Пачатак гісторыі малой радзімы. Творчасць пад прымусам
Захоплены стваральнай працай, звязанай з выданнем чарговай кнігі, Францыск Скарына паглыбіўся ў творчую атмасферу. Паступова непрыемная размова, якая напярэдадні адбылася з Альбрэхтам Гаштольдам, пачала адыходзіць на другі план. Старонка за старонкай новае выданне, якое па задуме атрымала назву «Апостал», прыбаўляла ў аб’ёме. Усё гэта радавала выдаўца кнігі, але трывога раз-пораз наведвала яго сэрца. І гэтыя пачуцці не былі дарэмнымі.
Бяда не прыходзіць адна
Усё пачалося з таго, што падчас паездкі па гандлёвых справах у Маскву, па дарозе быў абрабаваны галоўны фундатар друкарні Багдан Онкаў. Застаўшыся без тавараў, ён трапіў у цяжкае фінансавае становішча і яго сродкаў ужо было недастаткова, каб аказваць грашовую дапамогу друкарні. Амаль у той жа час раптоўна не стала Якуба Бабіча, у доме якога працавалі Скарына і яго бліжэйшыя аднадумцы па выдавецкай справе. Майстэрню часова ўзяў пад сваю апеку Юрый Адвернік, але і той без прычыны заўчасна пайшоў з жыцця. Каб выправіць становішча Францыск Скарына ўзяў шлюб з удавой Адверніка Маргарытай. Аднак неўзабаве высветлілася, што за яе былым мужам мелася значная запазычанасць і яго крэдыторы выставілі рахунак на вялікую суму грошай.
Трапіўшы ў бязвыхаднае становішча, Скарына спадзяваўся самастойна выставіць на продаж свае кнігі, але яны не карысталіся попытам, бо вакол аўтара і выдаўца пачалі распаўсюджвацца нядобрыя чуткі, да якіх мелі дачыненне святары як каталіцкай, так і праваслаўнай царквы. Бліжэйшыя памочнікі друкара, застаўшыся без сродкаў да існавання, таксама пачалі выказваць незадаволенасць. Становішча працягвала пагаршацца, а выйсце з яго нават і не праглядалася.
У момант адчаю Францыск Скарына прыгадаў свой гравюрны партрэт, які быў змешчаны ў першым выданні «Бібліі». Тады побач з выявай быў змешчаны знак «Маладзіковае сонца». Па павер’і, ён прадвяшчаў нядобрыя перамены ў будучым.
Магчыма, Скарына прадчуваў, што яго новы занятак не прынясе яму ні прызнання, ні жыццёвых даброт, але вырашыў паспрачацца з лёсам і ісці да канца ў сваіх намерах
Безумоўна, чараду праблем, якая ўзнікла, можна было б лічыць збегам абставін, але калі яны ішлі ўслед адна за другой, то сама сабой напрошвалася выснова, што без умяшання старонніх сіл тут не абышлося. І зноў у думках Скарына пачаў прыгадваць сустрэчу з віленскім ваяводам і вялікім канцлерам. Калі сітуацыя па-сапраўднаму стала крытычнай, Альбрэхт Гаштольд без папярэджання зноў з’явіўся ў выдавецкай майстэрні.
Перапісаная гісторыя
На гэты раз размова набыла зусім іншы характар. Убачыўшы разгубленасць і прыгнечанасць друкара, віленскі гаспадар у жорсткай і ўльтыматыўнай форме запатрабаваў ад Скарыны пайсці на патаемную змову. Яна прадугледжвала падробку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, каб замацаваць за родам Гаштольдаў легенду пра старажытнасць, а галоўнае – пра знатнасць іх паходжання, а наўзамен прапанаваў вырашыць усе яго фінансавыя праблемы.
На той час фальсіфікацыя гістарычных дакументаў не мела прынцыповага характару, магчыма таму Францыск Скарына вымушаны быў пайсці на такі крок. Для яго, двойчы доктара навук, эрудыта і майстра славеснасці, такая справа не ўяўляла асаблівай цяжкасці. Таму, пазнаёміўшыся са старонкамі зводу летапісу, які раней належаў князям Алелькавічам-Слуцкім, ён прапанаваў стварыць на яго аснове новы варыянт гісторыі роду Гаштольдаў, а калі спатрэбіцца, у ходзе рабіць карэктывы і ў сам арыгінал.
Так з’явілася яшчэ адна версія белетрыстычнай гісторыі паходжання роду Гаштольдаў. Яна стала часткай рукапіснага твора Скарыны, вядомага пад назвай «Замест хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага»
Поўнасцю яго змест не дайшоў да нашага часу, але фрагменты, якія часткова захаваліся, даюць уяўленне, што і на гэтай ніве дзейнасці вялікі асветнік і літаратар праявіў свае лепшыя здольнасці. І тут варта адзначыць, што ён хоць і працаваў над «Хронікай…» не па свайму жаданню, але выканаў работу так прафесійна і дасканала, што працяглы час гісторыкі ўспрымалі яе ў якасці арыгінальнага твора.
Выдатны знаўца антычнай гісторыі Францыск Скарына ведаў, што Палемон сапраўды існаваў як гістарычная асоба. У Рымскую эпоху ён быў царом эліністычнай дзяржавы Понт на Чорным моры. Прыкладна ў 63 годзе нашай эры гэтыя месцы падпарадкаваў сваёй уладзе рымскі імператар Нерон. Каб пазбегнуць палону, Палемон разам са сваёй світай знайшоў прытулак у суседзяў, але ён ніколі не меў намераў шукаць паратунак на берагах Нёмана і Балтыкі. Ведаючы пра гэты факт, Скарына, тым не менш, пачаў свой гістарычны аповед менавіта з таго моманту, калі ўцекачы з Понта абаснаваліся на тым месцы, дзе на беразе ракі Нёман некалі існаваў старажытны горад Велена.
А далей узнікае легенда пра Скірмунта, які нібыта з’ўляўся нашчадкам Палемона. Па сюжэце «Хронікі…» сярод яго бліжэйшых памагатых выдзяляўся баярын Крумпль, якому за бездакорную службу былі падараваны землі на Ашмяншчыне. Менавіта ад яго і пачалося генеалагічнае дрэва Гаштольдаў. А далей Крумплю прыпісвалася заснаванне Наваградка і Гародні. Дарэчы, па гэтай версіі і іншыя знакамітыя беларуска-літоўскія магнацкія роды выкарысталі прозвішча легендарнага Скірмунта, каб забяспечыць сабе знатнасць і старажытнасць паходжання.
Галоўнае месца на старонках Скарынавай «Хронікі…» адводзілася ўзвышэнню асобы самога Альбрэхта Гаштольда
Сапраўды гэты чалавек меў дастаткова вялікі паслужны спіс пасад, атрыманых ад каралеўскай улады. Але на вяршыні славы ён апынуўся, калі ў 1522 годзе быў прызначаны ваяводам віленскім і вялікім канцлерам літоўскім. І гэта імклівае ўзвышэнне па службовай лесвіцы атрымала дастаткова падрабязнае апісанне ў летапісных легендах, створаных Францыскам Скарынай. З яго вынікала, што сам Альбрэхт Гаштольд мог лічыць сябе больш знатным па паходжанні, чым нават нашчадкі Міндоўга – першага вялікага князя ВКЛ.
Перапісваючы пад дыктоўку свайго апекуна яго радаслоўную, Скарына звязаў некаторыя гістарычныя падзеі і міфалагічныя імёны з месцамі, якія знаходзіліся ва ўласнасці магната. Такая роля была адведзена і Койданаву, дзе нібыта былі разбіты мангола-татарскія войскі
Праз год ён поўнасцю выканаў заказ Гаштольда, задаволіўшы ўсе яго амбіцыйныя, але часам недарэчныя пажаданні. А той, у свой час, спраўна ахвяраваў грошы пад патрэбы майстра і яго памочнікаў.
У біяграфічных даведніках можна сустрэць звесткі, што Альбрэхт Гаштольд пэўны час апекаваў і быў спонсарам Францыска Скарыны. На самай жа справе прычына такіх узаемаадносін была зусім іншая. Канцлер ВКЛ хаця і адносіўся да самых багатых магнатаў беларуска-літоўскага грамадства, але яго прагнасць і хцівасць да грошай не мела межаў, а таму па добрай волі ён нікому ніколі не аказваў ніякай фінансавай дапамогі. Вось чаму, атрымаўшы запаветныя старонкі рукапісу і разлічыўшыся са Скарынам, Гаштольд больш ні ў чым не спрыяў свайму саўдзельніку па патаемнай змове. Потым іх адносіны набылі непрыязны і абмежаваны характар.
Койданаўскі замак
Гаштольд ведаў, што абавязковай умовай для набыцця тытула яму неабходна было мець у маёмасці замак. Для гэтай мэты з усіх сваіх шматлікіх маёнткаў ён выбраў Койданаў, які на той час пачаў набываць становішча цэнтра мясцовасці. Прыгажосць тутэйшых мясцін і пагоркавыя краявіды таксама садзейнічалі такім задумам.
Ужо тады гэты ўладарны чалавек меў намер зрабіць паселішча сваёй новай рэзідэнцыяй. У гэтай сувязі ён нават зрабіў спробу змяніць яго назву з Койданава на Гаштольдава
Узвядзенне новага будынка таксама вялося з размахам, каб адпавядаць сацыяльнаму становішчу гаспадара. Узвысіўшыся на пагорку, якраз насупраць касцёла Святой Ганны, заснаванага першым уладальнікам Койданаўшчыны Міхаілам Жыгімонтавічам (Міхайлушкай), ён сапраўды вызначаўся ўнушальнымі памерамі і дасканаласцю формаў, а яго канструкцыя больш нагадвала палац, чым абарончае збудаванне. Да таго ж, гэты комплекс, створаны ў лепшых традыцыях рускага дойлідства, быў зроблены з дрэва, што па заходнееўрапейскіх стандартах лічылася ненадзейным матэрыялам, а таму койданаўскі праект быў забракаваны.
Кінуўшы яго як каштоўную, але не зусім прыдатную цацку, Гаштольд спешна змяніў свой план і разгарнуў будаўніцтва каменнага замка ў Геранёнах (зараз Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці).

Мясцовасць там была нізінная, а таму сярод імшыстых аблогаў з’явіўся звычайны кастэль – тып абарончага збудавання, які атрымаў распаўсюджанне на беларуска-літоўскіх землях з часоў крыжацкіх набегаў. Ён меў форму замкнёнага прамавугольніка з метровымі па таўшчыні сценамі і вежамі па вуглах. Вакол іх была створана сістэма фартыфікацыйных умацаванняў, а пасярэдзіне меўся ўнутраны двор з жылымі карпусамі дамоў, храмам і гаспадарчымі прыбудовамі. Такі праект нарэшце атрымаў згоду.
У 1529 годзе Альбрэхт Гаштольд наведаў Ватыкан, дзе сустрэўся з папам Кліментам VII. Іх размова завяршылася прызнаннем заслуг рода Гаштольдаў і атрыманнем благаслаўлення на тытул графа. Праз год, прыхапіўшы дзве ладныя скураныя торбы з залатымі манетамі, шчаслівы кандыдат на тытулаванне з’явіўся ў рэзідэнцыі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V Габсбурга.
Дадому Альбрэхт Гаштольд вяртаўся ўжо з тытулам «граф на Мураваных Геранёнах»
(Працяг будзе)
Віктар УРАНАЎ
Рекомендуем