Я ўмову выканаў і хачу забраць Горліцу», – выгукнуў стомлены Кеда. Але ў адказ пачуў толькі з’едлівы смех. Зразумеўшы, што размова не атрымаецца, браты акаванымі дубінамі пачалі руйнаваць сцены, за якімі хаваўся Наглядай са сваімі ваярамі. Але ў адказ на іх паляцелі стрэлы. Пяць з іх былі замоўлены і смяротна паранілі братоў Кеды. Калі асілак застаўся адзін, ён працягваў барацьбу і здолеў разбіць умацаванні. У паядынку з Наглядаем ён забіў нягодніка, а варожае войска разбеглася.

Адчыніўшы дзверы вязніцы, Кеда вызваліў сваю каханую і астатніх нявольнікаў. Даведаўшыся пра перамогу, да месца бойкі прыйшлі жыхары Крутагор’я. Яны дапамаглі свайму вызваліцелю пахаваць яго братоў-волатаў.

Забітых паклалі ў розных месцах, а праз пэўны час адтуль пацяклі раўчукі, якія далі пачатак рэкам, што назвалі Пціч, Уса, Волма, Іслач, Сула

А Кеда падняў сваю каханую на рукі і панёс некуды на поўдзень. Больш іх ніхто не бачыў. Толькі з тых часін чужынцы пачалі абыходзіць бокам тую мясцовасць, баючыся сустрэцца з асілкамі. А свае землі крутагорцы па-ранейшаму працягвалі зваць то Крутагор’ем, а то і Кайданом у гонар майстра-каваля Кеды. Так за паселішчам пазней і прыжылася назва Койданаў.

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59