Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Кола творчасці. Над чым сёння працуе аматарскі калектыў майстроў «Калаўрот»

Днямі аматарскі калектыў майстроў «Калаўрот» Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пацвердзіў сваё ганаровае найменне «народны». Аб’яднанне, створанае ў 2014 годзе, сёння налічвае 44 ўдзельніка, прадстаўляючых разнастайныя напрамкі мастацкіх традыцыйных і сучасных рамёстваў. Усе «калаўротаўцы» – жыхары нашага раёна, апантаныя прагай да творчасці, улюбёныя ў сваю справу, вельмі працавітыя, таленавітыя людзі. І кола сяброў штогод пашыраецца!

– «Калаўрот» – вельмі змястоўны і ў той жа час шматгранны калектыў, – адзначае кіраўнік аб’яднання Ала Балясава. – А таксама вельмі запатрабаваны!

Сапраўды, майстры актыўна ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах і годна прадстаўляюць Дзяржыншчыну на абласным, рэспубліканскім і міжнародным ўзроўнях. Напрыклад, у бягучым годзе калаўротаўцы тройчы за лета прымалі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Году міра і стварэння, на Кургане Славы, ладзілі адмысловыя выставы на пляцоўках Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі ў Маладзечна, рэспубліканскага спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» у Барысаве, рэспубліканскага фестывалю народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет» у Мінску, фестывалю гістарычных рэканструкцый, культуры і музыкі «Нясвіжская фартэцыя» у Нясвіжы і шэрагу іншых.

Традыцыйна добры плён мае ўдзел нашых таленавітых землякоў і іх юных навучэнцаў у разнастайных творчых конкурсах. У ганаровай калекцыі перамог і дасягненняў ёсць як асабістыя, так і калектыўныя ўзнагароды.

Так, у 2023 годзе Крысціна Быкава, вучаніца Алы Балясавай, заняла першае месца ў міжнародным конкурсе творчасці інвалідаў у рамках «Славянскага базару ў Віцебску»; удзельнікі творчай каманды ад «Калаўроту» сталі пераможцамі рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу «Навагодняя ёлка» і лаўрэатамі рэгіянальнага свята-конкурсу «Велікодная пісанка» у Стоўбцах. І самы свежанькі прыклад: тыдзень таму літаральна стос дыпломаў прывезены з абласнога свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы»!

У Слуцку былі адзначаны і работа творчай дэлегацыі Дзяржынскага раёна па прэзентацыі рэгіянальных відаў рамёстваў, і падрыхтоўка адметных дэфіле ў традыцыйных і стылізаваных народных строях. Асабістыя ўзнагароды атрымалі дарослыя і юныя майстры, удзельнікі конкурсу «Беларуская лялька». Лаўрэатамі сталі Кацярына Казакевіч, Людміла Аўласевіч, Аляксей Каспорскі, Дар’я Казлоўская, Насця Жукоўская, дыпламант Насця Кузняцова.

Кожны поспех ў «Калаўроце» – вынік асабістых намаганняў і агульнай, каманднай працы. Сума талентаў, вопыту і імкнення вучыцца новаму, памножаная на надзейную падтрымку калег, дае выбітны плён.

Кожны чалавек, што працуе ў культуры, скарб! – упэўнена дырэктар Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Лідзія Драчынская. – У творчасці вельмі далікатная механіка: заменных дэталяў – пашукаць, ды не знойдзеш.

Менавіта гарманічнае аб’яднанне асабістых унёскаў у агульную справу дае той вынік, які пасля мы называем святам, адметнай падзеяй, творчым поспехам, урэшце – складнікам культурнай спадчыны, што мы зберагаем, памнажаем і перадаём наступным пакаленням.

Усяму аснова – творчы калектыўнеабыякавых людзей, аб’яднаных прынцыпамі ўзаемапавагі і ўзаемадапамогі. На гэтым і трымаемся. І ў полі, і на мехдварах, і на святочных плошчах вялікіх гарадоў, і на сціплых вясковых пляцоўках гучаць песні; здзіўляюць, уражваюць сваімі вырабамі майстры; у творчай плыні знаходзяць сябе і атрымліваюць навучанне і дзеці, і дарослыя. І як прыемна, што наша жыццё асвятляюць яркія, цёплыя, рознакаляровыя промні талентаў! 

Са святам, дарагія калегі, сябры, усе працаўнікі і ветэраны сферы культуры, прафесіяналы і аматары творчых шляхоў! Няхай радасцю поўняцца дні і моцнымі будуць крылы натхнення!

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59