Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. І з родам, і з племенем

Пачатак гісторыі малой радзімы. І з родам, і з племенем

Калі племянныя саюзы славян пачалі асвойваць новыя ўсходнія тэрыторыі, яны ўжо вызначаліся высокім узроўнем вытворчых адносін, а таму даволі хутка прыстасаваліся да нязвыклых умоў жыцця. Не апошнюю ролю ў гэтай барацьбе за існаванне адыграла і іх спрадвечнае імкненне да каллектывізму і захоўванню роднасных адносін паміж супляменнікамі, што давала адчуванне еднасці і згуртаванасці, асабліва калі ўзнікала патрэба ў агульнай працы альбо пры знешняй пагрозе.

Славянскія пасяленцы

Калі і як адбыўся працэс рассялення славянскіх плямёнаў на неабжытых прасторах Усходнееўрапейскай раўніны, дакладных дакументальных звестак не захавалася. На тым этапе развіцця прадстаўнікі гэтага народа хаця і зраблі важкі крок да цывілізацыі, але пакуль заставаліся без уласнай пісьмовасці. Тым не менш археолагі і гісторыкі не пакінулі гэта пытанне па-за ўвагай. Правёўшы навуковыя даследаванні і выявіўшы шматлікія артэфакты і іншыя помнікі старажытнасці, яны прыйшлі да высновы, што пасля адступлення апошняга ледавіка і адраджэння прыроды і жывёльных папуляцый, тая тундравая пустэча стала прыдатнай для жыцця людзей толькі ў пачатку I тысячагоддзя нашай эры. Вось гэту магчымасць як раз і выкарыстаў славянскі народ, узяўшы на сябе ролю першаадкрывальнікаў.

Іх рух на ўсход ішоў хвалеабразна і працягваўся з VI па VII стагоддзе. Ступіўшы на новыя землі, славяне разыходзіліся па розных накірунках, паступова падпарадкаваўшы пад свае патрэбы ладны кавалак тэрыторый ад Балтыйскага мора да прычарнаморскіх стэпаў. Як сведчыць найбольш старажытны звод летапісаў «Аповесць мінулых гадоў», складзены манахам Нестарам, у гэтым працэсе ўдзельнічалі 12 племянных саюзаў, якія пазней далі пачатак тром братнім славянскім народам – рускім, украінцам і беларусам.

Дзякуючы навуковым даследаванням, дакладна вядома, што першапраходцамі на землях сучаснай Беларусі былі ўстойлівыя этнічныя групы з усходнеславянскіх саюзаў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў

У ліку першых на гэтыя землі прыйшлі радзімічы, якія нагледзелі тэрыторыю паміж рэкамі Днепр і Сож. Магутнае племя крывічоў асела паміж Заходняй Дзвіной і Свіслаччу. Дрыгавічам жа дасталася забалочаная мясцовасць сучаснага Палесся ўздоўж ракі Прыпяць. Пэўнай мяжы паміж імі не існавала, а таму яны ўвесь час знаходзіліся ў цесным кантакце. Блізкае суседства трох славянскіх саюзаў, аб’яднаных агульнай мовай, культурай і традыцыямі, садзейнічала ўмацаванню паміж імі гаспадарчых, культурных, а пазней і палітычных сувязей. Гэта дало штуршок да пачатку фарміравання ў іх асяродку пэўных адметных рыс, характэрных для беларускай пратанароднасці.

У гэтым годзе спаўняецца 1166 гадоў з моманту, калі з’явіліся першыя летапісныя звесткі аб аб’яднанні славянскіх плямёнаў крывічоў. На думку даследчыкаў, гэта адбылося каля 859 года

Радзіма – ад слова «род»

Развіццё атрымала і грамадскае ўпарадкаванне гэтых аб’яднанняў. Прайшоўы этап першабытнасці, славяне па-ранейшаму аддавалі перавагу калектыўным формам арганізацыі свайго суіснавання. Але ўжо на пачатку нашай эры першасную ролю сярод іх пачаў адыгрываць род. Такая форма калектыўных адносін аб’ядноўвала членаў адной сям’і, а іх сваяцтва пацвярджалася ўжо не па мацярынскай, а па бацькоўскай лініі. Мужчынскі пачатак і прыналежнасць да пэўнага роду мелі для славян ледзь не сакральны сэнс, які непарыўна быў звязаны з такімі паняццямі, як мужнасць, адказнасць, сумленнасць, здольнасць супрацьстаяць цяжкасцям, а галоўнае, гонар за сям’ю і той куток зямлі, дзе чалавек нарадзіўся і вырас. Невыпадкова, што такое найменне вышэйшай якасці, як Радзіма, таксама высока цанілася ў славян, бо паходзіла ад старажытнага слова «од».

Спачатку родавыя аб’яднанні былі нешматлікімі. Іх камуны налічвалі ад 20 да 50 членаў, якія знаходзіліся па нараджэнні і паходжанні ў сваяцкіх адносінах. Аднак праз некалькі пакаленняў іх колькасць узрастала да 150–200 чалавек. Размясціць такую колькасць людзей пад адным дахам было няпроста, а таму род пачынаў дзяліцца на меншыя группы. Яны сяліліся побач, утвараючы родавую абшчыну. Менавіта гэта форма грамадскіх адносін пераважала ў славян, калі яны прыйшлі на новыя землі.

На іх рассяленне рабіла ўплыў прыроднае асяроддзе, пры гэтым перавага аддавалася пагоркаваму рэльефу, наяўнасці рэк, азёр, лясоў, якія забяспечвалі кожнадзённыя патрэбы людзей у пітной вадзе, ежы, паліве і іншых неабходных рэчах. І хаця спачатку першыя пасяленні родавых абшчын узнікалі хаатычна і безсістэмна, але паступова і ў іх абліччы пачалі праступаць пэўныя заканамерныя рысы, якія далі пачатак фарміраванню грамадска-тэрытарыяльных структур.

Паўзямлянка – жытло старажытных славян

Кожная сям’я будавала сабе прасторнае жытло, якое часткова заглыблялася ў зямлю, каб прасцей было замацоўваць драўляныя канструкцыі. Вязаць у вянок бярвенні старажытныя цесляры навучыліся значна пазней. Аднак нязручнасць такіх паўзямлянак праяўлялася ў тым, што ў час вясенняй распуціцы ці навальнічных дажджоў яны затапляліся вадой. Таму, каб пазбегнуць такіх непрыемнасцей, забудоўшчыкі аддавалі перавагу ўзвядзенню дамоў на пагорках. Ацяпляліся памяшканні, дзе жылі абшчыннікі, ад вогнішчаў, якія звычайна разводзіліся ў спецыяльна абсталяваных з каменняў і гліны месцах. Дым з іх выходзіў праз адтуліну ў даху. Усе рэчы дамашняга ўжытку таксама ў большасці былі зроблены з дрэва. Такіх паняццяў як крадзёж ці прысваенне чужых рэчаў тады наогул не існавала.

Дзверы дамоў звычайна не зачыняліся на заслонку, бо ўся маёмсць лічылася агульнай і свабоднай для ўжывання, а карыстанне ёю рэгулявалася пэўнымі маральна-этычнымі нормамі

Дамы для жылля разам з гаспадарчымі забудовамі ўтваралі комплекс сядзібнага тыпу з агульным дваром, які меў агароджу для забеспячэння аховы дамашняй жывёлы ад нападаў дзікіх звяроў. Абарончыя забудовы тады амаль не выкарыстоўваліся, бо варожасць паміж супляменнікамі таксама адсутнічала.

Паміж плямёнамі

Але ўжо ў VIII–IX стагоддзях пад уплывам больш шырокага прымянення дасканалых прылад працы, вырабленых з жалеза, пачалося пашырэнне ворыўнага земляробства, а павышэнне ўрадлівасці палёў стварала лішкі прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Цяпер ужо не было патрэбы ў аб’яднанні намаганняў усяго роду, каб выконваць цяжкую працу. Таму сувязі, заснаваныя на родавых адносінах, пачалі змяншацца, саступіўшы месца суседскай абшчыне, у якой блізкае сваяцтва ўжо не мела прынцыповага значэння. Эканамічныя змены, якія адбыліся, дазвалялі кожнай патрыярхальнай сям’і з 10–15 чалавек абрабляць свой асабісты надзел зямлі і атрымліваць для сваіх патрэб дастаткова прадуктаў харчавання. Разам з тым яшчэ працяглы час існавалі і агульныя месцы карыстання – навакольныя лясы, выганы і вадаёмы.

Па тэрытарыяльнай прыналежнасці родавыя, а затым і суседскія абшчыны ўваходзілі ў склад больш значнага аб’яднання. Гэта было племя, на чале якога стаяў правадыр (рус. – вождь). Пазней гэту ролю стаў выконваць князь, на якога, апрача гаспадарчых і судовых функцый, ускладаліся абавязкі ваеначальніка. Яму давяралася фарміраванне атрада дружыннікаў. Па агульнай дамоўленасці князь і яго ваяры-прафесіяналы забяспечвалі ахову тэрытарыяльных уладанняў племені, а таму кожная абшчына вымушана была плаціць ім даніну. Калі пачала ўтварацца маёмасная няроўнасць, менавіта з іх сфарміравалася племянная знаць, да якой перайшла ўлада над простымі абшчыннікамі. Бяскласавае грамадства славян паступова саступала месца ваеннай дэмакратыі як першай прыступкі да стварэння дзяржаўнасці.

Так званыя Крутагорскія тэрыторыі апынуліся якраз на памежжы, якое на поўдні засялялася дрыгавічамі, а на поўначы – крывічамі-палачанамі

Хто з іх меў больш правоў на гэту мясцовасць, з упэўненасцю адказаць практычна немагчыма, ды і ў нашым выпадку гэта пытанне не ўяўляе прынцыповага значэння. Тым не менш мэтазгодна адзначыць, што крутагорскія пасяленцы мелі адносна больш спрыяльныя ўмовы жыцця ў параўнанні са сваімі суседзямі: па-першае, ім не даводзілася так часта ўступаць у ваенныя канфлікты з рознага кшталту заваёўнікамі, а па-другое, густыя лясы былі іх натуральнай аховай на шляху тых, хто рабіў спробу да рабаўнічых нападаў. А таму крутагорцы хаця і жылі ў суровых прыродных умовах, але ў кожнадзённым жыцці заўсёды праяўлялі гасціннасць і ветлівасць да тых людзей, якія наведвалі іх з добрымі намерамі.

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59