Чым вядома вёска Баравікі на ўскраіне Дзяржынскага раёна
На Дзяржыншчыне шмат вёсак. Але гэтая — самая спеўная. Звонкая песня лунае над радзімай народнага ансамбля “Баравічанка”. Жывуць тут і мясцовыя паэты ды пісьменнікі. Іх напеўныя вершы таксама пакладзены на музыку. А якія танцы ладзяць на вясковых святах жыхары Баравікоў! Адным словам, сустракайце: для вас гучыць баравікоўская мелодыя.
Першакрыніцы тапоніма
Вёска Баравікі стаіць ля шашы Негарэлае — Самахвалавічы, за 25 кіламетраў ад Дзяржынска. Карані яе гістарычнага мінулага глыбокія, яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Пры панаванні князя Дамініка Радзівіла ў вёсцы было ўсяго 7 двароў. У першай палове ХІХ стагоддзя яна перайшла да аднаго з заможных памешчыкаў Расійскай імперыі князя Льва Вітгенштэйна. А вось у 1867 годзе землі ўжо належалі шляхціцу Баравіку. Гэтую гісторыю, што называецца, з першых вуснаў распавяла мясцовая жыхарка, бібліятэкар Баравікоўскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Маргарыта Трэшчанка.
— Тут некалі жыў мой прадзед Казімір Людвігавіч Баравік. Так-так, дакладна, Баравік, — пераканаўча ківае галавой Маргарыта Генадзьеўна, бачачы маё здзіўленне. — Але назва вёскі звязана з прозвішчам не жыхароў, а ўладальніка зямель. Яны раней пуставалі, а потым шляхціц Баравік прыгледзеў іх сабе. Пабудаваў тут маёнтак, пасадзіў сад. Толькі апрацоўваць вялікія плошчы не было каму. Вось ён і пачаў людзей сюды склікаць на дапамогу, а за гэта надзелы ім даваў. Паселішча расло, людзей станавілася ўсё больш. І калі хтосьці цікавіўся назвай населенага пункта, яму адказвалі: “А, гэта ж Баравікі! Там работнікі Баравіка жывуць”.
Такая легенда перадаецца ў сям’і Маргарыты Генадзьеўны з пакалення ў пакаленне.
— А ці растуць у вас грыбы баравікі?
— Не растуць, — упэўнена адказваюць жыхары. — Нават лесу ніколі тут не было.
Музычныя традыцыі сям’і Нядзведзкіх
Баравікоўская зменлівасць лёсу засталася ў мінулым. Сёння ў вёсцы іншы ўклад жыцця, спакойны, размераны. Новыя таленты падрастаюць тут, быццам тыя грыбы пасля дажджу. Так, на базе Баравікоўскага Дома культуры з’явіўся сямейны ансамбль Нядзведзкіх.
Ала Нядзведзкая, якую аднавяскоўцы называюць носьбітам беларускай гісторыі і культуры, сама піша песні, выконвае іх, перадае сваім дзецям і ўнукам. Такая вось музычная баравікоўская спадчына. А пачынала Ала Мікалаеўна ў народным ансамблі “Баравічанка”. Хутка зразумела, што ўласная сям’я — найлепшыя кампазітары, акампаніятары і артысты. Так спачатку на баравікоўскую сцэну, а потым і на раённую выйшаў ансамбль “Радзіначка”.
— Сям’я Нядзведзкіх — гэта гонар Баравікоў, самая спеўная сям’я ў вёсцы! Спяваюць там усе: і Ала Мікалаеўна, і яе дачка і сын, і ўнукі, і праўнучка, — адзначаюць мясцовыя жыхары.
Ала Нядзведзкая любіць гатаваць, займаецца выпечкай. Яе сын Аляксандр — мастак, атрымаў адпаведную адукацыю. Ён таксама піша вершы, “Баравічанка” паклала іх на музыку.
“На самай справе некаторыя з Нядзведзкіх жывуць у вёсачцы Курганне, якая мяжуе з Баравікамі. Дамы дзвюх вёсак стаяць блізенька адзін каля аднаго. Непаінфармаваны візіцёр можа і не зразумець, дзе праходзіць гэтая мяжа. Таму мы лічым, што жыхары Кургання адначасова і баравікоўскія. Мяжа паміж намі існуе толькі на геаграфічнай карце”
Лічбы і кнігі Маргарыты Трэшчанка
Багатыя Баравікі на творчых і таленавітых людзей, на слаўную гісторыю. Можна нават кнігу пісаць. І каму, як не мясцоваму бібліятэкару, былому дырэктару і настаўніку Баравікоўскай школы Маргарыце Трэшчанка.
— Дом, у якім мы жылі разам з сям’ёй, пабудаваў калісьці мой прадзед Казімір Людвігавіч. Хата тая стаяла на самай старой вуліцы вёскі. Там праходзіла маё маленства. 9 класаў я скончыла ў Баравікоўскай школе, яна тады яшчэ базавай лічылася. Таму сярэднюю школу наведвала ўжо ў Самахвалавічах. Потым пачалася студэнцкая пара, атрымала педагагічную адукацыю. Тры гады адпрацавала па размеркаванню ў Пухавіцкім раёне, — прыгадвае знакавыя моманты аўтабіяграфіі Маргарыта Генадзьеўна.
30 год яна працавала настаўнікам матэматыкі ў мясцовай школе, 10 год выконвала абавязкі завуча, а потым і дырэктара ўстановы адукацыі.
— Па стану здароўя пакінула працу ў школе, прыйшла ў бібліятэку. І ніколі аб гэтым не пашкадавала. Баравікоўскую бібліятэку адкрылі дзесьці ў 80-х гадах. Размяшчалася яна спачатку ў старым будынку клуба, а ў 1988 годзе пераехала сюды. На працягу 42 гадоў працавала з вясковымі чытачамі Тамара Яскевіч, пакуль не пайшла на заслужаны адпачынак.
Маргарыта Генадзьеўна адзначыла, што фонды ў бібліятэцы вялікія, чытачы актыўна імі карыстаюцца.
Не свята, а песня!
Ліюцца напевы па наваколлі, бягуць па белым аркушы радкі вершаў, не паспяваюць зачыняцца дзверы мясцовай бібліятэкі і Дома культуры. Дзеля чаго вяскоўцы столькі ўвагі ўдзяляюць творчасці? Душа просіць! Беларускія святы спраўляць, традыцыі і гісторыю захоўваць, багаты вопыт маладому пакаленню перадаваць. Таму ўсе традыцыйныя вясковыя мерапрыемствы вабяць нацыянальнай аўтэнтычнасцю. Гэта і Каляды, і Купалле, і Масленіца, і Вялікдзень…
Асобнае месца ў жыцці жыхароў Баравкіоў займаюць “Зажынкі” і “Дажынкі”. Тым больш што вёска з’яўляецца цэнтрам філіяла ААТ “Праўда-Агра”.
— “Зажынкі” мы заўсёды спраўляем па мясцоваму абраду. Гэтым летам да нас нават завіталі журналісты з тэлепраграмы “Наперад у мінулае”, каб усё гэта зняць. Сакрэтамі традыцыйнага беларускага святкавання падзялілася з намі Ала Нядзведзкая, — патлумачыла загадчык аддзела культуры і вольнага часу Баравікоўскага Дома культуры Марыя Рагоза. — Ёсць такі старадаўні абрад, звязаны з пачаткам жніва.
На “Зажынкі” першы сноп абавязкова павінна была зжаць пажылая жанчына сярпом. Астатнія кабеты ў гэты час спявалі зажыначныя песні.
Пасля яны вязалі вялікі сноп, упрыгожвалі яго палявымі кветкамі, стужкамі. Потым выходзіла гаспадыня з хлебам на беларускім нацыянальным ручніку. Бохан урачыста ставілі на сноп, спявалі песні, вадзілі вакол яго карагоды. Урэшце сноп неслі ў хату і пакідалі на покуці, дзе ён стаяў ажно да наступнага ўраджаю. А саломай са снапа добра было карміць скаціну. Існавала павер’е, што тады яна не будзе хварэць.
Заўважце, усе святы, мясцовыя абрады ў Баравіках абавязкова пад любімыя напевы. Не дзіўна. Тут песня людзей аб’яднала.